Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Саюз палякаў зьвяртаецца па дапамогу міжнароднай супольнасьці


Афіцыйны Саюз палякаў заклікае стварыць міжнародную незалежную камісію, якая б разглядзела сытуацыю польскай супольнасьці ў Беларусі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на намесьніка старшыні гэтага грамадзкага аб'яднаньня Алену Богдан.


Алена Богдан сьцьвярджае, што 9 студзеня дырэктар Дома польскага ў мястэчку Івянец Валожынскага раёна Менскай вобласьці Тэрэса Собаль была выключана са складу аб'яднаньня за адмову ўдзельнічаць у зьездзе зарэгістраванага СПБ. І што ў Івянецкай арганізацыі аб'яднаньня адбыліся выбары новага кіраўніка, якім стаў Станіслаў Бурачэўскі. Зараз ён знаходзіцца ў Доме польскім Івянца і прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. Алена Богдан адмовілася камэнтаваць адкліканьне амбасадара Польшчы ў Беларусі Генрыка Літвіна ў зьвязку з падзеямі ў Івянцы.

8 лютага ў Дом польскі прыбылі судовыя выканаўцы ў суправаджэньні супрацоўнікаў міліцыі. Яны памянялі ў будынку ўсе замкі, заявілі, што кіраўніцтва Дома незаконна завалодала чужой маёмасьцю, і папрасілі ўсіх пакінуць будынак для апісаньне маёмасьці. Актывісты мясцовай арганізацыі неафіцыйнага СПБ на чале з Тэрэсай Собаль змушаныя былі пакінуць Дома, назваўшы гэтыя дзеньні "захопам".

Саюз палякаў на Беларусі – польская грамадзкая і культурная арганізацыя, створаная ў чэрвені 1990. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Горадні.

Пасьля сканчэньня ў 2004 годзе тэрміну паўнамоцтваў старшыні Тадэвуша Кручкоўскага на VI зьездзе СПБ у сакавіку 2005 года на пасаду кіраўніка Саюзу была абрана Анжаліка Борыс. Аднак беларускія ўлады, спаслаўшыся на тое, што падчас працы зьезду былі дапушчаны пэўныя парушэньні, не прызналі яго вынікаў.

27 жніўня 2005 году ў Ваўкавыску быў арганізаваны новы зьезд, на якім старшынём быў абраны – Іосіф Лучнік. Вынікі працы гэтага зьезду ўлады прызналі, аднак улады Польскай рэспублікі заявілі, што будуць падтрымліваць толькі арганізацыю Анжалікі Борыс. З таго часу беларускія палякі належаць да дзьвюх арганізацый, адна зь якіх ня мае афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG