Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовае рашэньне паводле пазову сям’і Лапіцкіх ня вынесьлі


Ян Лапіцкі

Ян Лапіцкі

У гарадзкім судзе Жодзіна распачаліся судовыя слуханьні паводле пазову Аляксея і Сьвятланы Лапіцкіх да мясцовага выканаўчага камітэту, які не забясьпечвае ўмоваў беларускамоўнага навучаньня для іх сына. Заўтра суд вынесе рашэньне, ці браць да разгляду пазоў Лапіцкіх.

Лапіцкія абскарджваюць рашэньне гарадзкога выканаўчага камітэту Жодзіна, які ў жніўні 2009 году закрыў адзіную беларускамоўную клясу ў гімназіі № 1, дзе навучаўся іх сын Янка. Судзьдзя Тацьцяна Трацюк заявіла, што мінуў тэрмін даўнасьці на абскарджваньне, але Лапіцкія дакумэнтальна засьведчылі, што ў выніку стрэсаў і захворваньняў, а таксама паходаў па іншых інстанцыях ня здолелі зьвярнуцца ў суд раней. Гэткім чынам, заўтра суд вынесе рашэньне, ці бярэ ён тлумачэньні да ведама, а заяву — да разгляду, кажа Аляксей Лапіцкі:

«Лічым, што такія фармальныя працэсуальныя моманты не павінны быць перашкодаю ў разглядзе заявы, калі ёсьць неправамерныя рашэньні і яны дзейнічаюць. І працягвае парушацца права на беларускамоўную адукацыю дзіцяці. Відавочна было, што ўвесь гэты гвалт і ціск псыхалягічны арганізоўваўся дзеля таго, каб увесьці ў стрэс бацькоў, каб яны забыліся, дзе існуюць».

Судовае паседжаньне было вызначанае як папярэдняе. Але вялося яно са складаньнем пратаколу і, як запатрабавалі заяўнікі, на беларускай мове, што ў Жодзіне адбылося ўпершыню, кажа Аляксей Лапіцкі. Сьвятлана Лапіцкая падтрымлівае Янкава жаданьне атрымаць адукацыю на роднай мове. Яна мае намер змагацца за правы свайго сына і надалей:

«У нас ужо ўсё гэта было, і яны тут цудоўна ведаюць нашы перакананьні, цудоўна ведаюць нашы настроі, што мы будзем змагацца. Бо ёсьць закон, які дае магчымасьць нашаму сыну навучацца па-беларуску, ёсьць перакананьні, якія пад лаўку ня кінеш. Яны наўмысна стваралі ўсю гэтую сытуацыю. Мы ўжо зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства адукацыі. Мы будзем ісьці да канца і ня пойдзем на тое навучаньне, якое яны нам прапаноўваюць — па-расейску».


Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія змагаюцца за беларускамоўнае навучаньне свайго сына Янкі ад моманту яго паступленьня ў гімназію № 1 у 2002 годзе. Адміністрацыя школы і гарадзкія ўлады адмаўляліся адкрываць клясу зь беларускай мовай навучаньня, нібыта зь меркаваньняў эканоміі сродкаў. Пасьля страйку і навучаньня дома ў 2004 годзе юрыдычныя ўмовы для беларускамоўнага навучаньня былі створаныя. Аднак у сёлетнім навучальным годзе сытуацыя паўтарылася. Лапіцкія мяркуюць, што гэта зьвязана зь іх палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю: Сьвятлана і Аляксей — актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднойчы бралі ўдзел у выбарах розных узроўняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG