Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малады фронт”: 14-га лютага 14-е шэсьце


Акцыя на Дзень сьвятога Валянціна ў 2008 годзе
Акцыя на Дзень сьвятога Валянціна ў 2008 годзе

Актывісты «Маладога фронту» рыхтуюць вулічную акцыю на 14 лютага пад лёзунгам: «Люблю Беларусь!» Ад 1997 году маладафронтаўцы адзначаюць дзень сьвятога Валянціна вулічным шэсьцем. За гэта яны адбывалі арышты, плацілі штрафы, некаторыя зазналі крымінальны перасьлед. Маладафронтаўцы заяўляюць, што адмоваю даць памяшканьне ў гатэлі «Crown Plaza» ўлады самі падштурхнулі іх правесьці акцыю ў традыцыйным фармаце.

Актывісты «Маладога фронту», рыхтуючы акцыю 14-га лютага, робяць з паперы сэрцайкі, кветкі, віншавальныя паштоўкі. Як паведаміў лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч, маладафронтаўцы зьбяруцца на плошчы Свабоды і пройдуць шэсьцем да Кастрычніцкай плошчы.

8 лютага спэцназаўцы праз 3 хвіліны разагналі акцыю салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. Моладзевых актывістаў з розных арганізацый прывезьлі ў міліцыю і там прымусілі больш за 2 гадзіны стаяць тварам да сьцяны.

Нягледзячы на гэта, маладафронтаўцы вырашылі ладзіць сьвяточнае шэсьцне.

«14 лютага „Малады фронт“ правядзе 14-ю па ліку акцыю. Штогод мы распачынаем вясну шэсьцем на дзень сьвятога Валянціна.

Летась акцыю жорстка разагналі на плошчы Якуба Коласа. Сёлета мы зьбярэмся каля Ратушы. Калі ўлада жадае, каб нейкае мерапрыемства прайшло мірна, то яно мірна й адбываецца».

Першае вулічнае шэсьце ў дзень сьвятога Валянціна адбылося ў 1997 годзе. Тады амапаўцы разагналі акцыю. 30 чалавек трапілі ў міліцэйскі пастарунак.

У 1999 годзе маладафронтаўцы прайшлі ад плошчы Свабоды да вуліцы Варвашэні. Там Яўген Скочка падпаліў скрыню з пэтардамі. За гэта супраць яго распачалі крымінальную справу і пакаралі годам зьняволеньня ўмоўна.

Пазьней акцыі ў дзень сьвятога Валянціна то дазвалялі, то забаранялі. Некалькі разоў іх жорстка разганялі. Дзясяткі чалавек адбылі арышты і заплацілі штрафы.

Павал Севярынец
Былы лідэр «Маладога фронту» Павал Севярынец прыгадаў, што менавіта пасьля забаронаў шэсьця ўлады распачалі прапагандысцкую кампанію, даводзячы, што сьвята ў дзень сьвятога Валянціна чужое для беларусаў і навязваецца Захадам. Пазьней яны пачалі ладзіць у гэты дзень канцэрты, каб адцягнуць увагу ад вулічнай акцыі.

«Ад гэтага пачалася гісторыя шырокага сьвяткаваньня дня сьвятога Валянціна ў Беларусі. Для нас гэта ня дзень каханьня, як ён падаецца на шырокую публіку, для нас гэта дзень любові да сваёй краіны, любові да Бога, да бліжняга. У першапачатковым хрысьціянскім значэньні сьвяты Валянцін пацярпеў за веру, бо вянчаў каханых, а ў часы Рымскай імпэрыі хрысьціянства было пад забаронай.

„Малады фронт“ стаў дэтанатарам таго выбуху сьвяткаваньня, які назіраецца цяпер. Тады ж улады, БРСМ, прафсаюзы агітавалі супраць і, самі таго не жадаючы, зрабілі рэкляму. Так што закаханыя парачкі ў Беларусі могуць быць удзячныя маладафронтаўцам за гэтае сьвята».

Наста Палажанка
За час існаваньня «Маладога фронту» ў ім зьмяніліся чатыры, як самі маладафронтаўцы кажуць, «пакаленьні». Для Насты Палажанкі сёлета адбудзецца шостая па ліку акцыя.

«Гэта акцыя, калі мы імкнемся перадаць словы любові да краіны. 14 лютага мы выходзім на вуліцу і кажам, як мы любім сваю краіну і што будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб зрабіць краіну яшчэ лепшай. Няважна, як гэтая акцыя скончыцца. Мы ідзем на яе з адчуваньнем сьвяточнага дня».

Мікола Дземідзенка летась упершыню ўдзельнічаў у акцыі.

Мікола Дземідзенка
«Летась мы не пасьпелі нават выйсьці з плошчы. Нас адразу ж абкружылі, пачалі зьбіваць... Павалілі на зямлю і каля 10 хвілінаў зьбівалі. На тым акцыя й скончылася. Мы сёлета вырашылі зьмяніць фармат, але не таму, што спалохаліся, а таму, што разумелі, што малая колькасьць народу будзе. Але ўлады зрабілі ўсё, каб мы не мянялі традыцыйны фармат акцыі і выйшлі на вуліцу».

Павал Севярынец, падсумаваўшы свае назіраньні за акцыямі на 14 лютага, прыйшоў да высновы:

«Калі шмат людзей выходзіла на дзень сьвятога Валянціна, то й дзень Волі, і «Чарнобыльскі шлях» абяцалі быць шматлюднымі і масавымі. Калі ж ён адбываўся камэрным, сьціплым, то й вясновыя акцыі былі нешматлюдныя. Гэта такая «маладафронтаўская народная прыкмета».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG