Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты не праходзяць – выбаркамы ачольваюць ідэолягі


Гомельскія вылучэнцы аб'яднаных дэмсілаў у акруговыя выбарчыя камісіі спрабуюць самавылучыцца ў якасьці кіраўнікоў гэтых фармаваньняў.


Сябра АГП, юрыст Леанід Судаленка распавёў:

“Падчас першага арганізацыйнага паседжаньня камісіі нашай Уладзімерскай акругі №11 намесьнік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Мікалай Малы прапанаваў абраць старшынём камісіі начальніка ідэалягічнага аддзелу Аляксандара Таруна. У чальцоў камісіі іншых меркаваньняў не было. Таму, каб захаваць дэмакратычнасьць працэдуры, я й прапанаваў сваю кандыдатуру ў якасьці старшыні. Аднак усе, апрача мяне, прагаласавалі за Таруна. Не абралі мяне ні намесьнікам, ні нават сакратаром камісіі, хаця я таксама выклікаўся выконваць такія абавязкі. Усё было, мяркую, загадзя заплянавана”.

Самавылучаўся ў камісіі Быхаўскай акругі №12 і старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў. Аднак і яго не абралі ні кіраўніком, ні намесьнікам кіраўніка выбарчай камісіі.

У камісію Чапаеўскай выбарчай акругі №6 уключаны рэгіянальны лідэр партыі левых “Справядлівы сьвет” Уладзімер Сякерка. Ён не вылучаў сваёй кандыдатуры ў якасьці кіраўніка выбарчай камісіі, але выступіў супраць начальніцы ідэалягічнага аддзелу Натальлі Пруднікавай, якую вылучалі старшыняваць у акруговай камісіі №6. Спадар Сякерка паведаміў чальцам, што Натальля Пруднікава падавала лжывыя зьвесткі пра Васіля Палякова, нібыта ён пераходзіў вуліцу й брыдка лаяўся. Васіля Палякова пакаралі за гэта арыштам. Пруднікава ўнесена ў “чорны сьпіс” дэмакратычнага сайту.

На вынікі галасаваньня інфармацыя прадстаўніка партыі левых таксама не паўплывала. За старшынёўства Пруднікавай прагаласавалі 11 чальцоў камісіі з дванаццаці наяўных. Супраць быў толькі адзін.
XS
SM
MD
LG