Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы ўзнагародзяць ляўрэатаў за любоў да Беларусі


А 13 гадзіне ў сядзібе партыі БНФ падчас прэсавай канфэрэнцыі актывісты “Маладога фронту” назавуць прозьвішчы ляўрэатаў прэміі “Люблю Беларусь”.

Прэміі будуць уручаць у васьмі намінацыях: беларусізацыя, Pro-Belarus, журналістыка, спорт, грамадзкая чыннасьць, культура, палітыка і змагар году.

У кожнай намінацыі будуць узнагароджваць толькі аднаго чалавека, а прэтэндэнтаў у кожнай намінацыі па пяць чалавек.

У намінацыі “Беларусізацыя”, напрыклад, сярод прэтэндэнтаў лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч за кампанію “За беларускую мову” і “Беларускую кнігу – дзецям!”, Павал Алекса за акцыю БРСМ “Размаўляй па-беларуску”, Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская за кампанію “Будзьма”, Андрусь Такінданг за ўдзел у праграме “Размаўляй па-беларуску” у эфіры АНТ, рэалізацыю музычных праектаў “Рэха” і “Гаротніца”, а таксама Алена Анісім за дзейнасьць на пасадзе намесьніка старшыні ТБМ і ўдзел у праграме “Размаўляй па-беларуску” на АТН.

У журы ўваходзяць толькі сябры “Маладога фронту”. Дыплёмы ды ўзнагароды маладафронтаўцы папрасілі зрабіць студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Маладафронтаўцы плянуюць заснаваць фонд прэміі “Люблю Беларусь”.

XS
SM
MD
LG