Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі лічаць, што з галоўным беларускім лыжнікам нічога ня здарылася


“Кароткатэрміновы”, паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, візыт беларускага кіраўніка ў Швайцарыю цягнецца ўжо ня менш як 10 дзён, аднак увесь гэты час знаходжаньне ў Швайцарскай Канфэдэрацыі першай асобы беларускай дзяржавы трымаецца ў надзвычайным сакрэце.


Прычым ня толькі заяўленыя прэсавым сакратаром прэзыдэнта Паўлам Лёгкім “канфідэнцыйныя сустрэчы”, але і паралельныя зь імі перамовы са швайцарскімі палітыкамі і бізнэсоўцамі ў так званым “адкрытым фармаце”. Засакрэчаным таксама застаецца і адпачынак, які беларускі лідэр зьбіраўся “сумясьціць зь дзелавой часткай”.

Некаторыя дэталі ўдалося высьветліць у колах швайцарскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія паводле характару сваёй дзейнасьці зьвязаныя зь беларускай тэматыкай. Як відаць, Лукашэнка сапраўды праводзіць адпачынак у альпійскай курортнай мясцовасьці на ўсходзе краіны. Надвор’е тут някепскае. Час ад часу, праўда, здараюцца сьнежныя заносы. Таму нямала швайцарцаў адмянілі заплянаваныя раней паездкі на ўлюбёныя альпійскія курорты.

Так зрабіла днямі і цяперашняя старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы і МЗС Швайцарскай Канфэдэрацыі Мішлін Кальмі Рэ.

Паводле вядомага швайцарскага палітыка і сябра ПАРЭ Андрэаса Гроса, плянавалася, што яна скарыстае факт знаходжаньня беларускага кіраўніка ў Канфэдэрацыі і наведае яго падчас швайцарскіх канікулаў, каб паспрабаваць пераканаць у патрэбе адмены сьмяротнага пакараньня і паскарэньня працэсу набліжэньня да Эўропы.
з прычынаў надвор’я сустрэча не адбылася ...

Але з прычынаў надвор’я сустрэча не адбылася. Замест гэтага спадарыня Кальмі Рэй правяла сустрэчу ў Мюнхэне з кіраўніком беларускай дыпляматыі, але “Беларусь прадэманстравала сваю негатовасьць у згаданым пытаньні”.

За Мішлін Кальмі Рэ швайцарцы ў зьвязку зь нестабільным надвор’ем у гарах не хвалююцца. Як паведамляюць афіцыйныя СМІ краіны, яна цяпер паехала зь візытам у Конга. А што рабіць беларусам?

Швайцарскія палітыкі і грамадзкія дзеячы супакойваюць: “Нічога з такім выдатным лыжнікам на нашых курортах здарыцца не павінна”.

Што да абсалютнага маўчаньня мясцовых СМІ, то яно, па-першае, сьведчыць пра засакрэчанасьць гэтага адпачынку і адпаведныя захады бясьпекі. Па-другое — пра адсутнасьць цікавасьці да гэтай тэмы, асабліва на фоне скандалаў вакол выцеку інфармацыі пра ўклады замежных кліентаў швайцарскіх банкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG