Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў: "Мы ня будзем зьлівацца з Расеяй”


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Пра гэта кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў заявіў венскаму выданьню Der Standard па заканчэньні міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньні бясьпекі ў Мюнхэне.

Ён дадаў, што ягоная краіна — надзейны партнэр для Эўропы, аднак яна дазваляе сабе не паддавацца ціску ЭЗ. Беларускі міністар таксама адзначыў, што Беларусь імкнецца “да таго, каб у краіне больш паважалася чалавечая годнасць”.

Гэтак ён пракамэнтаваў выступ свайго нямецкага калегі Гіда Вэстэрвэле на мюнхэнскай канфэрэнцыі. Нямецкі міністар заўважыў, што патрабаваньні ЭЗ да Ірану, каб той паважаў правы чалавека, — “ня ёсьць умяшаньне ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы”. Мартынаў падкрэсьліў, што павага да правоў асобы тычыцца ўсіх краінаў, аднак пры гэтым трэба ўлічваць існаваньне “розных звычаяў, традыцыяў”. Паводле кіраўніка беларускага МЗС, у ягонай краіне імкнуцца больш паважаць правы і свабоды асобы і, напэўна, таго ж хочуць і ў Іране.

На пытаньне аўстрыйскага выданьня, якія высновы Беларусь зрабіла са шматмесячнага нафтавага канфлікту са сваім найбліжэйшым партнэрам — Расеяй, міністар адказаў, што Беларусь “павінна прыкласьці яшчэ больш намаганьняў для ўзмацненьня энэргетычнай бясьпекі краіны”. Размова ідзе пра ўласную АЭС, інвэстыцыі ў гідраэнэргетыку, вугальную энэргетыку, аднаўляльныя крыніцы энэргіі.

Міністар Мартынаў падкрэсьліў, што пэўныя высновы з канфлікту павінны зрабіць і тыя краіны, якія “знаходзяцца з другога боку трубаправоду”: “Рэспубліка Беларусь — вельмі надзейны транзытны партнэр. На працягу вельмі цяжкіх перамоваў мы ніколі не разглядалі нават магчымасьці таго, каб выкарыстоўваць трубаправоды дзеля сваёй карысьці. Гэта эўрапейцам трэба зразумець і прызнаць”.

Standard: “Наколькі гатовыя вы пайсьці насустрач ЭЗ у палітычных рэформах, каб наблізіцца да агульнага рынку і скарыстаць перавагі палітыкі суседзтва?”

Мартынаў: “Мы не павінны блытаць рынкавыя і палітычныя рэформы. Гэта розныя рэчы. Мы гатовыя прысутнічаць на рынку ЭЗ, і я спадзяюся, што палітыка ня стане нам перашкодай. Аднак, што да пытаньня: мы знаходзімся ў стане дыялёгу з Эўразьвязам. І таму вы павінны разумець — сапраўдная палітычная сытуацыя ў Беларусі значна лепшая за тую, якая прадстаўлена ў мэдыях. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленьні ды інтэлектуальная інэртнасьць, якія ня маюць нічога агульнага зь беларускай рэальнасьцю. Кожны, хто прыяжджае ў Беларусь, як правіла, зьдзіўляецца таму, што ён тут бачыць і знаходзіць. Вядома, наша грамадзтва павінна разьвівацца, аднак мы робім гэта ня ў сувязі з патрабаваньнямі ЭЗ”.

Standard: “ЭЗ працягнуў санкцыі супраць Беларусі (галоўным чынам гэта тычыцца паездак высокіх чыноўнікаў) і адначасна прыпыніў іх. Як вы на гэта гледзіце?”

Мартынаў: “Досыць дзіўная сытуацыя для абодвух бакоў. Па-першае, ня мае сэнсу працягваць санкцыі і потым прыпыняць. Па-другое, канчатковы вынік можа быць толькі адмоўны, бо гэта засмучае людзей у Беларусі. Гэта зусім не партнэрскія дачыненьні. 15 гадоў таму яшчэ можна было падарожнічаць бязь візаў паміж Беларусьсю, Польшчай і Літвой. Што мы маем сёньня? У Эўропе існуе новая сьцяна”.

Standard: “Эўропа адзначыла 20-годзьдзе падзеньня сьцяны… Беларусь, аднак, застаецца асаблівым выпадкам. Дзе вы бачыце вашу краіну праз 20 гадоў?”

Мартынаў: “Усе нашы чаканьні вызначае геаграфія. Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж двума цэнтрамі ўплыву — Эўразьвязам і Расеяй. Выжыць побач з двума гігантамі — заўсёды выпрабаваньне. Мы, найперш, хацелі б выжыць, па-другое — выжыць у росквіце, па-трэцяе — у выдатных стасунках з абодвума бакамі. Мы не зьяўляемся кандыдатамі ў ЭЗ, мы ня будзем зьлівацца з Расеяй, мы будзем сувэрэннай дзяржавай паміж гігантамі і мы б хацелі быць важным вінцікам у такой вялізнай машыне, як эўрапейскі кантынэнт”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG