Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях Беларусі ў Эўропе праз Crowne Plaza


Сёньня ў Менску завяршылася канфэрэнцыя “Шлях Беларусі ў Эўропе”. Яна арганізаваная прадстаўніцтвам Эўразьвязу ў Беларусі, Інстытутам дасьледаваньняў бясьпекі Эўразьвязу ў Парыжы, фондам Адэнаўэра, і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), які базуецца ў Літве.


Сёньняшні дзень пачаўся з абмеркаваньня энэргетычных праблемаў Беларусі. Актуальнасьці гэтай праблема надае нядаўні нафтавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй.

Прадстаўнік Белэнэрга Ўладзімер Кузьміч паведаміў пра два праекты, у падтрымцы якіх з боку Эўразьвязу зацікаўленая Беларусь – гэта экспарт электраэнэргіі ў Польшчу і пабудова цеплаэлектрастанцыі на мяжы з Польшчай. Паводле спадара Кузьміча за 10 гадоў Беларусь здолела зьменшыць энэргаёмістасьць свайго ВУП удвая.

Экспэрт з Оксфарду Кацярына Яфімава распавяла, што залежнасьць ад расейскага газу – гэта агульнаэўрапейская праблема, нягледзячы на шматлікія крызісы з транзытам, з цэнтральнаэўрапейскіх краінаў толькі Чэхія здолела рэальна дывэрсыфікаваць свой энэргетычны балянс, наладзіўшы імпарт нарвэскага газу.

Паміж экспэртамі адбываліся гарачыя спрэчкі. Беларуская эканамістка Ірына Тачыцкая выказала меркаваньне, што Эўразьвяз можа ў пэрспэктыве стаць галоўным інвэстарам энэргетычнага сэктару Беларусі. Хаця паводле яе пакуль спрыяньне Эўразьвязу выўяляецца ў міні-грантах па некалькі мільёнаў даляраў.

Украінскі экспэрт Міхаіл Ганчар зьвярнуў увагу ўдзельнікаў на расейскую стратэгію разьвіцьця энэргетыкі, там ёсьць Балтыйскі, Чарнаморскі, Арктычны і Ціхаакіянскі вэктары, але няма Заходняга. Расея не зьбіраецца разьвіваць транзыт празь Беларусь і Ўкраіну, яна абірае стратэгію абыходу гэтых дзьвюх краінаў. Экспэрт падкрэсьліў, што спадзяваньні беларускага боку на пабудову другой галіны газаправоду «Ямал-Эўропа» абсалютна марныя.

Расейскі эканаміст Уладзімер Мілаў вылучыў жорсткую тэзу, што ў энэргетыцы Беларусі няма Эўразьвязу, паводле яго ўсё супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай у энэргетычнай сфэры несувымерна з супрацоўніцтвам з Расеяй. Паводле яго, сытуацыя ў рэгіёне істотна зьменіцца пасьля таго, як у 2012 годзе будзе дабудаваны нафтаправод БТС-2. На думку Мілава, ні АЭС, ні вугальныя станцыі кардынальна ня зьменяць энэргетычную залежнасьць Беларусі ад Расеі.

Цяпер Расея мае 37% пакета акцыяў «Белтрансгазу». Менавіта сёлета гэтая доля дасягне 50%. Да якіх наступстваў гэта прывядзе? Гэтая тэма таксама зацікаўлена абмяркоўвалася на канфэрэнцыі, прагнозы варыяваліся ад «нічога» да перасьцярогі, што далей Расея пачне рабіць ціск на Польшчу і Літву каб паставіць пад свой кантроль іх сыстэмы транзыту і разьмеркаваньня газу.

На канфэрэнцыі аналізаваліся розныя аспэкты грамадзкага жыцьця Беларусі і яе ўзаемадзеяньня з Эўропай. Кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі Новак Андрэй Вардамацкі распавёў пра тэндэнцыі ў стаўленьні беларусаў да Расеі. Паводле яго, у 2002-2004 гадах колькасьць прыхільнікаў эўрапейскага і расейскага выбару была прыкладна роўнай, у траўні 2004 пачаўся заўважны рост прарасейскіх арыентацыяў, на мяжы 2006-2007 гадоў падчас першай нафтавай вайны ён зьмяніўся ростам праэўрапейскіх настрояў, але і дагэтуль прыхільнікаў саюзу з Расеяй больш чым прыхільнікаў далучэньня Беларусі да Эўразьвязу. Праўда, за ўступленьне Беларусі ў склад Расейскай фэдэрацыі выказваюцца толькі 5% насельніцтва.

Расейскі экспэрт Аляксандр Стралкоў азнаёміў прысутных са стаўленьнем расейскіх палітыкаў і аналітычнай супольнасьці да Ўсходняга партнэрства. Паводле яго, большасьць з іх бачаць у гэтай ініцыятыве спробу геапалітычнага акружэньня.

Кажучы пра агульныя вынікі канфэрэнцыі, варта адзначыць яе новы статус, раней падобныя форумы Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў праводзіў за мяжой. Сёлета канфэрэнцыя адбылася ў адной з самых прэстыжных заляў Менску, з удзелам, праўда даволі сьціплым, прадстаўнікоў беларускай улады. Праўда, іх выступы абмяжоўваліся прапановамі эканамічнага супрацоўніцтва і патрабаваньнямі ня ціснуць на Беларусь і не навязваць ёй свае ўяўленьні.

З другога боку, нядаўняя адмова Маладому Фронту ў правядзеньні мерапрыемства ў той самай залі сьведчыць пра тое, што размова ідзе не пра пашырэньне прасторы свабоды, хай і нязначнай, а пра ласку, пра адвольныя рашэньні.

Напрыканцы дазволю сабе суб'ектыўную ацэнку. Папярэднія канфэрэнцыі BISS мелі выразны фокус – адчуваньне, прагноз пераменаў, канстатацыя таго, што яны пачаліся, спадзяваньні і пляны збліжэньня Беларусі з Эўропай. Цяпер стала зразумела, што шлях будзе значна даўжэйшым, чым уяўлялася, і стала ня надта зразумелым, куды прывядзе шлях у межах «Усходняга партнэрства». Мяркую, што хада канфэрэнцыі і адлюстравала гэтую складанасьць і няпэўнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG