Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Браты-ўкраінцы, што ж вы нарабілі?”


Падрыхтоўка да мясцовых выбараў у Беларусі, вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Зараз падводзяцца вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісій. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Віктар: «Наконт выбараў мяркую, што трэба абавязкова ўключаць у камісію прадстаўніка ад кожнага кандыдата з правам праверкі ўсіх бюлетэняў. Выбары павінны праходзіць толькі адзін дзень з 8 да 22 гадзіны. Гэта выключыць спрэчкі пра бюлетэні, якія могуць быць падкінутыя ўначы. Скрыні павінны быць празрыстыя, як на Ўкраіне. Будуем палацы для адданых апрычнікаў, а на скрыні грошай няма».

Слухачы таксама працягваюць выказвацца на тэму прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне:

Спадарыня: «Юлію Цімашэнку ва Ўкраіне падтрымалі збольшага заходнія рэгіёны. Нашага Лукашэнку ў асноўным любяць на Ўсходзе. Можа, таму ён так інстынктыўна баіцца ўсяго і б’е па непадуладным яму Саюзе палякаў у Беларусі».

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: «Самае вялікае дасягненьне ўкраінскай дэмакратыі палягае ў тым, што там ёсьць вольны і свабодны выбар прэзыдэнта. А ў нас ёсьць Аляксандар Лукашэнка: у адной кішэні ў яго Адольф Гітлер, а каля сэрца — Ёсіф Вісарыёнавіч Сталін».

Спадарыня: «Можна павіншаваць Януковіча зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах, але Юля таксама апынулася на вышыні. Вынікі амаль аднолькавыя. Краіна вялікая, няхай было б два прэзыдэнты, хай бы наладзілі спаборніцтва і ў канцы б параўналі, хто спрацаваў лепш».

Спадар: «Браты-ўкраінцы, што ж вы нарабілі, каго вы выбралі? Трэба было ўсё-ткі за Юшчанку, таму што ён выбраў Свабоду. Браты-браты, што ж вы робіце?»

Спадар: «Як вы гледзіце на тое, што Юшчанка даў званьне героя Ўкраіны ўкраінскаму фашысту Сьцяпану Бандэру?»

На пытаньне адказвае гісторык Алесь Смалянчук:

Алесь Смалянчук
«Па-першае, я катэгарычна супраць слова „фашыст“ у дачыненьні да Бандэры, бо Бандэра ўсю вайну праседзеў у нацысцкім канцэнтрацыйным лягеры і ніколі ня ўдзельнічаў у вайсковых дзеяньнях на баку нацыстаў. Бандэра і ўкраінскі рух супраціву змагаліся за незалежнасьць сваёй краіны. Ацэньваючы гэтыя падзеі з пункту гледжаньня гісторыі Украіны, лічу, што Юшчанка меў падставы гэта зрабіць».

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Андрусь, Асіповічы: «Маё меркаваньне такое той жанчыне, якая за Вячорку і за Лябедзьку. Няма лідэраў, акрамя Зянона Пазьняка. Толькі Зянон! Жыве Беларусь!»

Курневіч, Барысаў: «Лукашэнка маю сымболіку выкінуў. А бяз нашых каранёў, мовы сваей нам няма дарогі далей. Беларусы разыдуцца, у канглямэраце Расеі апынуцца. Будзе бяда. А можа, нас ужо як нацыі няма? Няўжо нашы дэпутаты, якіх мы будзем хутка выбіраць, гэтага ня могуць зразумець? Бывае, нават зайздрасьць бярэ: разам прыбалты, палякі сваю мову берагуць. Зьявіся ў маленькай Эстоніі прэзыдэнт-хамелеон, эстонцы яго адразу выкінуць вон».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG