Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: удзельнікі вулічнай акцыі прамаўлялі, маліліся, сьпявалі


Сёньня ў Горадні адбылася акцыя незарэгістраванага Саюзу палякаў. Прыблізна дзьвесьце ўдзельнікаў сабраліся каля Дому польскага, што на рагу вуліц Дзяржынскага і 17 верасьня, дзе цяпер знаходзіцца сядзіба праўладнага Саюзу палякаў на Беларусі.


Яны, па-першае, выказалі салідарнасьць са сваімі паплечнікамі ў мястэчку Івянец, дзе ў панядзелак міліцыянты спачатку занялі Дом польскі, а затым апячаталі яго. Другая нагода — 10 лютага споўнілася 70 гадоў з пачатку дэпартацый польскага насельніцтва Гарадзеншчыны ў Сібір. На будынку Дому польскага прымацаваная памятная шыльда, прысьвечаная палякам — ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Пад гэтай шыльдай сабраныя паставілі запаленыя зьнічы.


Перад сабранымі выступіў Андрэй Пачобут, кіраўнік Галоўнай рады Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі, ён нагадаў сабраным, што яны выказваюць салідарнасьць са сваімі паплечнікамі і што спэцслужбы занялі ў Івянцы Дом польскі.

Кіраўнік Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч, у прыватнасьці, сказаў, што ўладам ня ўдасца застрашыць сябраў арганізацыі. Кіраўнік саюзу Анжаліка Борыс нагадала ад дэпартацыі землякоў семдзесят гадоў таму ў Сібір. Таму сабраныя прыйшлі сёньня, каб запаліць зьнічы пры памятнай шыльдзе ахвярам сталінскіх рэпрэсій і памаліцца за іх, нагадала яна.

Сярод удзельнікаў вулічнай акцыі было мноства пажылых людзей. Чаму яны прыйшлі сюды?


Сталы спадар: “Я прыйшоў, каб выказаць сваю салідарнасьць і ўшанаваць памяць аб тых, каго загубілі бальшавікі, якія прыйшлі ў 1939 годзе і пачалі заводзіць свае пякельныя парадкі, вывезьлі зусім невінаватых людзей, якія потым загінулі на прасторах Сібіры ад марозу, ад голаду, ад хваробаў. Улады думаюць, што нас купка, але паглядзіце — колькі нас тут сабралася”.

Сталая спадарыня: “Паглядзіце на гэтую шыльду — сёньня семдзесят год споўнілася, як вывозілі ў Сібір і Казахстан нашых сваякоў”.

Спадар: “А дзе паставіць сьвечачку? У Іркуцк паехаць? А я тут пастаўлю!”

Спадарыня: “Я зьяўляюся старшынёй арганізацыі рэпрэсаваных пры Саюзе палякаў, мяне зваць Галіна Якалцэвіч. Столькі гора было, сьлёзаў! Усё прайшло праз маё сэрца! Маёй мамы радня ўся была вывезена, з голаду памерлі мая бабця, мой дзед, мой дзядзька...”

Сталы спадар: “Сядзяць у Польскім доме, а слова па-польску ня ўмеюць сказаць!”

Другі сталы спадар: “Бо мы дазволілі ім гэта рабіць”.
XS
SM
MD
LG