Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраюцца беларуска-польскія дачыненьні?


Захоп міліцыяй «Дома польскага» ў Івянцы прывёў да дыпляматычнага дэмаршу Польшчы. У чым прычыны абвастрэньня канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі? Чаму беларускія ўлады ідуць на яго эскаляцыю? Як канфлікт паўплывае на дачыненьні Беларусі з Польшчай?

Каміль Клысінскі
Анджэй Пісальнік
Валер Карбалевіч

Удзельнікі: журналіст Анджэй Пісальнік з Горадні і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

У чым прычыны абвастрэньня канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі?


Валер Карбалевіч: «Апошнім часам канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) пачаў абвастрацца. У дзяржаўных мэдыях зьявіліся матэрыялы з рэзкімі ацэнкамі дзейнасьці непрызнанага Саюзу палякаў. І кульмінацыяй канфлікту сталі падзеі ў Івянцы. У чым прычыны абвастрэньня канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі? Гэта сьвядомая правакацыя беларускіх уладаў, або да канфлікту прывяло стыхійнае разьвіцьцё падзей, а ўлады проста вымушаныя былі на яго рэагаваць?»

Анджэй Пісальнік: «Здаецца, прычына ў тым, што ўлады самі паверылі сваёй прапагандзе. Яны ўпэўніліся, што СПБ на чале з Борыс — гэта невялічкая група людзей, за якой не стаіць шырокай грамадзкай падтрымкі. І вось пасьля пяці гадоў дэлегалізацыі гэтай арганізацыі паспрабавалі вырашыць пытаньне ў Івянцы. Але нечакана сустрэлі супраціў».

Каміль Клысінскі: «Можна гэта тлумачыць перадвыбарным кантэкстам. СПБ — няўрадавая арганізацыя, якая мае пэўныя правы на ўдзел у выбарах. Магчыма, гэтая падстава.

Але ёсьць і іншы важны чыньнік. На пятніцу прызначаны візыт міністра замежных спраў Мартынава ў Варшаву і яго сустрэча зь міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім. Гэта першы візыт міністра
На пятніцу прызначаны візыт міністра замежных спраў Мартынава ў Варшаву. І ў такім кантэксьце скандал з СПБ набывае іншае адценьне.
замежных спраў Мартынава ў Польшчу за некалькі гадоў. І ў такім кантэксьце скандал з СПБ набывае іншае адценьне.

Магчыма, камусьці ў кіроўных вярхах Беларусі хочацца сарваць гэты візыт. А магчыма, Менск такім чынам вырашыў абазначыць свае ўмовы на перамовах у пытаньні СПБ».

Карбалевіч: «На маю думку, усе важныя палітычныя рашэньні ў Беларусі прымае адзін чалавек. І нават калі б нейкая група ці спэцслужба паспрабавала нешта справакаваць, то гэтых людзей лёгка паставіць на месца».

Клысінскі: «Безумоўна, Лукашэнка прымае асноўныя рашэньні. Але ён цяпер знаходзіцца ў адпачынку ў Швайцарыі. А падзеі ў Беларусі разгортваюцца хутка. Таму, здаецца, ня ўсе рашэньні ў гэтым пытаньні прымаў ён асабіста».

Эскаляцыя канфлікту


Карбалевіч: «Навошта цяпер улады ідуць на эскаляцыю канфлікту? Навошта было захопліваць „Дом польскі“ ў Івянцы бяз важкіх юрыдычных падстаў? Можна было б пачакаць рашэньня суду і тады ўжо, нібыта на законнай аснове, гэта зрабіць. Чаму яны так сьпяшаюцца?»

Пісальнік: «Вось менавіта ў кантэксьце візыту Мартынава ў Варшаву беларускія ўлады сьпяшаюцца атрымаць больш аргумэнтаў для перамоваў з польскім бокам. Акрамя захопу „Дома польскага“ ў Івянцы, была фактычна зачынена фірма „Палоніка“, якая дзейнічала ў рамках СПБ на чале з Борыс і дапамагала ажыцьцяўляць легальную асьветніцка-культурную дзейнасьць. Лёгіка ўладаў такая: захапіць вялікі абшар, а потым пайсьці на пэўныя саступкі».

Клысінскі: «Ацэнка сп. Пісальніка вельмі верагодная. Беларускія ўлады часта дзейнічаюць у рэчышчы стратэгіі „прытоку-адтоку“. Так яны вядуць перамовы і з Расеяй, і з ЭЗ».

Абвастрэньне беларуска-польскіх дачыненьняў


Карбалевіч: «У знак пратэсту супраць дзеяньняў беларускіх уладаў у Івянцы Варшава адклікала свайго амбасадара для кансультацый. Гэта наймацнейшае абвастрэньне беларуска-польскіх дачыненьняў з 2005 году, калі пачаўся гэты канфлікт вакол Саюзу палякаў. Чаго можна чакаць? Як падзеі будуць разьвівацца далей? Як адаб’ецца гэты канфлікт на дачыненьнях Беларусі з Эўразьвязам? Ці ня можа так здарыцца, што Варшава ўвогуле адменіць візыт Мартынава ў знак пратэсту?»

Пісальнік: «Здаецца, візыт ня будзе адменены. Бо польскі міністар Сікорскі ўжо заявіў, што адбудзецца мужчынская размова з Мартынавым. Ад вынікаў гэтых перамоваў залежыць, ці вернецца амбасадар Польшчы ў Менск. Пытаньне ў тым, ці будзе мець Мартынаў паўнамоцтвы, каб рабіць саступкі».

Клысінскі: «Я ацэньваю пэрспэктывы беларуска-польскіх дачыненьняў станоўча. Бо ўсё гэта адбываецца на фоне дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем, рэалізацыі праграмы «Ўсходняе партнэрства».

Карбалевіч: «Зусім нядаўна Польшча заблякавала разьвіцьцё дачыненьняў паміж ЭЗ і Расеяй. Ці можа і цяпер Варшава заняць жорсткую пазыцыю, так што дачыненьні Беларусі і ЭЗ падвіснуць?»

Пісальнік: «Шмат будзе залежаць ад таго, як да гэтай праблемы паставяцца партнэры Польшчы ў ЭЗ. Калі Польшча адчуе падтрымку Нямеччыны, Францыі, то можа пайсьці на абвастрэньне і заблякаваць дыялёг Беларусі і ЭЗ».

Карбалевіч: «Ці можа ЭЗ ахвяраваць дыялёгам зь Менскам дзеля падтрымкі Польшчы ў гэтым пытаньні?»

Клысінскі: «ЭЗ будзе ўлічваць гэтае пытаньне. Эўрапарлямэнт ужо некалькі разоў уключаў пытаньне СПБ у свае рэзалюцыі па Беларусі. Таксама Эўракамісія ўзгадала гэтую праблему. То бок пытаньне застаецца на парадку дня ЭЗ».

Карбалевіч: «Чаму беларускія ўлады не баяцца сапсаваць праз гэтае пытаньне дачыненьні з ЭЗ у момант, калі яны трапілі ў неспрыяльную сытуацыю? Пасьля паразы Беларусі ў нафтавым канфлікце з Расеяй ёй патрэбны грошы, інвэстыцыі, крэдыты МВФ. І тым ня менш Менск ідзе на эскаляцыю ў такім вострым для заходняй сьвядомасьці пытаньні, як правы нацыянальных меншасьцяў. Чаму?»

Пісальнік: «Прапаную такую вэрсію. У Расеі існуе думка, што Беларусь павярнула на Захад. Магчыма, беларускія ўлады распачалі гэты канфлікт, каб памяняць такую думку, давесьці, што Беларусь застаецца з Расеяй».

Клысінскі: «Сапраўды, можна зыходзіць з такой лёгікі, што чым горшыя дачыненьні з Расеяй, тым больш Менск павінен шукаць паразуменьня з Захадам. Але ў беларускіх уладаў свая лёгіка. Мусіць, яны лічаць, што чым больш жорсткую пазыцыю яны будуць займаць, тым больш выйграюць і на Ўсходзе, і на Захадзе. Яны хочуць давесьці, што ніякай дэмакратызацыі ня будзе. Але гэта вельмі рызыкоўная стратэгія. Бо можна прайграць».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG