Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі завяршаецца фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў. У рэгіёнах іх павінна быць 367: у кожнай вобласьці прыблізна па 60.


Карэспандэнты “Свабоды” даведваліся ў рэгіёнах, хто з прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў увайшоў у склад акруговых камісіяў.


ГОМЕЛЬШЧЫНА

АДС пачынае сэмінары па практыцы працы ў акруговых камісіях

На Гомельшчыне ў акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў аблсавету аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучылі 63 сваіх прадстаўнікоў.

На гэты час вядома, што ў склад камісій уключаны 25 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, у тым ліку 10 — вылучэнцаў АГП, 14 — Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” і адзін прадстаўнік стваранай “Народнай Грамады”, які вылучаўся ў камісію шляхам збору подпісаў.

Іду ў акруговую камісію, каб працаваць прынцыпова.

У Калінкавічах у акруговую камісію № 36 увайшоў актывіст партыі левых Аляксандар Ермаловіч. Ён кажа:

“Іду ў камісію. Каб працаваць прынцыпова”

“Я чатырнаццаць разоў у Калінкавічах ачольваў участковую выбарчую камісію. Іду ў акруговую камісію, каб працаваць прынцыпова”.

У Церахоўскую акруговую камісію № 27 увайшла сябра АГП Натальля Шчукіна. Сваю задачу ў камісіі яна бачыць такой:

“Каб выбары праходзілі паводле заканадаўства. Каб было ўсё дэмакратычна і не было ніякіх парушэньняў”.

У спадарыні Шчукінай досьведу падобнай працы пакуль няма. Але ўжо сёньня рада АДС ладзіць сэмінар для сваіх вылучэнцаў, дзе гаворка пойдзе менавіта пра тое, як працаваць у акруговых камісіях.

Сябра рады АДС, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў лічыць, што дзеяньні ўладаў на этапе фармаваньня акруговых

У акруговыя выбаркамы ўключана блізу паловы дэмакратычных прадстаўнікоў.
камісіяў па выбарах дэпутатаў аблсавету можна ацэньваць на “тройку з плюсам”.

У адрозьненьне ад тэрытарыяльных камісіяў, дзе няма дэмакратычных вылучэнцаў, у акруговыя выбаркамы ўключана блізу паловы дэмакратычных прадстаўнікоў.


ВІЦЕБШЧЫНА

На тых, каго зарэгістравалі ў камісіях, ужо пачынаецца ціск

З кола дэмакратычных актывістаў Віцебшчыны самае вялікае прадстаўніцтва ў акруговых камісіях атрымалі прадстаўнікі партыі “Справядлівы сьвет”. З 30 ахвотных у камісіі ўключылі 15 партыйцаў.

Аднак, на думку старшыні абласной арганізацыі Мікалая Селівашкі, уключылі менавіта тых людзей, на якіх можна націснуць:

“5 — у Віцебску, 5 — у Воршы, 1 — у Аршанскім раёне, Полацак — 3, Наваполацак — 1. У бальшыні гэта людзі, на якіх можна ціснуць — тыя, хто працуе. Маўляў, што гэта за партыйная актыўнасьць, і ўвогуле: працаваць далей вы хочаце ці не? Іх нават на размовы ўжо выклікалі да кіраўніцтва, у Віцебску і ў Воршы. У прыватнасьці, дырэктар аршанскага камбінату будматэрыялаў Данілаў ужо выклікаў работніка і казаў: “Можа, ты забыўся, што кантракт падпісваю я?”

Пра выпадкі ціску на партыйцаў старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка паведамляе адразу ў аблвыканкам. Паводле ягоных слоў, намесьнік начальніка ўправы арганізацыйнай і кадравай работы спадар Дарафеенка кажа, што такі ціск недапушчальны і што гэта самадзейнасьць мясцовых кіраўнікоў, якія нібыта “змагаюцца з ншадумствам”.

Чыноўнікі ня ўтойваюць, што іх цікавяць “людзі, якія ідуць у камісіі”

Аднак чыноўнік ня стаў хаваць ад спадара Селівашкі, што з аблвыканкаму насамрэч тэлефанавалі па прадпрыемствах, “каб даведацца, што за людзі ідуць у камісіі”.

Іншыя палітычныя партыі выявілі меншую актыўнасьць: АГП зусім ня стала вылучаць прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, БСДП “Грамада” вылучыла аднаго — і ён трапіў у Верхнядзьвінскую выбарчую камісію, Партыя БНФ вылучала 13 чалавек, зь іх сябрамі камісій сталі чацьвёра — 2 у Віцебску, 1 у Шаркоўшчыне, 1 у Гарадку.

Пётар Куцкін трапіў у Гарадоцкую акруговую камісію ўпершыню, хаця прэтэндаваў на гэта ў кожнай зь мінулых выбарчых кампаній:

“Тэлефануюць, клічуць: “Прыходзь, мы цябе ў камісію ўключылі”. Але ж мяне выключылі зь іншага этапу выбараў — з агітацыі. Я ж мушу быць незалежным, ня мець ніякіх сымпатыяў ні да кога, ня быць ні на чыім баку. Так што больш мінусаў, чымсьці плюсаў.

Жыхар Гарадка Пётар Куцкін меркаваў працаваць у камандзе земляка і аднапартыйца Леаніда Аўтухова.

Працаваць у камісіі ці вылучацца кандыдатам у дэпутаты? Актывіст зьдзіўлены “разгулам дэмакратыі”

Уладзімер Кунцэвіч з Наваполацку, які трапіў у акруговую камісію ад грамадзкай арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва”, раней меў намер балятавацца ў дэпутаты сам:

“Былі пляны ісьці ў кандыдаты, проста выйшла неспадзяванка — не спадзяваліся мы, што кагось у камісіі ўключаць. У тэрытарыяльныя ж

А тут раптам такі “разгул дэмакратыі”. Так што цяпер будзем думаць, што рабіць далей.
не ўключылі! А тут раптам такі “разгул дэмакратыі”. Так што цяпер будзем думаць, што рабіць далей”.

Уладзімер Кунцэвіч мяркуе паспрабаваць вылучыцца на кандыдата, і калі ўдасца, то адмовіцца ад удзелу ў працы акруговай камісіі. Калі ж яго не зарэгіструюць, то працаваць у камісіі далей.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

З 29 прэтэндэнтаў ад апазыцыі ў акруговыя камісіі ўключылі 10 сябраў

На Гарадзеншчыне сфармаваныя ўсе 60 акруговых камісій. У склад кожнай зь іх уваходзіць па 13 чалавек. Апазыцыянэрам ізноў казалі, што няправільна склалі дакумэнты.

Найбольш апазыцыянэраў у складзе акруговых камісій — ад партыі “Справядлівы сьвет”: яны падавалі 10 кандыдатур, зь якіх у камісіі ўключаныя 6. Праўда, 5 зь іх — з Горадні і толькі адзін — з рэгіёну.

Сакратар абкаму “Справядлівага сьвету” Павал Станеўскі ўспрыняў навіну без асаблівага энтузіязму, бо лічыць, што абраныя ў камісіі людзі ня здолеюць паўплываць на справядлівасьць выбараў.

Станеўскі: “Мы, вядома, будзем імкнуцца нешта зрабіць, бо кожны наш сябра мае канкрэтную інструкцыю, як паводзіць сябе падчас выбарчай кампаніі. Але ўсё гэта прадказальна для ўладаў”.

Улада саступіла, каб БСДГ не абвясьціла байкот выбараў

З 10 сябраў БСДГ у камісіі ўключылі толькі траіх: са Сьвіслачы — Зінаіду Мухіну, а з Горадні — Андрэя Ярмашука і Вольгу Ахрук. Віктар Сазонаў кажа, што ўлады нічога новага з аргумэнтаў не прыдумалі.

Сазонаў: “Некалькі чалавек уключылі хіба толькі дзеля таго, каб партыя зараз не абвясьціла (а мы ўжо гатовыя былі гэта зрабіць) пра няўдзел у выбарах з-за такога абыходжаньня з нашымі сябрамі. Думаю, толькі таму яны пакінулі некалькі чалавек”.

Сябры руху “За свабоду” ў Мастах вылучалі чатырох чалавек, але зь іх у камісіі ніхто не ўвайшоў.

Рэгіянальны каардынатар у Мастах Алесь Зарэмбюк пагадзіўся, што яны няправільна зьбіралі подпісы: сабралі на тэрыторыі Мастоўскага раёну, а трэба было — з тае акругі, куды вылучаецца прэтэндэнт. Вось што сказаў Радыё Свабода Алесь Зарэмбюк:

“Зноў прагаласавалі сьпісам, кандыдатуры не абмяркоўваліся”

Зарэмбюк: “Атрымалася так, што мы няправільна зразумелі некаторыя артыкулы Выбарчага кодэксу. Зьмены былі ўнесеныя, а сам кодэкс

Атмасфэра — як заўсёды: прагаласавалі сьпісам, ніякіх кандыдатур ніхто не абмяркоўваў.
можна было набыць у продажы толькі з 1 лютага”.

Ад АГП у акруговыя камісіі з 5 прэтэндэнтаў уключылі толькі аднаго сябра. Юры Істомін, які прысутнічаў пры фармаваньні камісій, кажа:

Істомін: “Атмасфэра — як заўсёды: прагаласавалі сьпісам, ніякіх кандыдатур ніхто не абмяркоўваў”.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Як улада дэманструе «дэмакратычнасьць» выбараў

На Магілёўшчыне ў сямі акруговых камісіях будуць працаваць актывісты апазыцыйных арганізацыяў. Усяго ў рэгіёне 58 выбарчых акругаў.

Cумеснае паседжаньне аблвыканкаму й прэзыдыюму аблсавету пастанавіла сфармаваць акруговыя выбарчыя камісіі ў складзе 13 чалавек кожная. На 754 месцы ў іх прэтэндавалі 825 чалавек.

У Бабруйску ў склад акруговых камісіяў патрапілі двое вылучэнцаў ад абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Арганізацыя вылучала чатырох сваіх актывістаў.

«Была мая кандыдатура й яшчэ аднаго хлопца з Магілёва. Ну, мы ж байцы, дык яны нас баяцца. Таму яны ніколі нас ня ўключаць. А там яшчэ маладыя, невядомыя. А трэба ж было каго ўключаць. Вось яны і ўключылі нашых двух па Бабруйску», — зазначае старшыня арганізацыі Валерый Беразіенка.


У камісіі й сябра руху БНФ «Адраджэньне»

Аднаго з чатырох вылучэнцаў зацьвердзілі ў камісіі ад абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне». Гэты вылучэнец будзе працаваць у самай аддаленай беларускай выбарчай акрузе — Хоцімскай.

«Паказаць „дэмакратычнасьць“ выбараў туды яго й прапусьцілі. Тых жа людзей, якія рэальна маглі паўплываць на працу камісіі, — іх не ўключылі. Гэта магілёўскія, у асноўным, юрысты, людзі, якія прайшлі не адны выбары, таму іх не паўключалі», — мяркуе кіраўнік арганізацыі Зьміцер Салаўёў.

Найбольшы посьпех сярод апазыцыянэраў здабыла Партыя працы. Усе чацьвёра яе вылучэнцаў зацьверджаныя ў складзе камісіяў.

«Апраўдаем давер перад тымі, хто нас вылучаў, хто нам давярае. Замоўчваць нічога ня будзем. Гэта прынцыповае пытаньне», — заяўляе лідэр партыйнай арганізацыі на Магілёўшчыне Юры Дарашэнка.

На Магілёўшчыне ніводзін прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі не патрапіў у склад акруговых камісіяў. Абласная арганізацыя вылучала трох сваіх актывістаў. Невядома пакуль, ці патрапілі ў склад камісіяў прадстаўнікі ад незарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Гэтая партыя вылучала найбольшую ў рэгіёне колькасьць сваіх актывістаў у камісіі — адзінаццаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG