Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў саступіў праваабаронцам і журналістам


Рамзан Кадыраў

Рамзан Кадыраў

Прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў адклікаў у аўторак судовыя пазовы да праваабаронцаў і журналістаў. Паводле памочнікаў чачэнскага прэзыдэнта, Кадыраў зрабіў гэта на просьбу сваёй маці.


“The New York Times” у сёньняшнім нумары зьвяртае ўвагу на “незвычайную саступку” Кадырава. Пазовы, ад разбору якіх адмовіўся цяпер чачэнскі прэзыдэнт, былі пададзеныя пасьля таго, як Кадырава абвінавацілі ў дачыненьні да выкраданьня людзей, катаваньняў і забойстваў.

Амэрыканская газэта цытуе афіцыйнага прадстаўніка Кадырава Алві Карымава, які адзначыў, што адклікаць пазовы прэзыдэнта настойліва прасіла ягоная маці. З аналягічнымі просьбамі, паводле Карымава, зьвярталіся да Кадырава таксама вядомыя прадстаўнікі чачэнскай культуры і рэлігійныя дзеячы. Газэта падкрэсьлівае, што Карымаў ня змог адказаць на пытаньне, ці мае дачыненьне да рашэньня Кадырава Крэмль, якому прэзыдэнт Чачні падсправаздачны.

У сваю чаргу кіраўнік праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Алег Арлоў лічыць, што параду адмовіцца ад пазоваў чачэнскі прэзыдэнт атрымаў менавіта з Масквы. “Відавочна, што Рамзану Кадыраву параілі знайсьці нейкае выйсьце з той нязручнай сытуацыі, у якую ён сам сябе загнаў”, – сказаў Арлоў у інтэрвію “The New York Times”.

Кадыраў падаў на Арлова ў суд мінулае восені – пасьля таго, як старшыня “Мэмарыялу” абвінаваціў прэзыдэнта Чачні ў суўдзеле ў забойстве праваабароньніцы Натальлі Эстэміравай. Хоць гэты крымінальны пазоў цяпер адкліканы, Арлоў і кіраваная ім арганізацыя мусяць яшчэ выплаціць Кадыраву 2200 даляраў – паводле пастановы зь леташняга кастрычніка, якою маскоўскі суд часткова задаволіў іншы пазоў чачэнскага прэзыдэнта аб абароне гонару і годнасьці.

Апрача пазову да Арлова, Рамзан Кадыраў адклікаў у аўторак таксама пазовы да кіраўніцы Маскоўскай Хэльсынскай групы Людмілы Аляксеевай і да журналістаў незалежнага выданьня “Новая газета”, вядомага сваёй крытыкаю расейскай палітыкі ў Чачні.

Амэрыканская газэта зьвяртае ўвагу, што рашэньне Кадырава адклікаць пазовы зьявілася праз колькі тыдняў пасьля прызначэньня прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзем свайго прадстаўніка на Паўночным Каўказе. “Узьнікае пытаньне, ці можа цяпер чачэнскі лідэр страціць беспасярэдні доступ да найвышэйшых прадстаўнікоў улады ў Маскве”, – піша “The New York Times”.

XS
SM
MD
LG