Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці лёгка быць французам?


Пачынаючы з наступнага школьнага году, кожны францускі вучань атрымае гэтак званы "дзёньнік маладога грамадзяніна" (le carnet de jeune citoyen), у якім будуць запісвацца яго "грамадзянскія ўчынкі". Кожная француская школа будзе абавязана вывесіць над сваім будынкам нацыянальны трыкалёр, а ў кожнай клясе будзе прэзэнтавацца "Дэклярацыя правоў чалавека і грамадзяніна", якую францускі народ прыняў у 1789 годзе, калі зрынуў манархію і ўсталяваў рэспубліку. І вучні прынамсі раз на год будуць разам сьпяваць "Марсэльезу".


Французы сьвядомыя і несьвядомыя

Сярод іншага такія захады, накіраваныя на ўмацаваньне пачуцьця прыналежнасьці французаў да францускай нацыі, прыняў учора францускі ўрад у якасьці падсумаваньня агульнанацыянальнага абмеркаваньня стану нацыянальнай ідэнтычнасьці ў краіне.

Ад кастрычніка 2009 да канца студзеня 2010 году ў Францыі трывалі гэтак званыя "дэбаты аб нацыянальнай тоеснасьці" (le debat sur l’identité nationale). Галоўным арганізатарам дэбатаў, якія ініцыяваў прэзыдэнт Нікаля Сарказі, быў Эрык Бэсон, міністар іміграцыі, інтэграцыі і нацыянальнай тоеснасьці ў кабінеце прэм’ер-міністра Франсуа Фіёна. Урад запрапанаваў французам выказацца на тэму "Што сёньня значыць быць французам?", адкрываючы адмысловы сайт у інтэрнэце дзеля гэтага ды арганізуючы па ўсёй краіне каля 350 сходаў-абмеркаваньняў, на якія маглі прыйсьці ўсе, хто пажадае.

Дэбаты выклікалі шмат палітычных і грамадзкіх эмоцый у Францыі, у якой, паводле ацэнак, пражывае каля 5-6 мільёнаў мусульманаў, большая частка якіх адчувае сябе дыскрымінаванай у палітычным і эканамічным жыцьці ды ня надта хоча асымілявацца ў францускай культуры і прыняць "рэспубліканскія каштоўнасьці".

Сарказі крадзе электарат у Лё Пэна

А што ўяўляюць сабою "рэспубліканскія каштоўнасьці" ў Францыі?

"Свабода, роўнасьць, братэрства. І сэкулярызацыя. Шмат каму цяжка зразумець, што сэкулярызацыя зьяўляецца адным з краевугольных камянёў францускага сьветабачаньня", — назваў гэтыя каштоўнасьці міністар Эрык Бэсон падчас згаданых дэбатаў.

Палітычныя апанэнты абвінавачвалі прэзыдэнта Сарказі, што дэбаты былі разьлічаныя перш за ўсё на тое, каб узмацніць пазыцыю ягонай партыі, Саюзу за народны рух, перад рэгіянальнымі выбарамі ў сакавіку. Сарказі, уздымаючы ў дэбатах аб нацыянальнай тоеснасьці вельмі гарачую ў грамадзтве тэму адносінаў дзяржавы да мусульманскіх імігрантаў, аргумэнтавалі яго апанэнты, стараецца перад выбарамі перахапіць электарат крайне правага Нацыянальнага фронту, кіраванага Жанан-Мары Лё Пэнам.

Але шмат хто прызнаваў рацыю і за Сарказі, які сьцьвярджаў у публічных апраўданьнях дэбатаў, што якраз маўчаньне вакол набрынялай праблемы мусульманскіх імігрантаў у Францыі вядзе да яе паглыбленьня, а нацыянальная дыскусія можа даць нейкія станоўчыя зрухі ў бок лепшай інтэграцыі гэтых імігрантаў у францускім грамадзтве.

Лепш біцца ў інтэрнэце, чым на вуліцах

"Гара нарадзіла мыш", — працытавала сёньняшняе выданьне Le Monde думку аднаго францускага гісторыка пра захады, якія прыняў урад пасьля заканчэньня дэбатаў аб нацыянальнай тоеснасьці. "Крызыс нацыянальнай тоеснасьці прыдумаў сам урад. Уся гэтая мітусьня служыць толькі выбарчым мэтам", — дадаў той гісторык.

Праўда гэта ці не — невядома. Але прадстаўнікі ўраду прызналіся, што амаль чацьвертую частку камэнтароў, якія прыйшлі ад французаў на сайт, прысьвечаны абмеркаваньню нацыянальнай тоеснасьці, яны былі вымушаныя выдаліць з увагі на іх расісцкі і ксэнафобскі характар і зьмест. У чым, здаецца, трэба бачыць посьпех, а не паразу дэбатаў. Бо ўсё ж лепш, калі людзі шпурляюць адны ў адных абразамі ў інтэрнэце, чым камянямі на вуліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG