Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Краўцэвіч: “Тут няма жаданьня панізіць менавіта палякаў”


Улады не жадаюць рэгістраваць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Днямі міліцыя заняла Дом польскі ў Івянцы — адзін з трох, дзе працягвалі падтрымліваць паплечнікаў Борыс. Учора яе прыхільнікі правялі акцыю пратэсту каля Дома польскага ў Горадні, у якім знаходзіцца сядзіба праўладнага Саюзу палякаў на чале са Станіславам Сямашкам. Што думаюць пра сёньняшні канфлікт вакол двух саюзаў палякаў вядомыя на Гарадзеншчыне людзі?

Доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч мае сталыя сувязі з польскімі калегамі. Ён таксама сочыць за падзеямі, якія зьвязаныя з саюзамі палякаў на чале са Станіславам Сямашкам і Анжалікай Борыс.

Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч:
“Сытуацыя з канфліктам у Саюзе палякаў, з падзелам яго на дзьве часткі, — зьвязаная з характарам беларускай улады і зь яе вялікай абмежаванасьцю. Тут няма канфлікту нацыянальнага, няма жаданьня панізіць менавіта палякаў. Тут ёсьць жаданьне аўтарытарнай улады трымаць усё пад сваім кантролем, каб усе яе баяліся, каб усе яе слухаліся, рабілі тое, што яна хоча. Вось калі гэтая ўлада захацела, каб на чале самай вялікай грамадзкай арганізацыі краіны — Саюзу палякаў стала асоба, адданая лукашэнкаўскай уладзе, яна гэтага спрабавала дамагчыся ўсімі праўдамі і няпраўдамі”.

Алесь Краўцэвіч падсумоўвае:

“Гэтая ўлада ня можа дапускаць свабоднага выбару людзей нідзе — ні ў грамадзкай арганізацыі, ні ў палітычнай уладзе, ні ў мясцовым самакіраваньні, ні ў выбарах парлямэнту ці прэзыдэнта. І абмежаванасьць улады заключаецца ў тым, што гэта прывяло да канфлікту з магутным суседам, да палітычнага міжнароднага канфлікту, каторы не патрэбны абсалютна нікому — ні Польшчы, ні Беларусі, ні, па вялікім рахунку, самой уладзе. Гэта чыстай вады дурасьць, гэта абмежаванасьць улады, якая хоча трымаць “за морду” ўсіх”.

У Лідзе вельмі моцны польскі асяродак. Лідзкі пісьменьнік і выдавец Станіслаў Суднік мае такое меркаваньне адносна канфлікту вакол двух саюзаў палякаў:

Станіслаў Суднік
“Беларускія палякі нічым ня лепшыя за беларусаў, там у іх таксама часта робіцца не па здаровым сэнсе, а на эмоцыях. Можна было б усе гэтыя пытаньні вырашыць і ў больш спакойным рэжыме. Брацца ў рожкі з кожнай нагоды? Няхай бы браліся з уладай, дык яны ваююць паміж сабой”.

Гарадзенскі журналіст Уладзімір Хільмановіч не абыякавы да канфліктнай сытуацыі ў польскім руху, якая абвастрылася апошнім часам:

У нашай краіне перасьледуюцца ня толькі нацыянальныя меншасьці, што мы бачым сёньня, але карэнная нацыя — беларусы ...
“Калі быць дакладным, то нельга весьці гутарку пра два “зьвёнзкі палякаў” у Беларусі. Ён першапачаткова быў адзіны, гэта была грамадзкая арганізацыя. А што ўтварыўся другі, праўладны, — дык ён мае толькі фармальныя прыкметы недзяржаўнай арганізацыі. Па сутнасьці, гэтая арганізацыя створана зьверху, дзяржавай, для расколу польскага дэмакратычнага руху. У нашай краіне перасьледуюцца ня толькі нацыянальныя меншасьці, што мы бачым сёньня, але карэнная нацыя — беларусы. У нашай вобласьці працягваецца палітыка татальнай русыфікацыі, саветызацыі, усё гэта згодна з той палітыкай, якая праводзіцца апошнія пятнаццаць гадоў. Можна толькі зьдзіўляцца ўпартасьці ўладаў, зь якой яны праводзяць тупіковую палітыку, нягледзячы на тое, што сытуацыя ў сьвеце мяняецца, і што датычыць ізаляцыі Беларусі — таксама”.
XS
SM
MD
LG