Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускім МЗС заявілі, што вывучаюць сытуацыю вакол адкліканьня польскага амбасадара зь Беларусі і магчымасьці візыту міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Варшаву.


Прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў адносна канфлікту паміж не прызнаным уладамі Саюзам палякаў і афіцыйнай арганізацыяй сказаў:

“З улікам таго, што гаворка ідзе пра беларускую грамадзкую арганізацыю, якая складаецца зь беларускіх грамадзянаў, то гэта пытаньне не да МЗС. Мы лічым, што грамадзкія арганізацыі павінны самастойна рэгуляваць сваю дзейнасьць, і МЗС у іх справы ніяк ня ўмешваецца”.

Намесьнік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека адзначыў, што пытаньне вакол Дома польскага ў Івянцы будуць вырашаць мясцовыя ўлады і што справа дайшла да суду:

“Гэты Дом палякаў адносіцца ня толькі да той кагорты, якая за Борыс, а да ўсяго рэспубліканскага. Таму ідзе і вырашэньне. Гэта ня нашага ведамства пытаньні, што вакол гэтага дома робіцца. Мы працуем зь легітымным саюзам, які ўзначальвае сёньня Сямашка. Лісты, якія пісала нам Борыс, — мы давалі ёй адказ, што мы можам з вамі як грамадзянкай Рэспублікі Беларусь мець стасункі па ўсіх пытаньнях, якія датычаць польскай нацыянальнай супольнасьці. А ня так, як яна пісала на блянках і выдае сябе за старшыню нелегітымнага. Яе прызнаюць на Захадзе, але ў нас гэты саюз нелегітымны”.

Адносна таго, што афіцыйны Саюз палякаў заклікаў стварыць міжнародную незалежную камісію, якая б разгледзела сытуацыю польскай супольнасьці ў Беларусі, спадар Ламека сказаў:

“Мы ня супраць такой ініцыятывы, калі ўжо так далёка справы заходзяць. Мая пазыцыя, што мы павінны кансалідаваць усіх палякаў. Але і Анжаліка Борыс, і якія за ёю, павінны, відаць, крыху думаць, што з уладамі Рэспублікі Беларусь найперш трэба супрацоўнічаць, а не шукаць падтрымкі толькі недзе далёка на Захадзе. І ніяк не разумеючы абсалютную большасьць палякаў, якія проста не разумеюць гэтага ўсяго і абураюцца”.

А тое, што Анжаліку Борыс падтрымліваюць за мяжой, паводле спадара Ламекі, — “гэта натуральна, бо такім чынам робяць імідж для Беларусі”.

Нагадаем, што прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі выступіў з заяваю, у якой цалкам падтрымаў Саюз палякаў на Беларусі, якім кіруе Анжаліка Борыс, адзначыўшы, што палякі ў Беларусі “ўвесь час цярпяць ад неабгрунтаваных рэпрэсіяў”.

Камэнтуючы сытуацыю, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў аб поўнай падтрымцы Саюзу палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс.

“Улады паспрабавалі ў гэтай, адной з найбольш вялікіх грамадзкіх арганізацый у Беларусі, насадзіць свайго кіраўніка і вызначаць сфэры дзейнасьці гэтай арганізацыі. І большасьць сяброў Саюзу палякаў супраціўляюцца, хочуць быць незалежнай недзяржаўнай арганізацыяй. Таму мая пазыцыя адназначная. Тут ёсьць усе элемэнты парушэньняў і ўнутраных законаў, Канстытуцыі і ўсіх міжнародных пагадненьняў і элемэнтарнае парушэньне правоў чалавека. Я думаю, гэта будзе мець сур’ёзныя наступствы для магчымасьцяў дыялёгу. Безумоўна, рэакцыя будзе ня толькі Польшчы, але і міжнароднай супольнасьці, бо гэта дэманстратыўная рэпрэсія, нічым не прыхаваная і не абгрунтаваная. Ідзе зачыстка дэмакратычнага поля перад выбарамі. Можна пералічваць мноства фактаў, але ўсе яны сьведчаць аб тым, што ўлада страшэнна баіцца прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году. І дзейнічае абсалютна супраць інтарэсаў беларускага народу. Шлях да Эўропы — гэта наш нацыянальны інтарэс”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG