Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пастарнак. Дзень народзінаў у Менску

  • Аляксандар Лукашук



Могілкі ў Перадзелкіне на крутым узгорку, і ў лютым, калі коўзка, даводзіцца чапляцца за мэталічную агароджу, каб не сарвацца ўніз. Нарэшце знаёмая магутная сасна. Кла­ду гвазьдзікі на зьмерзлую зямлю і далоньню адціраю на прыцярушаным камені заледзянелы надпіс:

Борис ПАСТЕРНАК


Свой сорак шос­ты дзень нараджэньня — заканчэньне дру­гой і пачатак апошняй трэці жыцьця — Пастарнак сустракаў у Менску. Люты ў 1936-м выдаўся ў Беларусі сапраўды лютым: дваццаціградусны мароз, завеі, на тратуарах гурбы сьнегу. Спэцыяльны цягнік з Масквы з удзельнікамі III пленуму праўленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў спазьняўся. На пэроне чакалі гасьцей Янка Ку­пала, Якуб Колас, прадстаўнічая група беларускіх літаратараў: Александровіч, Броўка, Глебка, Зарэцкі, Кучар, Лынькоў, Чорны... Нарэшце ў 11.27 састаў падышоў на першую каляю. Расчыніліся дзьверы вагонаў і ў гасьцінныя абдымкі гаспадароў пачалі спускацца К. Федзін, А. Суркоў, Б. Ясенскі, Б. Пільняк, паэты і празаікі з Грузіі, Башкірыі. Адразу пазналі пасажыра ў чорным даўгаполым паліто і каракулевай шапцы-піражку — Барыс Пастарнак. Гасьцей чакалі 35 легкавых аўтамашын, якія курсіравалі паміж вакзалам і гасьцініцай “Эўропа”.

Урачыстае адкрыцьцё было прызначана на 7 гадзін вечара ў вялікай залі Дому ўраду. Вітаць пленум прыйшлі кіраўнікі рэспублікі: Гікала, Чарвякоў, Ляўкоў, даслаў тэлеграму Горкі. З прывітальнай прамовай выступіў старшыня СНК БССР М. Галадзед. Спэцыяльна да пленуму была выдадзена “Анталогія рускай савецкай паэзіі”, дзе тры вершы Пастарнака пераклаў Алесь Дудар. Уве­чары ў гонар гасьцей менскія камсамольцы наладзілі шэсьце з паходнямі. Агонь ірваўся ў марознае неба, успыхваў у вачах, цені сьлізгалі па сьнезе — люты, дзясятага, дзень нараджэньня Пастарнака. Найлепшы дзень для пачатку пленуму па паэзіі...

З раніцы 11 лютага пасяджэньні праходзілі ў Доме партактыву, ці, як яшчэ назы­валі, у Доме Камасьветы.

“У залі і ў кулюарах у цэнтры ўвагі быў асабліва папулярны сярод паэтаў Барыс Пастарнак. Хударлявы, жылаваты, зь вялікімі, нібыта конскімі, вачыма, здавалася, ён глядзіць празь цябе і бачыць тое, чаго ня бачыць ніхто. Ён гаварыў, а погляд блукаў недзе над субяседнікам. Мэханічна вымаў з карабка “Казбэк” і бясконца курыў. Курыў і ў залі. На нейкім пасяджэньні ён выцягнуў папяросу, а запалак не знайшоў, але адчуў, што з-за сьпіны цягнецца дымок. Не паварочваючыся, працягнуў руку назад, намацаў запаленую па­пяросу, высмыкнуў яе ў чалавека з малінавымі пятліцамі і двума ромбамі. Той сумеўся ад такой нечаканасьці і спытаў у суседзяў, хто гэта. Калі даведаўся, што Барыс Пастарнак, махнуў рукою: маўляў, гэтаму ўсё можна...” — так пабачанае запомнілася Сяргею Грахоўскаму.

Чытачы даведаліся пра прыезд Пастарнака ў Менск толькі пасьля яго ад'езду.

Чалавек з двума ромбамі памыляўся, — Пастарнаку ня ўсё было можна. Газэты “Звязда” і “Рабочий” друкавалі вер­шы ўдзельнікаў пленуму, іх інтэрвію, партрэты — Пастарнак на старонкі ня трапіў. “Звязда” нават не паведаміла пра яго выступленьне. Слова далі ў апошні дзень; у газэце “Рабочий” пісалі: “Зь яркай, шчырай прамовай выступіў паэт Барыс Пастарнак. Сваю прамову ён цалкам прысьвяціў пытаньням творчай перабудовы паэтаў і сваёй уласнай. Прамова т. Пастарнака пакрываецца доўгімі аплядысмэнтамі”.

Чытачы даведаліся пра прыезд Пастарнака ў Менск толькі пасьля яго ад'езду.

Падзяка Коласу і Купалу

24 лютага “Литературная га­зета”, якая ў дні работы пле­нуму выдавалася ў Менску, надрукавала выступленьне Б. Пас­тарнака “Аб сьціпласьці і сьмеласьці” (зьмешчана ў другім томе “Избранного”, М., 1985 г.). Але калі зазірнуць у стэнаграму, што захоўваецца ў Цэнт­ральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Маскве, дык высьветліцца, што многія месцы выступленьня не ўвайшлі ў газэтную публікацыю, увогуле невядомыя да сёньняшня­га дня нараджэньня Пастарна­ка.

Са стэнаграмы: “Таварышы, мы ўчора загаварыліся ўвечары, я позна лёг. Толькі гадзіну спаў. Гэта я для чаго гавару: я вас папярэджваю, што магу што-небудзь адмарозіць, гэта проста будзе слоўная агаворка. (Воплескі.)

Таварышы, не перапыняйце мяне воплескамі, нават у тых выпадках, калі я буду гаварыць імёны Леніна і Сталіна. Давайце пагаворым сур'ёзна і проста да канца. Я пастараюся гаварыць па сутнасьці.

Я таксама ўсхваляваны, як і прамоўцы, якія выступалі да мяне. Я магу сказаць, што за ўсё бліжэй адхваляваўся за мяне Асееў, калі ён гаварыў аб Беларусі, аб беларускай паэзіі, калі ён гаварыў аб той радасьці, якую прыносіць блізкасьць мовы, тое, чым жыве паэт. Таму што ўрэшце ў рабоце сваёй у мове ён лінгвістычна як бы стукаецца у нейкія суседнія перагародкі, яны аказваюцца зьнятымі існаваньнем такой мовы, дзе тое, што ў яго ўласнай мове здаецца архаізмам... і г. д. Там ён жыве на вуліцы, на шыльдзе. Гэта адно.

Другое — ён таксама дастаткова спыніўся на імёнах вядучых у беларускай паэзіі. Я ехаў сюды, я галоўным чынам рады быў надзеі на сустрэчу зь Якубам Коласам, Янкам Купалам, Александровічам. Я абмяжуюся зараз толькі тым, што прынясу ім сардэчную падзяку за іх існаваньне. (Воплескі.) За тое, што яны такія чыстыя, сапраўдныя”.

Беларускае рэха

Ніводная сапраўдная падзея не канчаецца тады, калі яна канчаецца: празь дзесяцігодзьдзі рэха і рыфма у наступных зьявах дапаўняюць і выяўляюць яе таямнічы для сучасьнікаў сэнс. Паэт, як Гамлет, ловіць у далёкім водгаласе сваіх слоў тое, што здарыцца на яго вяку. Будучыя катаклізмы пасылаюць яму зашыфраваны сыгнал, і, сам таго ня ведаючы, часам алягічна, бязладна, ён прарочыць непазьбежнае. Кавалкі тэксту, выкінутыя з выступленьня Пастарнака пры падрыхтоўцы да друку, з аднаго боку, узор пісьменнага рэдагаваньня, а з другога – ашаламляльны прыклад прадчуваньня балючых папрокаў і абвінавачаньняў, якія ўсенародна абрынуцца на яго ў 1958-м.

Са стэнаграмы: “Няхай я памыляюся, пэўна, гэта той ляпсус, аб якім я папярэджваў, але, па-мойму, рускі бальшавік ёсьць нашчадак Талстога, як і Някрасава ў большай ступені, чым каго-небудзь іншага. (Але) Вось іменна бальшавісцкае чуцьцё яго адразу адбіваецца нейкім фальшам гастранамічным…”

Нобэлеўская прэмія – найвышэйшая адзнака сусьветнага прызнаньня, гонар для краіны ляўрэата – была прысуджаная Б. Пастарнаку ў кастрычніку 1958 году. Праз два дні “Литературная га­зета” зьмясьціла артыкул Заслаўскага “Шуміха вакол літаратурнага пустазельля”.

Пастарнак пастаянна выходзіць у сваёй прамове на тыя балючыя кропкі, якія стануць вызначальнымі для яго асуджэньня. Ён загадзя прамым тэкстам сьцьвярджае, спрабуе давесьці якраз тое, што не даруюць ідэалягічныя першасьвяшчэньнікі ў 1958-м – права быць паэтам.

Са стэнаграмы: “Я ня ведаю, у сілу якіх прычын мяне страшэнна раздуваюць, увогуле мяне значна перабольшваюць. Я, як і кожны з вас, нешта рэальнае, а не празрысты, мяне трэба рэнтгенаваць, каб нешта атрымалася. Я – цела ў прасторы. І, дзякуючы гэтаму перабольшваньню, у мяне расьце нейкая гара, і з жабы вырастае вол. Я ў гэтым не вінаваты, і, акрамя таго, гэта перашкаджае мне існаваць.

…Мяне лякалі як нейкім бар’ерам тым, што я ў якісьці вечар не паехаў на завод. Я сабе не ўяўляў, што гэта такая небясьпека – гэта ня так цяжка паехаць на завод. Ня ў гэтым справа. Нашы заводы трэба глядзець, але Безыменскі мне параіў езьдзіць чытаць вершы. Для вас гэтая праца зусім звыклая. Але разам з тым, з той традыцыяй, зь якой я пачаў, гэта зусім ня звыкла.

…Тут прыводзілі цытаты наконт таго, што гэта вершы дрэнныя, гэтыя добрыя і г.д. І мне кінулася ў вочы, што ад радкоў адмяжоўваюцца, як ад памылковага погляду. Мы таксама працуем у гэтай галіне і ведаем, што гэта не парлямэнт, не што-небудзь іншае.

…Рэч у тым, што трэба нам крыху вальней і сьмялей думаць і ўяўляць. Гэта справа кожнага. На тое і розум дадзены, і галава, акрамя сэрца, дый сэрца ў гэтым напрамку дадзена. Гэта наша задача. Але гэта не задача пленуму, каб вам сказаць: будзьце больш сьмелыя. Гэта задача кожнага з нас. Я ня памятаю ў нашым заканадаўстве дэкрэту, які б забараняў быць геніяльным”.

Замаразкі ў Менску

Але не было і дэкрэту, які б дазваляў геніяльнасьць... У 1958 годзе рэхам адгукнуліся ўжо самыя першыя словы з выступленьня Па­старнака — і менавіта тут, у Менску, на пашыраным пасяджэньні праўленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

“Старэйшыя нашы беларускія пісьменьнікі помняць пленум Саюзу пісьменьнікаў, які адбыўся ў 1936 годзе ў Менску, — гаварыў

Фактычна ад беларускіх пісьменьнікаў патрабавалася толькі тое, што сьціпла, у дужках, паведамлялася пад маскоўскай пастановай: “прынята аднагалосна”.
намесьнік старшыні праўленьня СП БССР М. Калачынскі, — і вось выступіў Пастарнак і першае, што ён сказаў: “Я сёньня ўсю ноч ня спаў, а таму выбачайце, калі што-небудзь змарожу”. І вось наступіў момант, калі ён “змарозіў”... (Доўга ж пакутаваў Пастар­нак ад бяссоньніцы. Я крыху ведаў Калачынскага, дзядзька ён быў увогуле неблагі, але паэт нецікавы, тым ня менш словы Пастарнака памятаў, нават вайна ня сьцерла значнасьці той сустрэчы).

На парадку дня пасяджэньня праўленьня СП БССР стаяла адно пытаньне — абмеркаваньне паводзін паэта Б. Пастарнака, не сумяшчальных са званьнем савецкага пісьменьніка. 29 кастрычніка, у дзень сходу, “Літаратура і мастацтва” перадрукавала зь “Литературной газеты” пастанову прэзыдыюму праўленьня СП СССР, бюро аргкамітэту СП РСФСР і прэзыдыюму праўленьня яго Маскоўскага аддзяленьня, дзе абвяшчаўся прысуд:

“Улічваючы палітычнае і маральнае падзеньне Б. Пастарнака, яго здраду ў адносінах да савецкага народу, да справы сацыялізму, міру, прагрэсу, аплочанае (так у арыгінале – па-расейску было “предательство”, але пераклалі халтурна, як Гугл) Нобэлеўскай прэміяй у інтарэсах распальваньня халоднай вайны” вышэйпералічаныя органы “пазбаўляюць Б. Пастарнака звань­ня савецкага пісьменьніка, вы­ключаюць яго зь ліку членаў Саюзу пісьменьнікаў СССР”.

Фактычна ад беларускіх пісьменьнікаў патрабавалася толькі тое, што сьціпла, у дужках, паведамлялася пад маскоўскай пастановай: “прынята аднагалосна”.

“Гэты празрэнны Пястрак”

Адкрыў пасяджэньне старшыня праўленьня СП БССР П. Броўка. Яго словы “Пастар­нак — сьмецьце, ён не заслугоўвае ні званьня савецкага пісьменьніка, ні званьня грамадзяніна, а наша літаратура пойдзе далей пад кіраўніцтвам нашай Камуністычнай партыі” былі

П. Броўка: Пастар­нак — сьмецьце, ён не заслугоўвае ні званьня савецкага пісьменьніка, ні званьня грамадзяніна, а наша літаратура пойдзе далей пад кіраўніцтвам нашай Камуністычнай партыі.
сустрэтыя воплескамі.

Пад іх прывычны шум у прэзыдыюме мог спакойна спаць сакратар ЦК КПБ па ідэалёгіі Ц. С. Гарбуноў, які прыйшоў прасачыць за “аднагалоснасьцю” — нечаканасьцяў не чакалася. Але, як сьведчыць стэнаграма “спрэчак”, ня ўсе думкі ўдзельнікаў сходу супалі адна з адной.

Першы прамоўца паведаміў пра ганебныя паводзіны Пастар­нака, які сядзеў, закрыўшыся на дачы, чатыры гады не плаціў членскіх узносаў і своечасова не перарэгістраваўся; згадаў студэнцкую дэманстрацыю з плякатам “Выгнаць з саюзу здрадніка Пастарнака” і пад канец заявіў: “Увесь савецкі народ, усе простыя людзі аднадушна асуджаюць здрадніка, які прадаўся амэрыканцам, як Юда”. Гэ­та быў нечаканы ход, бо Фэльтрынэлі, выдавец “Доктара Жывага», жыў у Міляне і па лёгіцы вынікала, што Пастарнак прадаўся італьянцам.

Такое адступленьне ад сацыялістычнага рэалізму крыху паправіў наступны прамоўца, калі зблізіў кантынэнты, атаясаміўшы ЗША і Швэцыю: “Гэты літаратурны сноб, гэ­ты паборнік мастацтва дзеля мастацтва, гэты паэт, якога сапраўды многія з нас не разумелі (дарэчы, я яго таксама не разумеў), ператварыўся ў звычайнага здрадніка на­роду. Нам зусім зразумела ўся падаплёка прысваеньня яму Нобэлеўскай прэміі. Па ўказцы ЗША надзяляюць юдавымі срэбранікамі такіх, як Па­старнак”.

Каб ня трапіць у якую-небудзь гісторыю з геаграфіяй, трэці абачліва ахарактарызаваў Пастарнака як унутранага эмігранта і перавёў гаворку ў больш блізкую для сябе сфэру батанікі: “Каля яго бы­ло невялікае акружэньне, якое лебязіла перад ім. Гэта тая грыбная цьвіль, зь якой вырастаюць мухаморы. Такі мухамор і вырас на гэтай гнілі, хоць і чырвоны і для некаторых вельмі прывабны. Цяпер, калі гэты мухамор сапраўды пасьпеў, стаў больш ядавітым, нашы ворагі знайшлі патрэбным выкарыстаць яго супраць нас”. Праўда, байкапісец забыўся, што ва ўмовах распальваньня халоднай вайны флёра, як і фаўна, патрабуе пільнага клясавага падыходу. Нешта ідэалягічна нясьпелае атрымалася з колерам, і, акрамя таго, мухаморам, як вядома, труцяць мух. Узьнікае пытаньне: з кім тады прамоўца параўнаў савецкіх людзей?..

Ад імя навукі ўнесьці яснасьць узяўся тагачасны дырэктар Інстытуту літаратуры. На жаль, працытаваць яго няможна, бо сынтаксіс і сэмантыка прамовы членкара АН БССР апынуліся па-за межамі разу­меньня стэнаграфісткі. Тэкст выступленьня становіць сабой слоўны масіў, дзе па прынцыпе частотнасьці вылучаюцца эпітэты на “анты”, а таксама злучнікі, адносныя займеньнікі і іншыя службовыя часьціны мовы. Як сьведчаць сёньня ўдзельнікі таго пасяджэньня, прамоўца паспрабаваў выйсьці за рамкі зададзенай тэмы, нечакана заявіўшы: “Гэты празрэнны Пястрак”, — але быў спынены разьюшаным П. Пестракам, які ў сваю чаргу запатрабаваў, каб акадэмік гаварыў па паперцы. На тое ён і акадэмік. У скарочаную стэ­награму гэтая навуковая дыскусія ня трапіла.

Аднак імпульс да творчасьці ня згас. Неўзабаве слухачы даведаліся, што Пастарнак – контра (А. Зарыцкі), крыніца фашызму (П. Пестрак), горшы за зладзеяў-рэцыдывістаў (Д. Палітыка). Справядлівасьць апошняга сьцьвярджэньня мог пацьвердзіць У. Дубоўка, які нядаўна вярнуўся са сталінскіх лягераў, дзе любы забойца стаяў куды вышэй за палітычнага. Але ён пачаў гаварыць нешта няўцямнае пра кітайскую літаратуру і, калі б не традыцыйная канцоўка, яго высту­пленьне можна было б расцаніць як вылазку былога ворага народу.

Асабліва — на фоне такой заявы: “Можа, ня толькі адзін такі мухамор Пастарнак вырас, можа быць, ёсьць і яшчэ такія мухаморы. Я памятаю, што выступаў Эрэнбург і абвясьціў Слуцкага на­родным паэтам. Я чытаў яго вершы і пераканаўся, што так можа пісаць толькі гад, а не савецкі чалавек. Таксама мне не спадабалася нядаўна перавыдадзеная кніга Бабеля аб конарміі”.

Проста і па-рымску прама. Ня тое, што блытанае выступ­леньне М. Хведаровіча, які ўспамінаў пра сустрэчу з Пастарнакам на маскоўскай нарадзе паэтаў у 1933 годзе, пра яго прыезд у Мінск у 1936-м. “Выступленьне Пастарнака (у 1936-м) пацьвердзіла тое, аб чым ён гаварыў на нарадзе ў 1933 годзе. Пастарнак не зрабіў ніякага руху наперад, і пасьля гэтага ні адна кніга яго ня выйшла”. У Пастарнака выйшлі тры зборнікі ў 40-я гады, але на лесапавал, дзе працаваў тады вораг народу Хведаровіч, кніжных навінак не завозілі. Як высьветлілася ў 1958 годзе, сярод успамінаў аб волі, якія дапамагалі выжыць вязьням Гулагу, у Хведаровіча была і памяць пра сустрэчы з Пастарнакам...

І тут беларускія нацыяналісты

На гэтым прамовы на сходзе завяршыліся. Апошнім, 13-м выступленьнем супраць Пастарнака стаў артыкул А. Зарыцкага ў “ЛіМе” (5.11.58 г.), сэнсацыйны зьмест якога пакуль застаецца па-за ўвагай дасьледчыкаў сувязяў беларускай і расейскай літаратур. Сярод тых, хто “як чорныя крумкачы на падлу зьляталіся на паклёпніцкі раман” і прымусілі Швэдзкую акадэмію аддаць прэмію Пастарнаку, аўтар нароўні з ЦРУ і Ватыканам называе нашых суайчыньнікаў за мяжой!

І для пацьвярджэньня цытуе “Ноес Дойчлянд”, якая ў сваю чаргу спасылаецца на заходнегерманскі часопіс “Шпігель”: “Глеба для прысуджэньня прэміі Пастарнаку была падрыхтаваная пры дапамозе міжнароднай змовы, галоўнымі ўдзельнікамі якой былі: Ватыкан, праславуты камітэт “Воль­ная Эўропа”, які складаецца з амэрыканскіх агентаў, і беларускія эмігранты”. Аўтар для яснасьці ўдакладняе: “Відавочна, гаворка ідзе аб беларускіх нацыяналістах”.

Я потым спрабаваў распытаць пра гэтую заяву старэйшую беларускую дыяспару, але мне казалі, што, вядома ж, гаворка ішла пра White Russians – белую эміграцыю.

І ўсё ж – ня ўсе

Тэкст афіцыйнай рэзалюцыі, прынятай у Менску 29 кастрычніка 1958 году, і інфармацыя аб сходзе пад загалоўкам “Аднадушнасьць пісьменьнікаў Беларусі” зьявіліся ў “ЛіМе” 1 лістапада: “Прэзыдыюм Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, выказваючы думку ўсіх пісьменьнікаў Беларусі, рашуча асуджае ганебны ўчынак Б. Пас­тарнака і аднадушна ўхваляе пастанову прэзыдыюму праўленьня СП СССР аб пазбаўленьні яго званьня савецкага пісьменьніка і выключэньні яго зь ліку СП СССР”.

Калі што і вымагае камэнтару ў гэтым тэксьце, дык дзеепрыметны зварот “выказваючы думку ўсіх пісьменьнікаў Беларусі”. Ня ўсіх. У

У сьпісе прамоўцаў зеўраюць правалы – няма прозьвішчаў Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. Ня выступіў Іван Мележ..
сьпісе прамоўцаў зеўраюць правалы – няма прозьвішчаў Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. Ня выступіў Іван Мележ.

Янка Брыль запісаў у нататнік у 1960 годзе, калі за мяжой пыталі пра раман, а яму даводзілася гаварыць пра вершы, пра бацьку мастака, толькі па сутнасьці пра “Доктара Жывага” – нічога. Дзе ж ты яго прачытаеш? Варта б нам ведаць тое, супраць чаго крычым”. Гэты запіс пад назвай “Прыкрасьць” надрукаваць Брылю ўдалося толькі праз 8 гадоў, у 1968-м.

(Начытаўшыся Брыля, у 1980-м я вяртаўся з паездкі на Мальту з ангельскамоўным “Доктарам Жывага” за пазухай. Мытню прайшоў бяз страт. Дома адкрыў: раман чамусьці пачынаўся як п’еса, зь пераліку дзейных асоб, тлумачылася, дзе імя, імя па бацьку, чаму Лара і Ларыса Фёдараўна – адна і тая ж асоба; перакладчыкі прасілі прабачэньня за недасканаласьць… Прачытаў першы разьдзел і паставіў кнігу на паліцу. Чакаць “Новый мир” давялося яшчэ 8 гадоў).

...И вот, бессмертные на время,

Мы к лику сосен причтены

И от болезней, эпидемий

И смерти освобождены...

Бесьсьмяротная толькі паэзія. Я вяртаўся зь Перадзелкіна. У цэляфане ад гвазьдзікоў ляжала зямля і сасновая шышка з магілы паэта. У кожным смалістым семачку чакала свайго часу стромкая, як паэзія Пастарнака, сасна.

Дом Барыса Пастарнака ў Перадзелкіне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG