Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вельмі хутка ўкраінцы апомняцца, але будзе позна”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Падрыхтоўка да мясцовых выбараў у Беларусі, вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Швайцарыю, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Сёньня завяршылася фармаваньне акруговых выбарчых камісій. Тэлефанаваньні слухачоў.

Спадар: “Вось Лукашэнка часта выступае і ягоныя чыноўнікі кажуць пра празрыстыя выбары. Але празрыстыя выбары павінны пачынацца з празрыстых скрыняў для галасаваньня, а інакш гэта пустыя словы”.

Спадарыня, Бабруйск: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт “зялёнага кіліма” для апазыцыі на выбарах, пра які казаў Лазавік. Гэты кілім наша ўлада пакрыла тоўстым слоем смалы. Я дэмакратычная пэнсіянэрка, якая б хацела патрапіць у выбарчую камісію ці хаця б быць назіральнікам на выбарах. І то баюся, каб наша ўлада ня помсьціла і мне, і маёй сям’і. Таму тое, што казаў Лазавік, — гэта ўсяго толькі чарговая хлусьня”.

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Швайцарыі. Палітыкі і грамадзкія дзеячы гэтай краіны заяўляюць, што мэта паездкі беларускага кіраўніка — вакацыі. З гэтай нагоды пытаньне слухача:

Аляксандар, Менск: “Я хацеў задаць пытаньне. Вось лічыцца, што Лукашэнка ў сьпісе неўязных. Куды яму можна выяжджаць, а куды не? Я гляджу, што ён разьяжджае ў Рым да папы рымскага, у Швайцарыю і г.д. Дык што, гэта фікцыя — наконт сьпісу неўязных?”

На пытаньне адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“Сапраўды, беларускае кіраўніцтва — больш за трыццаць чалавек — было ўключана ў сьпіс неўязных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Але напрыканцы 2008 году Рада Эўразьвязу наклала на гэты сьпіс мараторый. І на гэты момант сьпіс існуе, але ён ня дзейнічае. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць разьвівацца дэмакратычныя падзеі ў Беларусі”.

Ва Ўкраіне прайшоў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле папярэдніх зьвестак, лідэрства трымае Віктар Януковіч. Камэнтары слухачоў “Свабоды”:

Спадарыня: “За Януковічам Украіну чакае стабільнасьць у беларускім, расейскім і азіяцкім варыянце. Так што Эўразьвяз Украіне ня сьвеціць, бо яна для яго страчаная”.

Спадар: “Праз ваша радыё я хачу выказаць спачуваньне ўкраінскаму народу празь яго памылку абраньня прэзыдэнтам Януковіча. Вельмі хутка ўкраінцы апомняцца, але будзе позна. Думаю, зь цягам часу і сам Януковіч пашкадуе пра тое, што падаўся ў прэзыдэнты. А самі выбары прэзыдэнта ва Ўкраіне яшчэ раз паказалі адну з адметнасьцяў былых савецкіх народаў, за выключэньнем прыбалтаў, — накідваць сабе на шыю ўдаўку”.

Спадар: “Я прыхільнік Юлі Цімашэнкі, гэтай прыгожай жанчыны. Я б ёй помнік паставіў на беразе Дняпра зь мячом, як у Валгаградзе на кургане стаіць. Ёй толькі і быць прэзыдэнтам”.

Раіса Мікалаеўна, Магілёў: “Божа, дапамажы Ўкраіне, абарані яе ад Януковіча, дай розуму ўкраінцам працягнуць шлях незалежнасьці, шлях у Эўропу. Гэта будзе адзінай падтрымкай і прыкладам для Беларусі, бо больш спадзявацца няма на каго. Расея ня хутка народзіць новага Ельцына, які адпусьціў усе рэспублікі з турмы народаў. А сілы ў нашых дэмакратаў вельмі і вельмі малыя, каб зрынуць існы шклоўска-крамлёўскі рэжым”.

У наступных тэлефанаваньнях — камэнтары на выказваньне слухача, які назваўся лукашыстам, крытыкаваў прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанку і беларускіх апазыцыянэраў:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Адказваючы на званок ананімнага слухача, я б сказала так: Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка — найлепшыя палітыкі ў нашай краіне, імі можна ганарыцца. А Віктар Юшчанка ўвойдзе ў гісторыю краіны як нацыянальны герой сваёй Бацькаўшчыны”.

Спадарыня: “Слухач “Свабоды” пад гордай мянушкай “лукашыст” вельмі катэгарычна выказаўся, што калі б у Беларусі прыйшла апазыцыя, то яна б памяняла сьцяг найперш, зрабіла б татальную беларусізацыю. Калі б была сапраўдная беларусізацыя, не было б столькі хамства, маны, непавагі адзін да аднаго, страху, сьпітай ушчэнт вёскі і ня толькі вёскі. “Альфонсамі” хлопцы становяцца, яшчэ не атрымаўшы пашпарт, бо мана і ў школе, і найперш у школе хлусяць пра беларускасьць на чужой мове, пра славутую нашу стабільнасьць, хлусяць настаўнікі, каб атрымаць свой невялічкі заробак. Агульначалавечая культура набываецца найперш з нацыянальнай культурай, з нацыянальнай спадчынай, а яны ў Беларусі сьвядома ўтаптаныя”.

Мікола Петрушэнка, Талачыншчына: “Па даручэньні грамадзянскай кампаніі “Наш дом” дакладваю: У бабы Зоі Барысаўны Сьцяпанавай, якая была галоўным закапёршчыкам акцыі пратэсту, сёньня адрамантавалі воданаборную калёнку. Вельмі апэратыўна зрабілі. Уклад у гэтую справу “Свабоды” таксама ёсьць, вялікі вам дзякуй!”

Маёр у адстаўцы, Міхась, Бярозаўка: “Я заклікаю праз Радыё Свабода дэпутатаў Віцебскага гарадзкога савету надаць званьне “Ганаровы грамадзянін гораду Віцебску” Сяргею Каваленку. Ён гэта заслужыў, ён падняў на вышыню наш нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, нашу нацыянальную сьвятыню. Слава яму! Жыве Беларусь!”

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG