Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня раніцай, як звычайна, паставіўшы кававарку на агонь, я адчыніў наш свабодаўскі сайт. "Мы ня будзем разам з Расеяй" — шарахнуў мяне па вачах загаловак. Гляджу — не Вячорка і не Лябедзька, а сам міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў аўстрыйскай газэце Der Standart. Ну, нарэшце пачалі рэзаць праўду ўслых і з уладных кабінэтаў, усьцешыўся я. Мы даўно казалі, што Беларусь ня будзе разам з Расеяй. Але гэта было з Прагі. А тут вось — тое самае зь Менску.


Вось як файна пачынаецца тыдзень!

Але радаваліся мы нядоўга. У наш менскі офіс пазванілі з офісу спадара Мартынава і сказалі нам, што ці то мы, ці то аўстрыйцы ня так яго зразумелі. Маўляў, Мартынаў гаварыў па-ангельску і сказаў аўстрыйцам, што "we are not going to merge into Russia". То бок, "мы не зьбіраемся зьлівацца (аб’ядноўвацца) з Расеяй". Ну што ж, дзякуй і за гэта.

Der Standart апублікавала інтэрвію пад загалоўкам "Wir gehen nicht mit Russland zusammen". Наш перакладчык падаў "zusammengehen" як "ісьці (быць) разам", і меў на гэта права. Бо гэта асноўнае значэньне гэтага складанага дзеяслова. Але ёсьць і пераноснае значэньне zusammengehen — "злучаць разам, аб’ядноўваць”.

Аўстрыйцам дык ganz egal: "ісьці разам" ці "злучацца" Беларусі з Расеяй. А Беларусі, як кажуць, гэта справа жыцьця і сьмерці. Дый спадару Мартынаву, як здагадваемся, таксама. Мы паправілі загаловак на "Мы ня будзем зьлівацца з Расеяй", каб, між іншым, прадухіліць адстаўку беларускага міністра замежных справаў.

Высноваў з гэтага можна зрабіць прынамсі адзінаццаць, але я згадаю толькі тры.

Па-першае, ад сынонімаў у нямецкай мове можа забалець галава. Вось, напрыклад, ідэю, якую заключае ў сабе адно з двух згаданых значэньняў слова zusammengehen, можна таксама перадаць словамі zusammenfassen, zusammenfließen, zusammenfügen, zusammenführen, zusammenkommen, zusammenlegen, zusammenschließen ці нават zusammenmischen. І ёсьць яшчэ процьма словаў без zusammen, якія таксама значаць больш-менш падобнае: verbinden, vereinen, vereiningen ці проста einingen, калі назваць толькі пачатак гэтай процьмы.

Па-другое, перакладаць трэба заўсёды з арыгіналу, а не падрадкоўніка ці нейкага іншага перакладу. Імавернасьць памылкі і розначытаньняў тады зьмяншаецца.

Па-трэцяе, калі хочаце ведаць, што насамрэч меў на ўвазе спадар Мартынаў, гаворачы аўстрыйцам "wir werden nicht mich Russland zusammengehen", слухайце аналітычныя праграмы Радыё Свабода і глядзіце "Тыдзень са Свабодай" на Белсаце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG