Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскай прадпрымальніцы прысудзілі штраф памерам 200 мільёнаў


Алену Пікулік, якая гандлявала кавай і гарбатай у гандлёвым цэнтры “Эвіком”, аштрафавала падатковая інспэкцыя.


Інспэктары запатрабавалі ў прадпрымальніцы дакумэнты на тавар за два мінулыя гады — амаль столькі яна й працуе, пераняўшы справу і “гандлёвую кропку” пасьля раптоўнай сьмерці мужа.

Алена Пікулік патлумачыла падаткоўцам, што спачатку аформіла прадпрымальніцтва, каб прадаць не рэалізаваны мужам тавар. Потым пачала працаваць самастойна, прычым тавар набывала не ў Расеі, а на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так што ўсе сэртыфікаты на каву і гарбату ў яе былі аформлены належным чынам. Але здарылася няшчасьце: спадарыня Пікулік трапіла ў аўтааварыю. Ужо ў шпіталі высьветлілася, што, пакуль разьбіраліся з ДАІ і “хуткай дапамогай”, згубілася сумка з дакумэнтамі — прадпрымальніца якраз ехала ў санаторый і меркавала там заняцца іх парадкаваньнем. Да таго ж разьбіўся ноўтбук, дзе ў электронным выглядзе таксама захоўвалася дакумэнтацыя.

Падатковыя інспэктары запісалі, што кніга ўліку тавараў страчана. І прызналі, што Алену Пікулік варта аштрафаваць у памеры выручкі з 1 сакавіка 2007 году — на 203 098 070 рублёў. Гэтае патрабаваньне падтрымаў і абласны гаспадарчы суд. Цяпер прадпрымальніца чакае, чым скончыцца разгляд яе скаргі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Гэта ўжо трэці штраф такога буйнога маштабу, накладзены на віцебскіх прадпрымальнікаў. Прычым пад увагу падаткоўцаў, якія праводзяць выбарачныя праверкі, чамусьці трапляюць тыя, каму вялізны штраф сплаціць неверагодна і хто, наадварот, мае патрэбу ў фінансавай дапамозе. Так, у 2009 годзе на 397 мільёнаў рублёў аштрафавалі прадпрымальніка-пэнсіянэра з Полацкага кірмашу, а прадпрымальніцу са Смаленскага кірмашу, адзінокую маці непаўналетняга сына, прымушаюць сплаціць 274 мільёны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG