Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць праграмы "Начная Свабода" – 14-гадовы Янка Лапіцкі з Жодзіна, які ня мае магчымасьці наведваць гімназію і навучаецца самастойна ў хатніх умовах. Ягоныя бацькі, Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія, зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру, а таксама да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з заявай аб бязьдзейнасьці мясцовых уладаў. Зварот Лапіцкіх зьвязаны з тым, што адміністрацыя гімназіі № 1 і адміністрацыя гораду не забясьпечылі ўмовы для навучаньня іх сына на беларускай мове.


Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія змагаюцца за беларускамоўнае навучаньне свайго сына Янкі ад моманту яго паступленьня ў гімназію № 1 у 2002 годзе. Адміністрацыя школы і гарадзкія ўлады адмаўляліся адкрываць клясу зь беларускай мовай навучаньня зь меркаваньняў эканоміі сродкаў. Пасьля страйку і навучаньня дома ў 2004 годзе юрыдычныя ўмовы для беларускамоўнага навучаньня былі створаныя. Аднак у сёлетнім навучальным годзе сытуацыя паўтарылася.

Соўсь: Вучыцца толькі па-беларуску. Так вырашылі бацькі ці гэта было вашае ўласнае рашэньне?

Лапіцкі: Ну, увогуле, мы разам вырашалі... Я ўжо нават ня помню, як гэта было, але вырашалі разам, і я тады пайшоў вучыцца па-беларуску.

Соўсь: А Вы ніколі не шкадавалі пра такое рашэньне - бо яно прынесла Вам, Вашым бацькам шмат складанасьцяў, шмат праблемаў?

Лапіцкі: Не, не шкадаваў. Наконт складанасьцяў - вядома, непрыемна, бо там ёсьць яшчэ і дыскрымінацыйныя моманты - тое, што ў сваёй краіне нельга на беларускай мове. Вучыцца нармальна не давалі па-беларуску, усё хацелі запіхнуць у расейскамоўную клясу. Тым больш, што я па-беларуску размаўляў з самага нараджэньня.

Соўсь: А па-расейску калі-небудзь гаворыце?

Лапіцкі: Бывае, вельмі рэдка.

Соўсь: Адзіная беларускамоўная кляса ў Першай гімназіі, дзе Вы вучыліся, была скасаваная. А дзе цяпер тыя Вашы аднаклясьнікі? Перайшлі ў расейскамоўныя клясы? Ці неяк пратэставалі?

Лапіцкі: Той, што быў адзін аднаклясьнік – ён перайшоў у расейскамоўную клясу.

Соўсь: А як настаўнікі, якія выкладалі па-беларуску, паставіліся да таго, што кляса скасаваная?

Лапіцкі: Ня ведаю дакладна, напэўна ім проста ўсё роўна.

Соўсь: А ці шмат у гэтай гімназіі было настаўнікаў, якія гаварылі па-беларуску?

Лапіцкі: Толькі на маіх уроках і напэўна настаўніца беларускай мовы.

Соўсь: А колькі было чалавек у беларускамоўнай клясе?

Лапіцкі: На самым пачатку - да трэцяй клясы - было два чалавекі акрамя мяне, а потым я ўжо вучыўся адзін.

Соўсь: Вось так - адзін сядзеў у клясе, і прыходзілі настаўнікі?

Лапіцкі: Так. Адзін у клясе і адзін у школе.

Соўсь: Магчыма, і адзін у Жодзіне?

Лапіцкі: Можа быць...

Соўсь: А на саміх уроках, калі сам-насам з настаўнікам - гэта быў плюс ці мінус?

Лапіцкі: Ну, на ўроках - безумоўна плюс. Бо ніхто ня дзёргае, можна падумаць. А мінусаў практычна няма.

Соўсь: І якія ў Вас былі адзнакі?

Лапіцкі: Васьмёркі, дзявяткі, сямёркі, бывалі шасьцёркі. Але ў большасьці - 7, 8.

Соўсь: А як дзеці ў школе, ведаючы, што існуе адзіная беларускамоўная кляса і ў ёй адзіны вучань - як яны да гэтага ставіліся? Ці хто хацеў перайсьці ў гэтую клясу?

Лапіцкі: Ніяк, проста ведалі - і ўсё. Вучысься - і вучыся сабе, гэта твая справа, на якой мове вучыцца. Праўда, пару разоў пыталіся - чаму ты вучысься менавіта па-беларуску.

Соўсь: І што Вы звычайна на такое адказваеце?

Лапіцкі: А проста падабаецца. Мы ж жывем у Беларусі.

Соўсь: Хто акрамя бацькоў падтрымвае Вас у змаганьні за права навучацца на роднай мове?

Лапіцкі: Ня ведаю... Напэўна, толькі бацькі.

Соўсь: Яшчэ ня вызначыліся, у якім кірунку будзеце рухацца далей? Куды паступаць? Бо зь беларускімі ВНУ таксама праблема...

Лапіцкі: Ня ведаю... Буду арыентавацца па абставінах...

Соўсь: Мы папрасілі наведнікаў нашага сайту задаць Вам пытаньні, я Вам іх зачытаю.

Валеры Буйвал, Менск: Спадар Янка, ці ня цяжка быць "непадобным на іншых" у такім савецкім горадзе Жодзіне? Вядома, што маладыя людзі імкнуцца падпарадкоўвацца модзе і стэрэатыпам свайго пакаленьня. Мабыць побач з табой усе такія "рускія"... Нехта з сяброў падтрымлівае тваё змаганьне права годна жыць на сваёй зямлі?

Лапіцкі: Ну, я ўвогуле сам па сабе не такі, як усе. Хоць бы тым, што я не разьдзяляю тую сучасную моду - дый ніхто, па-мойму, не разьдзяляе маю беларускамоўнасьць.

Damavik: Калі б Вы закахаліся (ці ўжо?) у дзяўчыну, якая б папрасіла гаварыць зь ёй толькі па-руску - што б Вы зрабілі?


Лапіцкі: Ха-ха-ха :) Ня ведаю... Усё магчыма ў гэтым сьвеце. Гледзячы якая дзяўчына. Калі б сапраўды закахаўся - мог бы і гаварыць. Чаму б і не - калі яна ні слова па-беларуску.

belarusist: Янка, ці карыстаесься ты беларускай мовай паўсюдна? Калі так - ці ёсьць сытуацыі ў якіх усё ж такі робіш выключэньні? Што гэта за сытуацыі? Як ты ставісься да рускамоўных беларусаў?


Лапіцкі: Практычна паўсюдна, за выключэньнем толькі калі мяне не разумеюць. Зусім. Напрыклад, у чыгуначнай касе.

Kamila, ВКЛ: Янка, ёсьць мудрае выслоўе: "Будучае заўсёды прыходзіць, а мінулае ня вернецца ніколі". Ня вернуць мінулае і жодзінскія цемрашалы. А якой вам бачыцца беларуская школа ў будучыні? Якой бы вы хацелі будучай Беларусі вы хацелі бы жыць?

Лапіцкі: У сучаснай, неабмежаванай, дзе выконваецца Канстытуцыя. Уся, а ня ўрыўкамі.

Антистраус: А не скучно, дома-то одному с родителями сидеть, пускай себе и над "правильными" учебниками? Может лучше было бы хоть по-русски, но со сверстниками (и сверстницами) в классе? Допустим даже, что разверзнутся небеса и глас божий вразумит жодинский суд на "праведное" решенее. Так ведь школа - это же модель общества твоей страны! Во взрослой жизни никакой суд не отстоит твоё право на беларускамоунае общение! Придётся решать этот вопрос в личное время. Или работать тоже будешь на дому?

Лапіцкі: Я ня толькі сяджу дома з падручнікамі - я не хачу, каб вы думалі, што я такі “зубрыла” - толькі ўрокі і ўсё. Я й на вуліцу выходжу, зь сябрамі - як усе нармальныя дзеці. І яшчэ я вучуся граць на электрагітары, а раней вучыўся на саксафоне.

Соўсь: А які твой улюбёны гурт?

Лапіцкі: Ну, усякія замежныя - рок, мэтал, панк, Blink 182, Green Day... А наконт таго, што я не выходжу на вуліцу - ды летам я цэлымі днямі на вуліцы, асабліва на скейтбордзе, калі сэзон.

Соўсь: Дык, можа марыце пра музычную кар'еру?

Лапіцкі: Хацелася б, вядома...
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG