Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіўся разглядаць пазоў сям’і Лапіцкіх да гарвыканкаму Жодзіна


Ян Лапіцкі

Ян Лапіцкі

Судзьдзя жодзінскага суду Тацьцяна Трацюк адмовілася прыняць да разгляду пазоў Сьвятланы і Аляксея Лапіцкіх да гарадзкога выканаўчага камітэту Жодзіна.


Лапіцкія спрабавалі абскардзіць рашэньне гарвыканкаму, які ў жніўні 2009 году закрыў адзіную беларускамоўную клясу ў гімназіі №1, дзе навучаўся іх сын Янка. З гэтай прычыны 14-гадовы Янка Лапіцкі ў гэтым навучальным годзе вымушаны займацца самастойна ў хатніх умовах. Судзьдзя Тацяна Трацюк заявіла, што мінуў тэрмін даўніны на абскарджваньне рашэньня гарадзкіх уладаў, але Лапіцкія дакумэнтальна засьведчылі, што ў выніку стрэсаў і захворваньняў, а таксама паходаў па іншых інстанцыях ня здолелі зьвярнуцца ў суд раней. Тым ня менш было вынесена рашэньне адмовіць у разглядзе пазову.

Сьвятлана і Аляксей Лапіцкія намераныя абскардзіць сёньняшняе рашэньне гарадзкога суда Жодзіна ў Менскім абласным судзе. Яны таксама зьвярнуліся ў Гэнэральную пракурату і да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з заявай аб бязьдзейнасьці мясцовых уладаў, якія не забясьпечылі ўмовы для навучаньня іх сына.

Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія змагаюцца за беларускамоўнае навучаньне свайго сына Янкі ад моманту ягонага паступленьня ў гімназію №1 у 2002 годзе. Адміністрацыя школы і гарадзкія ўлады адмаўляліся адкрываць клясу зь беларускай мова навучаньня, нібыта, зь меркаваньня эканоміі сродкаў. Пасьля страйку і навучаньня дома ў 2004 годзе юрыдычныя магчымасьці для беларускамоўнага навучаньня былі створаныя, але не выконваліся практычна. А ў сёлетнім навучальным годзе гарвыканкам Жодзіна скасаваў і юрыдычныя ўмовы для беларускамоўнай адукацыі, скасаваўшы адзіную беларускамоўную клясу ў гімназіі №1. Сьвятлана і Аляксей Лапіцкія мяркуюць, што гэта зьвязана з іх палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю: яны зьяўляюцца актывістамі партыі БНФ, праваабарончага цэнтру “Вясна” і неаднойчы бралі ўдзел у выбарах розных узроўняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG