Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У той час, калі ўвесь астатні сьвет думае, як засьцерагчы свае інтэрнэтныя камунікацыі ад патэнцыйнага ўзламаньня кітайскімі кібэршпіёнамі, сёньняшняе выданьне амэрыканскай International Herald Tribune пераконвае, што кітайскае кіраўніцтва само сур’ёзна заклапочанае выклікамі, якія інтэрнэт стаўляе перад бясьпекай і палітычнай стабільнасьцю краіны.


У артыкуле пад загалоўкам «Пэкін баіцца небясьпекі незацуглянага інтэрнэту» аўтары, Шаран ЛаФраньер і Джонатан Энсфілд, аргумэнтуюць, што кітайская палітыка татальнага кантролю над інтэрнэтам можа быць часткова выкліканая боязьзю, што Захад — больш прасунуты ў інтэрнэце тэхналягічна — выкарыстоўвае гэтую сваю перавагу, каб выкрадаць кітайскія вайсковыя сакрэты і выклікаць унутраныя закалоты ў краіне.

Артыкул цытуе кароткую занатоўку з кітайскай газэты Global Times зь мінулага сьнежня пра тое, як неназваная выведная арганізацыя пранікла пры дапамозе адпаведнай электроннай пошты ў базу дадзеных дасьледчага кітайскага інстытуту і скрала вайсковыя сакрэты пра кітайскія падводныя лодкі.

«Кітай хоча выразна заявіць, што і ён стаіць пад сур’ёзнымі атакамі шпіёнаў у інтэнэце», — сказаў International Herald Tribune аўтар згаданай занатоўкі ў кітайскай газэце.

Паводле афіцыйнай кітайскай прапаганды, інтэрнэт адыграў вялікую ролю ў арганізацыі беспарадкаў у сталіцы Тыбэту Лхасе ў сакавіку 2008 году ды крывавых этнічных беспарадках у правінцыі Сіньцьзян, ва Ўйгурскім аўтаномным рэгіёне ў паўночна-заходняй частцы Кітаю.

Кітайскія ўлады таксама з заклапочаньнем глядзелі на ролю, якую сайт Twitter ды новыя інтэрнэтныя тэхналёгіі адыгралі ў арганізацыі антыпрэзыдэнцкіх дэманстрацый у Іране летась.

«Якім чынам дайшло да беспарадкаў у Іране? Гэта здарылася таму, што Амэрыка пачала вайну онлайн, празь відэа на YouTube і мікраблогі на Twitter’ы распаўсюджвала чуткі, выклікала падзелы і сеяла нязгоду» — напісаў орган Камуністычнай партыі Кітаю ў мінулым месяцы.

Пасьля беспарадкаў у Сіньцьзяне і пратэстаў у Іране кітайскія ўлады зачынілі тысячы сайтаў унутры краіны, завастрылі цэнзуру электроннай пошты, пачалі блякаваць сайты накшталт YouTube, Facebook i Twitter ды пачалі ствараць свае ўласныя альтэрнатывы для іх.

«Здаўна вядома, што Захад мацнейшы за нас у сфэры інфармацыйнай бясьпекі. Большасьць асноўных тэхналёгій і прадуктаў у сфэры інфармацыйнай бясьпекі знаходзіцца ў краінах Захаду, і гэта стварае вялікую імавернасьць атакаў супраць важных інфармацыйных сыстэмаў Кітаю з боку варожых сілаў», — газэта International Herald Tribune цытуе перасьцярогу з сайту Міністэрства грамадзкай бясьпекі Кітаю.
XS
SM
MD
LG