Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Маладога фронту Іван Стасюк атрымаў папярэджаньне Берасьцейскай абласной пракуратуры аб крымінальнай адказнасьці паводле артыкула 193-1 (удзел у незарэгістраванай арганізацыі).

Пра гэта паведаміла прэс-служба Маладога фронту. У моладзевай арганізацыі не выключаюць, што праблемы з органамі правапарадку пачаліся ў хлопца пасьля таго, як ён прыняў рашэньне ўдзельнічаць у мясцовых выбарах кандыдатам.

Нагадаем, 6 лютага Івана вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.

З 2000 году новыя партыі ў краіне не рэгіструюцца. Шматлікія, але пакуль безвыніковыя спробы зарэгістравацца робяць “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, “Беларуская партыя працоўных”, “Партыя свабоды і прагрэсу”, а таксама грамадзкае аб’яднаньне “Малады фронт”.

У сваёй рэзалюцыі, прынятай у студзені 2009 году, Эўрапарлямэнт заклікаў афіцыйны Менск паважаць правы чалавека, у прыватнасьці “ўнесьці неабходныя зьмены ў Крымінальны кодэкс, скасаваўшы артыкулы 367, 368 і 369-1, а таксама артыкул 193, якія часта выкарыстоўваліся ў якасьці сродку ціску”.

Паводле артыкула 193-1 былі пакараныя шэраг актывістаў. Сярод іх Эніра Браніцкая, Аляксандар Шалайка, Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Дзьмітры Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Наста Азарка, Кацярына Салаўёва і іншыя.
XS
SM
MD
LG