Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беразоўскі вінаваціць расейскае тэлебачаньне ў паклёпе


Барыс Беразоўскі

Барыс Беразоўскі

Расейскі алігарх Барыс Беразоўскі з гневам чарговы раз адкінуў абвінавачаньні ў тым, што ён мае дачыненьне да забойства былога супрацоўніка Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандра Літвіненкі. Выступаючы на слуханьнях у лёнданскім судзе, Беразоўскі назваў гэтыя абвінавачаньні “абуральнымі”.


Як паведамляе BBC, у Лёндане праходзяць судовыя слуханьні з пазову Барыса Беразоўскага да Ўсерарасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Алігарх вінаваціць расейскую тэлевізію ў паклёпе.

Нагодаю для звароту Беразоўскага ў суд стаў сюжэт, паказаны ў красавіку 2007 году ў тэлепраграме “Вести недели”. У сюжэце дэманстравалася інтэрвію з чалавекам на імя Пётар, які сьцьвярджаў, што Барыс Беразоўскі быў заказчыкам забойства ў Лёндане ў 2006 годзе Аляксандра Літвіненкі.

Падчас судовага паседжаньня Беразоўскі заявіў, што праграма, паказаная расейскай тэлевізіяй, была мэтаскіраванай прапагандаю і несла пагрозу яго бясьпецы і статусу палітычнага ўцекача. Паводле алігарха, ён і Літвіненка былі блізкімі сябрамі, якіх зьвязвалі процістаяньне Ўладзіміру Пуціну і канечная патрэба пакінуць краіну і жыць у эміграцыі.

Усерасейская дзяржаўная тэлерадыёкампанія, прадстаўнікам якой брытанскі суд не дазволіў прысутнічаць на працэсе пасьля адмовы кампаніі назваць крыніцу сваёй інфармацыі, назвала судовы працэс “палітычна афарбаваным”.

XS
SM
MD
LG