Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія фэрмэры пішуць галоўнаму кантралёру


Штогадовы сход фэрмэраў у Гомелі.

Штогадовы сход фэрмэраў у Гомелі.

Сёньня фэрмэры Гомельшчыны на сваім штогадовым сходзе вырашылі зьвярнуцца па абарону ад чыноўнікаў да старшыні камітэту Дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. На сходзе прыводзіліся такія лічбы: маючы ў сваім распараджэньні 1 працэнт наяўнай зямлі, фэрмэры рэгіёну вырошчваюць блізу 9 адсоткаў бульбы й звыш 15 адсоткаў усёй гародніны. Летась яны заплацілі ў бюджэт 1 мільярд 463 мільёны рублёў падаткаў.

Вядомы на ўсю краіну тураўскі фэрмэр Міхаіл Шруб агучыў на сходзе такія лічбы: цягам пяці гадоў ягоная гаспадарка атрымлівае ў 4 разы меней фінансавай падтрымкі, чымсьці любы калгас у раёне. І гэта пры тым, што эфэктыўнасьць вытворчасьці ў гаспадарцы Шруба нашмат вышэйшая, а заробкі ў людзей складаюць 1 мільён рублёў — у 2 разы больш, чым у раёне:

Міхаіл Шруб
Міхаіл Байда
Уладзімер Цярэнцьеў
«Парушаецца адзін з асноўных законаў, які забараняе ўладам ствараць асобным прадпрыемствам канкурэнтныя перавагі ў працы. Магчыма, наш ліст выкінуць ці адмахнуцца ад яго. Але калі гэтага ліста ня будзе, ведаю дакладна, што нічога не зварухнецца».

Старшыня абласной асацыяцыі фэрмэраў Міхаіл Байда кажа, што нават пусты будынак, якіх, дарэчы, у рэгіёне каля 1 тысячы, фэрмэру набыць надзвычай складана:

«За свае 9 гадоў, якія я працую ў асацыяцыі, я ня ведаю выпадку, калі б фэрмэру выдзелілі сродкі, напрыклад, на пабудову жывёлагадоўчай фэрмы.

Больш за тое, у нас у вобласьці, паводле розных зьвестак, ад 900 да 1200 памяшканьняў пустуюць, не выкарыстоўваюцца. Атрымаць фэрмэру такое памяшканьне — праблема».

Вялікая праблема — і атрыманьне зямлі ад райвыканкамаў.

Затое праверак і пакараньняў у фэрмэраў хоць адбаўляй.

Уладзімер Цярэнцьеў, фэрмэр зь вёскі Баравікі Сьветлагорскага раёну, які займаецца разьвядзеньнем рыбы, прасіў у калегаў абароны ад інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету пры прэзыдэнце. Увосень ён злавіў з сынам ва ўласнай сажалцы 5 кілё рыбы. Сына фэрмэра аштрафавалі за браканьерства, а самога фэрмэра паводле акту інспэкцыі цягаюць у гаспадарчы суд, каб пакараць за лоўлю рыбы безь ліцэнзіі:

«У мяне сямнаццаць вадаёмаў. Я запусьціў больш як на 30 мільёнаў рублёў малькоў і вырошчваю іх. А мне кажуць: у цябе няма ліцэнзіі! І падалі ў гаспадарчы суд. Цяпер там разьбіраюцца. Судзьдзя мне адразу сказала: рыхтуй сама мала 17 мільёнаў рублёў штрафу. Рыбу, якую я вырасьціў, я ня маю права лавіць, бо ў мяне няма ліцэнзіі. Прычым у сваіх вадаёмах, якія я выкапаў за 75 мільёнаў».

Дэкляраваная дзяржавай падтрымка фэрмэрскіх гаспадарак часта носіць сымбалічны характар. Летась на падтрымку фэрмэраў рэгіёну Мінфін меўся накіраваць 350 мільёнаў рублёў субсыдый. Насамрэч атрымалі толькі 214 мільёнаў. Сёлета плянуецца яшчэ меней — 150 мільёнаў. У той жа час аграрны сэктар вобласьці атрымаў 773 мільярды рублёў дзяржаўных субсідый.
XS
SM
MD
LG