Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі актывіст паскардзіўся на турму


Іван Стасюк
Іван Стасюк
Актывіст «Маладога фронту» Іван Стасюк накіраваў скаргу ў пракуратуру Беларусі на ізалятар часовага ўтрыманьня пры Ленінскім райаддзеле міліцыі Берасьця, паведамляе БелаПАН.

Актывіст адбыў ў ізалятары з 3 па 6 лютага паводле рашэньня суду за хуліганства. У скарзе Іван Стасюк адзначае дрэнныя ўмовы ўтрыманьня і парушэньні правоў вязьняў. Гэтак, у камэры, дзе знаходзіўся Іван Стасюк, ад холаду даводзілася быць у вопратцы, пасьцельную бялізну вязьню выдалі толькі на трэці дзень — пасьля наведваньня праваабаронцы, на прагулкі не выводзілі ніводнага разу. Наракае Іван Стасюк таксама па дрэннае асьвятленьне ў камэры і на тое, што яго, які ня паліць, трымалі разам зь вязьнямі, якія маюць звычку шмат паліць. Іван Стасюк патрабуе ад генэральнай пракуратуры прыняць захады пракурорскага ўзьдзеяньня, каб выправіць становішча ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця.

Скаргі праваабаронцаў і палітычных актывістаў на дрэнныя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах гучаць з 1990-х гадоў. Лічаныя зь іх прыносілі станоўчыя вынікі. Гэтак, праваабаронца і палітык Валер Шчукін, адбываючы пакараньне ў Жодзінскай турме, дамогся, што яму і вязьням, якія знаходзіліся разам зь ім у камэры, пачалі выдаваць белы хлеб. А вось калі ў сярэдзіне 2000-х гадоў Валера Шчукіна трымалі ў менскай вязьніцы на вуліцы Акрэсьціна і ён патрабаваў прагулак, гэтае патрабаваньне ня выканалі. Не далі плёну і далейшыя скаргі ў пракуратуры — паводле палітычных актывістаў, прагулкі ў менскай турме на Акрэсьціна не дазваляюцца дагэтуль. Між тым паводле закону асобам, якія адбываюць арышт, турэмная ўстанова абавязаная забясьпечыць нармальныя ўмовы ўтрыманьня, у тым ліку і прагулку на сьвежым паветры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG