Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыйных” пісьменьнікаў на кніжны кірмаш не запрасілі


Сёньня ў Менску адкрылася 17-я міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Арганізатары не запрасілі на адкрыцьцё выставы прадстаўнікоў найстарэйшай пісьменьніцкай арганізацыі Беларусі — Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Але кнігі сябраў гэтага саюзу на кірмашы былі — у экспазыцыі расейскага выдавецтва “Время”.

Адметнасьць 17-га Менскага кніжнага кірмашу — рост прадстаўніцтва замежных выдавецтваў. Сёлета на выставе прадстаўленыя кнігі з 26 краін. Упершыню ў якасьці спэцыяльнага госьця кірмашу сёлета прадстаўленая Францыя, якая на пачэсным месцы экспануе свае кніжныя навінкі. Новы амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры быў сярод тых, хто разразаў чырвоную стужачку:

Амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры выступаў па француску і па-расейску
“На ўсеагульную радасьць, упершыню француская літаратура стане даступнай шырокай публіцы ня толькі на мове арыгіналу, але і на расейскай і беларускай мовах”.

Сярод шэрагу афіцыйных выступоўцаў пра творчыя пляны праўладнага Саюзу пісьменьнікаў распавёў ягоны старшыня Мікалай Чаргінец:

“У нас ёсьць чатыры праекты, над якімі мы працуем і выдаем па іх кнігі. Гэта праект “Фантастыка і прыгоды”, скіраваны на прыцягваньне моладзі. Гэта новая сэрыя пад назвай “Дэтэктыў”, гэта публікацыя кніг аўтараў, якія ваявалі ў Вялікай айчыннай вайне”.

Чацьвёрты праект СПБ — публікацыя ў вялікім фармаце кніг пачынальнікаў беларускай літаратуры, ці, як сказаў Мікалай Чаргінец, аксакалаў. Да іх ён аднёс Янку Купалу, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Максіма Танка.

Незалежныя ад уладаў літаратары з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на ўрачыстасьць запрошаныя не былі, паведаміў “Свабодзе” кіраўнік спраў саюзу Мікола Міхноўскі:

“Нам нават запрашэньня не прыслалі. Гэта ўвогуле дыскрымінацыя, гвалт зь літаратуры, з мовы… Ну, будзем мы ўсе тут на прэзэнтацыі кнігі Рыгора Барадуліна 13 чысла ў 12 гадзін”.

Юбілейны дзьвюхмоўны зборнік Рыгора Барадуліна “Перакуленае” выйшаў у маскоўскім выдавецтве “Время”, якое раней публікавала збор твораў Васіля Быкава, кнігі Сьвятланы Алексіевіч.

Гаворыць дырэктар выдавецтва “Время” Барыс Пастарнак:

Дырэктар выдавецтва “Время” Барыс Пастарнак: “Барадулін заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі”.
“Рыгора Барадуліна я лічу выдатным паэтам, ён нездарма вылучаны адразу трыма ПЭН-цэнтрамі, расейскім, польскім і беларускім, на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі. Па-мойму, ён яе заслугоўвае”.

Сярод тысяч кніжных навінак, прадстаўленых на Менскім кірмашы, нельга абмінуць увагай адно выданьне, якое можна назваць “кнігай кніг” — выдадзеную Беларускай энцыкляпэдыяй “Гісторыю беларускай кнігі”. Гаворыць аўтар фундамэнтальнага выданьня Мікола Нікалаеў:

“Гісторыя пачынаецца з рукапіснай кнігі, і потым праз усё ВКЛ і рукапісныя, і друкаваныя кнігі суіснавалі. Перапісваліся кірылічным і лацінскім алфавітамі, былі на розных мовах, і на польскай, і на лацінскай, але пераважна на старабеларускай. Сабраць гэта ўсё ўдалося хіба што першы раз, бо мой папярэднік Вацлаў Ластоўскі ў 1924 годзе сабраў толькі том кірыліцы. А я паставіў задачу ахапіць усю кніжнасьць агульным нарысам”.

Мікола Нікалаеў рыхтуе і другі том свайго выданьня — пра беларускія кнігі 19-га і 20-га стагодзьдзяў.

У афармленьні стэнду выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” выкарыстаная фатаграфія А. Лукашэнкі і Д. Мядзьведзева ў Брэсцкай крэпасьц


Афіцыйныя асобы і амбасадары на цырымоніі адкрыцьця

Да кніг зь Ірана чэргаў няма

Кнігі Барадуліна і Алексіевіч ў экспазыцыі маскоўскага выдавецтва “Время”.

Аўтар “Гісторыі беларускай кнігі” Мікола Нікалаеў (справа) з мастаком выданьня Генадзем Мацурам

“Гісторыі беларускай кнігі”, 1 том. Кніжная культура Вялікага княства літоўскага

Асаблівая ўвага наведнікаў да кніг Францыі – спэцыяльнага госьця кірмашу

“Асоба” ў чорным – не літаратар. Гэта менскі камінар, экспанат менскага пажарнага музэя, рэклямуе экспазыцыю кніг МНС.

Ля будынку экспацэнтру, дзе шуміць кніжны кірмаш, бабуля прадае кніжкі са сваёй бібліятэкі
XS
SM
MD
LG