Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўзбэкістане судзяць за фотакалекцыю


Уміда Ахмедава

Уміда Ахмедава

Міжнародны рэзананс выклікаў судовы перасьлед узбэцкімі ўладамі фатографа і кінарэжысэра Уміды Ахмэдавай паводле абвінавачаньня ў паклёпе. За яе працы, у якіх адлюстраванае жыцьцё узбэцкіх вяскоўцаў, Ахмэдавай пагражае да двух гадоў працоўнага лягеру ці шэсьць месяцаў турэмнага зьняволеньня.


Ташкенцкі суд распачаў сёньня разгляд справы 54-гадовай Уміды Ахмэдавай, паводле абвінавачаньня ў тым, што яе працы зьяўляюцца абражальнымі і наносяць шкоду іміджу краіны. Прычынай для абвінавачаньня паслужыла яе фотакалекцыя "Жанчына і мужчына: ад сьвітанку да ночы", у якой адлюстраваныя жыцьцё і нягоды жыхароў узбэцкіх вёсак. Незадаволенасьць уладаў выклікаў таксама яе дакумэнтальны фільм "Цяжар цноты", у якім апісваюцца нацыянальныя шлюбныя традыцыі Ўзбэкістану.

Першапачаткова рэжысэрка была арыштаваная 16 сьнежня. У мінулым месяцы ўлады пазнаёмілі яе адваката з заключэньнем камісіі экспэртаў, зь якога вынікала, што Ахмэдава паказала жыцьцё ўзбэцкіх людзей і іх традыцый у нэгатыўным сьвятле.

"90 адсоткаў фотаздымкаў было зроблена ў аддаленых і слабаразьвітых узбэцкіх вёсках", - гаворыцца ў заключэньні камісіі. - "Чаму Ахмэдава не здымала прыгожыя краявіды, сучасныя будынкі ці заможныя вёскі?"

"Аўтар засяроджвае ўвагу на дзьвюх традыцыях: шлюб і абразаньне. У абодвух выпадках яна перадае тое, як людзі плачуць - ці разьвітаньне жанчынаў з бацькам, ці плач хлопчыкаў... Аўтарка яўна хоча выставіць узбэкаў варварамі".

Абодва крытыкаваныя ўладамі праекты былі фінансаваныя Швайцарскай амбасадай у Ташкенце. Кароткамэтражны фільм "Цяжар цноты" быў прадэманстраваны летась напярэдадні Міжнароднага дня жанчын. У карціне апісваецца надзвычайная важнасьць, якую узбэцкая традыцыя надае захаваньню жаночай цнатлівасьці да шлюбу. Пасьля супярэчлівай рэакцыі ва ўзбэцкім грамадзтве чыноўнікі амбасады, якія фінансавалі праект, дыстанцыяваліся ад яго.

Фотагалерэі Ахмэтавай атрымалі міжнароднае прызнаньне. У 2004 годзе яна атрымала Гран-Пры расейскага конкурсу Інтэр-Прэс-Фото.

Міжнародная асацыяцыя крытыкаў мастацтва накіравала узбэцкім уладам зварот з заклікам апраўдаць Ахмэдаву. Зварот падпісала каля тысячы творцаў, крытыкаў ды праваабаронцаў.

Дакумэнтальны фільм "Цяжар цноты":

XS
SM
MD
LG