Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ірану: “Мы ня тая краіна, зь якой можна лёгка жартаваць”


Беларуска-іранскія дачыненьні не зазнаюць зьменаў, нават калі Расея далучыцца да міжнародных санкцыяў супраць Тэгерану. Такое меркаваньне выказаў сёньня амбасадар Ірану ў Беларусі Сэед Абдала Хасэйні. Ён таксама паведаміў, што летам Махмуд Ахмадзінэджад і Аляксандар Лукашэнка сустрэнуцца ў Іране, а Тэгеран гатовы дапамагаць Беларусі ў атамнай энэргетыцы.


Міністэрства замежных спраў Расеі дае зразумець, што Масква гатовая далучыцца да новых санкцыяў супраць Тэгерану. Аднак у МЗС Расеі і Беларусі існуе пагадненьне пра каардынацыю дзеяньняў на міжнароднай арэне. Зьвяртаючы ўвагу на гэтыя абставіны, я запытаў у амбасадара Хасэйні: ці адаб’ецца канфлікт з Тэгеранам на іранска-беларускіх дачыненьнях?

Амбасадар лічыць, што такога не адбудзецца:

«Мы спадзяемся, што гэта ніяк не адаб’ецца. Хаця мы ведаем і пра тое, што Расея і Беларусь — вельмі блізкія партнэры. Але ж Беларусь разам з тым і адзіная эўрапейская краіна, якая знаходзіцца ў Руху недалучэньня. Да таго ж Масква мае яшчэ і пэўныя ўмовы для ўжываньня санкцыяў і ня кажа, што яна ўжо канчаткова вырашыла да іх далучыцца.

Іран — не апошняя краіна ў сьвеце. Мы знаходзімся ў цэнтры Блізкага Ўсходу. І тое, што адбываецца ў гэтым рэгіёне, у значнай меры залежыць ад Ірану. Іран — ня тая краіна, зь якой можна лёгка жартаваць. Яна моцна адрозьніваецца ад Іраку і Аўганістану».

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што афіцыйны Менск у сваіх сувязях з Тэгеранам асабліва ня будзе азірацца на Маскву:

«Я ня думаю, што расейскія ўлады будуць моцна заахвочваць сваіх беларускіх партнэраў далучыцца да магчымых санкцыяў супраць Ірану. Супрацоўніцтва ў зьнешнепалітычнай галіне паміж МЗС Беларусі і Расеі мае больш ідэалягічную абгрунтаванасьць і тычыцца больш эўрапейскіх спраў, чым глябальных пытаньняў.

Мне падаецца, што беларускія ўлады вельмі зацікаўленыя ў далейшым разьвіцьці стасункаў з Іранам. І ня думаю, каб яны паўнавартасна імкнуліся далучыцца да санкцыяў. Тым больш, што мы памятаем, як гэта было з Іракам за часамі Садама Хусэйна. Тады так ці інакш праходзіла інфармацыя пра ўзаемадзеяньне пэўных прадстаўнікоў, зьвязаных зь беларускімі ўладамі, і прадстаўнікамі ірацкіх уладаў».

Дарэчы, учора Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Махмуда Ахмадзінэджада з Днём ісьлямскай рэвалюцыі. Ён падкрэсьліў, што беларуска-іранскія сувязі ва ўсіх галінах пашыраюцца.

А ўжо сёлета ўлетку Ахмадзінэджад і Лукашэнка зьбіраюцца чарговым разам сустрэцца. Амбасадар Хасэйні сказаў, што візыт кіраўніка Беларусі плянуецца прымеркаваць да пачатку прамысловай здабычы нафты на радовішчы Джафэйр, якое Беларусь і Іран распрацоўваюць сумесна. І гэта можа адбыцца на працягу наступных пяці месяцаў, — сказаў іранскі дыплямат.

Адказваючы яшчэ на адно пытаньне «Свабоды», амбасадар Ірану сказаў, што Тэгеран гатовы дапамагчы Беларусі, якая зьбіраецца будаваць атамную электрастанцыю. «Але для гэтага спачатку павінен быць адпаведны зварот беларускіх уладаў», — падкрэсьліў амбасадар Хасэйні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG