Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сядзяць сонныя на гэтых сесіях: ні прапаноў, ні ініцыятыў”


Людзі штодня сутыкаюцца з мноствам сацыяльных праблемаў, якія павінна вырашаць мясцовая ўлада. Аднак на дэпутатаў у гэтай справе многія не ўскладаюць ніякіх спадзяваньняў. Зьвяртаюцца па дапамогу да чыноўнікаў выканаўчай улады, а калі не знаходзяць там паразуменьня — да грамадзкіх актывістаў.

Сёньня карэспандэнты «Свабоды» расказваюць пра некалькі такіх сытуацыяў у розных рэгіёнах.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Аддалены мікрараён у Магілёве застаўся бяз Дома быту


Жыхары магілёўскага мікрараёну заводу «Тэхнапрыбор» незадаволеныя закрыцьцём мясцовага Дома бытавых паслугаў. Па дапамогу людзі зьвярнулася да актывіста прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага, які зьбіраецца балятавацца на мясцовых выбарах у дэпутаы. Ён таксама жыве ў гэтым мікрараёне.

Аляксей Паўлоўскі
Максім Максіменка
Людміла Бычанкова
Першыя 60 подпісаў незадаволеных Аляксей Паўлоўскі даслаў чыноўнікам. Сёньня трое прадстаўнікоў аблвыканкаму наведаліся ў бязьлюдны цяпер дом быту. Эмацыйная гутарка Аляксея Паўлоўскага, прадпрымальніцы Любові Бычанковай, яе сына Аляксея, якія засталіся беспрацоўнымі, з чыноўнікамі адбылася на лесьвічнай пляцоўцы Дома быту.

«Дзесяць тысяч насельніцтва ў гэтым раёне, бытавыя паслугі ад іх сышлі. Усе проста абураныя. Я пакуль рыхтаваў заявы, чалавек трыццаць адразу падпісалі. Тут было добра й школьнікам, і студэнтам. Тут была ксэракопія, фотаздымкі можна было раздрукаваць, дыскі ўзяць напракат. Рамонт вопраткі тут быў», — даводзіў чыноўнікам Паўлоўскі.

А вось што тлумачыў у адказ супрацоўнік аблвыканкаму Максім Максіменка:

«Яму проста нерэнтабэльна тут працаваць. Хочаце вы займацца — прыходзьце, здымайце, вам ніхто ня будзе рабіць перашкодаў. Проста ў дадзеным выпадку ёсьць праблема ў гэтым раёне. Прымусіць працаваць тут прадпрымальнікаў мы ня можам», — даводзіў супрацоўнік аблвыканкаму.

У Доме быту да апошняга часу працавала Людміла Бычанкова. Яна ня супраць працаваць тут і надалей, але цяпер гэтае права трэба атрымаць на аўкцыёне:

«Я не магу зрабіць унёсак. Дзе я вазьму сем мільёнаў?! І ці выйграю я гэты аўкцыён? Я адна выхоўваю двух дзяцей. Разумееце вы гэта ці не? Калі б людзі сюды не хадзілі, я б не прасіла гэтага. Зразумейце, не прасіла б!»

Тое, што бяз Дома быту мікрараён стаў менш камфортны для пражываньня, зазначалі й самі спажыўцы яго паслугаў:

Спадарыня: «Тут была цырульня. І яна патрэбная. Для нас, наведвальнікаў, плата была прымальная, і спэцыяліст тут быў добры».

Спадарыня сталага веку: «Тут вельмі было добра. Во, выйшаў — тут было ўсё на месцы. А цяпер, во, зашыць што-небудзь — і ідзі куды хочаш. У нас тут зусім дрэнна».

Мікрараён заводу «Тэхнапрыбор» знаходзіцца ў Магілёве на гарадзкой пэрыфэрыі. Да цэнтру на маршрутцы больш за паўгадзіны язды. Але гэта — калі пашанцуе.

Дом быту зачынены.
Сам дом быту.
Масток для жыхароў мікрараёну ў сьвет.
Ахвочых няма заняць і будынак насупраць Дома быту. Ён пяць гадоў без гаспадара.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Жыльлёвы каапэратыў прыватнікаў адмаўляецца ад паслугаў дзяржаўнай службы ЖКГ


У райцэнтры Масты на Гарадзеншчыне жыльлёвыя каапэратывы прыватных уласьнікаў адмаўляюцца ад паслугаў дзяржаўнай службы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. У сваю чаргу, чыноўнікі пагражаюць павялічыць кошты тэхнічнага абслугоўваньня, вывазу сьмецьця ды іншай працы.

Дэпутат Мастоўскага райсавету Зьміцер Кухлей, які да таго ж старшынюе ў сваім жыльлёвым каапэратыве, кажа, што каапэратыў адмовіўся сплачваць ЖКГ адлічэньні на будучы рамонт дома. Акрамя таго, каапэратыў наняў электрыка і прыбіральшчыцу, якія атрымліваюць заробак паводле дамоўленасьці. Толькі на вываз сьмецьця засталася дамоўленасьць зь дзяржаўным ЖКГ, аднак і тут людзей ашукваюць.


За вываз сьмецьця ўпартыя прыватнікі плацяць 1700 рублёў, а ўсе паслухмяныя — толькі 470.


Тлумачыць Зьміцер Кухлей:

Зьміцер Кухлей
«Сытуацыя такая: за вываз сьмецьця для грамадзян, якія жывуць у дамах, што на поўным абслугоўваньні, ЖКГ выстаўлялі кошты 470 рублёў на асобу, а ў каапэратыўным жыльлі, якое на частковым абслугоўваньні ЖКГ, — 1700 рублёў на асобу».

Гэта — адна з прычынаў цяперашняга канфлікту ў Мастах.

Я запытаўся ў дырэктара Мастоўскага ЖКГ: чаму ён падпісвае лісты ў жыльлёвыя каапэратывы і ці будуць адрозьнівацца кошты паслуг ЖКГ для прыватнікаў?

Чыноўнік тлумачыць цьмяна:

«Не, канечне, кошты адрозьнівацца ня будуць. Дый ніхто іх не прымушае пераходзіць на поўнае абслугоўваньне — гэта толькі прапанова».

Дзейны дэпутат ад партыі «Справядлівы сьвет» у Мастоўскім райсавеце Аляксандар Пудаўкін кажа, што мясцовая ўлада патурае камунальнікам, якія ўздымаюць кошты для прыватнікаў.

Пудаўкін: «Глядзіш, прыходзяць і сядзяць сонныя на гэтых сэсіях. Так і ў райсавеце, і ў сельсавеце. Каго паклічуць, той з паперкай выбежыць, прачытае — і назад. Ніякіх ініцыятыў, ніякіх прапаноў«.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У Пружанах для сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатамі ў дэпутаты ўлада вызначыла месцы для выгулу сабак


Сёньня слухач «Свабоды», грамадзкі актывіст Уладзімер Радзівончык з Пружанаў паведаміў, што мясцовы райвыканкам сваёй пастановай № 141 абмежаваў правядзеньне пікетаў для збору подпісаў выбаршчыкаў. «Забароненыя пікеты ў найбольш людных месцах нашага гарадка», — удакладніў суразмоўца:

«У Пружанах цяпер усё ж больш-менш моцныя актывісты. Тут ужо два гады запар выдаецца незалежная газэта. Актыўна праводзіцца грамадзкая кампанія „Вырашым праблемы разам“. Магчыма, гэта змушае мясцовых чыноўнікаў асьцерагацца нашай актыўнай працы зь людзьмі ў час агітацыі пры падрыхтоўцы да выбараў. Пэўна, таму толькі ў Пружанах зьявілася такое суровае рашэньне».

Забаранілі сустрэчы амаль ля кожнай камяніцы ў райцэнтры


Як удакладніў суразмоўца, пікеты ў Пружанах забаранілі каля ўсіх адміністрацыйных будынкаў, крамаў і ўстаноў культуры, чыгуначнай і аўтобуснай станцыяў і яшчэ каля трох дзесяткаў аб’ектаў.

Не забароненыя для пікетаў толькі ваколіцы гарадка і сабачы выгул.

Рашэньне падпісаў старшыня Пружанскага райвыканкаму Аляксандар Юркевіч. Сёньня чыноўнік ня быў на сваім працоўным месцы. А падначаленыя адмовіліся даваць якія-колечы тлумачэньні.
XS
SM
MD
LG