Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба было пахаваць нябожчыка, а дарога на пагост нячышчаная”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 11 лютага.


Слухачы гавораць пра канфлікт вакол не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў.

10 лютага ў Горадні адбылася акцыя салідарнасьці з івянецкімі актывістамі гэтай арганізацыі. Івянецкая арганізацыя дагэтуль не падпарадкоўваецца праўладнаму Саюзу палякаў, якім кіруе Станіслаў Сямашка. Яна па-ранейшаму падтрымлівае апальную Анжаліку Борыс, якая ўзначальвае Саюз палякаў, што дзейнічае ў напаўлегальных умовах.

Акцыя салідарнасьці адбылася ў 70-ю гадавіну пачатку гвалтоўнай дэпартацыі палякаў з тэрыторыі Беларусі, якую праводзіў сталінскі рэжым.

Спадар: “Пане, грамадзяне Беларусі па нацыянальнасьці палякі — але гэта не дае права перасьледаваць іх рознымі мэтадамі, таму што яны, палякі, мімаволі сталіся грамадзянамі гэтай Беларусі. Палякаў што, у Беларусі можна перасьледаваць, таму што яны грамадзяне Беларусі?! Як раней было з габрэямі?”

Курневіч, Барысаў: “Чуў пра Саюз палякаў. Бальшавікі высылалі ў ГУЛАГ і палякаў, а чаму? Таму што тыя не давалі камуністам падмогі ніякай у тым, каб чырвоны колер увесь сьвет зафарбаваў, абы Сталін і палякамі кіраваў. Палякі хацелі жыць вольна, а сталіністы з гэтай зьявай былі нязгодныя. Для іх галоўная фактура — гэта дыктатура”.

Працягнем праграму тэлефанаваньнямі на тэму выбараў у мясцовыя саветы. Выбары прызначаныя на 25 красавіка 2010 году. А 14 лютага пачнецца вылучэньне кандыдатаў на дэпутатаў.

Віктар: “Патлумачце, калі ласка, навошта патрэбны дэпутат у мясцовым савеце ў горадзе і ў сельскай мясцовасьці — гэта значыць сельсавет, райсавет, аблсавет? І чым менавіта яны займаюцца? Навошта яны патрэбныя, калі ўсё вырашае вэртыкаль прэзыдэнта, гэта значыць адміністрацыя сельсавету, райсавету і г.д.? А жыхары зусім ня ведаюць, навошта яны патрэбныя, чым займаюцца і што вырашаюць. І саміх дэпутатаў яны ня ведаюць”.

Слухачу адказвае намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. У 2003—2007 гадах Губарэвіч быў дэпутатам гарадзкога савету ў Белаазёрску.

“Фармальна слухач мае рацыю. Сёньняшняе заканадаўства вельмі моцна абмяжоўвае паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў. І тут ужо адказ на другую частку пытаньня: ці ведаюць людзі дэпутатаў? Тут усё залежыць ад дзейнасьці канкрэтнай асобы. Калі чалавек абіраецца туды дзеля птушачкі, на патрабаваньне мясцовай улады, — натуральна, так ён будзе і працаваць гэтыя 4 гады. Калі чалавек ведае праблемы мясцовасьці, жыве імі і хоча дапамагчы сваім суседзям, ён будзе змагацца за вырашэньне гэтых праблемаў. Ён будзе ўздымаць вострыя для ўлады пытаньні. І дэпутацкі статус тут вельмі добрая дапамога, каб справа рухалася зь мёртвай кропкі”.

У працяг тэмы. Наш слухач дзеліцца назіраньнямі, як працуюць мясцовыя ўлады.

Спадар, Копысь, Аршанскі р-н: “Я жыхар мястэчка Копысь Аршанскага раёну, гэта малая радзіма прэзыдэнта. Мясцовыя ўлады тут вельмі цынічныя. На тым тыдні трэба было пахаваць нябожчыка, дык, ведаеце, дарога на пагост нячышчаная, немагчыма было нават давезьці нябожчыка. Улада на патрабаваньне пачысьціць дарогу да кладзішча кажа: у нас няма ні літра саляркі, купляй — мы пачысьцім. І вось тут напярэдадні выбараў у мяне такое цікавае пытаньне. Мястэчку Копысь дадзена Магдэбурскае права, і гэтае права ўжо ніколі не забярэш. Як зьвязаць гэтыя мясцовыя нашы ўлады з Магдэбурскім правам?”

Дзейнае беларускае заканадаўства пра мясцовыя саветы параўноўвае з Магдэбурскім правам старшыня праўленьня асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслаў Кобаса.

“Было больш вольнасьцяў, больш канкрэтных правоў. Тое, што ў нас называецца мясцовым самакіраваньнем, — гэта ўсё адно дзяржаўнае кіраваньне. Паводле закону, у нас мясцовыя саветы — гэта дзяржаўныя органы, выканаўчыя камітэты — гэта таксама дзяржаўныя органы. Таму аналёгію вельмі цяжка правесьці. У Магдэбурскім праве было дадзена болей вольнасьцяў і свабодаў для розных цэхаў. Былі падаткі, якія сплачвалі. Але былі і прывілеі на падаткі, якія сплачваліся наверх. Асноўныя праблемы вырашаліся на месцы. А зараз у нас усё вырашаецца наверсе. І вельмі мала свабодаў унізе”.

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG