Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховічу зноў падоўжылі арышт


Пра што кажуць сьведкі ў справе Андрэя Бандарэнкі? Чаму ў Вярхоўным судзе не вырашаецца лёс справы Аўтуховіча-Асіпенкі? Маці палітвязьня Арцёма Дубскага непакоіцца: “Сын падчас званку з турмы нешта недагаворвае”.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году
Увесь тыдзень ў Першамайскім судзе Менска ішоў другі па ліку працэс па справе прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Летась ў кастрычніку судзьдзя Леанід Ярмоленкаў зь Першамайскага суду прызнаў Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы болей за 170 мільёнаў рублёў і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

15 сьнежня прысуд быў адменены Менскім гарадзкім судом і адпраўлены на новы разгляд у той жа Першамайскі суд Менска.

Нагадаю, да арышту ў траўні 2009 года Андрэй Бандарэнка працаваў кансультантам фірмы “Белвысотстройгруп”, у якой раней быў сузаснавальнікам, але выйшаў з іх ліку, калі вырашыў заняцца палітычнай дзейнасьцю.

1-га лютага на новым судзе Бандарэнка даў паказаньні паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў.

“Нічога я не краў ды і ня мог скрасьці, бо мае службовыя абавязкі кансультанта не давалі такой магчымасьці”, -- сказаў Андрэй Бандарэнка.

Вось што кажа адносна працэсу адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі.

“Мы апытваем сьведак, гэта асноўнае, што адбываецца. Звычайна да абеду ідуць допыты. Пакуль немагчыма сказаць, колькі яшчэ будзе пасяджэньняў, таму што некаторыя сьведкі не зьяўляюцца, калі іх выклікаюць. Суд вымушаны у апэратыўным рэжыме іх знаходзіць, тэлефанаваць. Гэта трошкі дэзарганізуе. Але з большага гэта звычайны момант”.

Паводле аднаго назіральніка, сьведка, які працаваў кладаўшчыком на складзе фірмы, падчас допыту блытаўся ў паказаньнях, між тым як на мінулым працэсе ён больш пераканаўча сьведчыў на карысьці абвінавачаньня. “Нельга пакуль казаць, на чыю карысьць больш паказаньняў. Гэта зарана”, -- устрымліваецца ад камэнтароў адвакат Лаеўскі.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта
Паводле зьвестак з Вярхоўнага суду Беларусі, пачатак разгляду справы Аўтуховіча і Асіпенкі яшчэ не прызначаны, як ня вызначана і тое, будзе працэс адкрытым ці закрытым.

Праваабаронцы ня выключаюць, што гэтае вырашэньне зацягнецца болей як на месяц. Вось што кажа Алег Воўчак.

“Паводле нашай інфармацыі Вярхоўны суд уцягнуўся ў справы Сьнегіра і “паляўнічых” і ім пакуль не да нас. У іх тэрміны, паводле закону, да трох месяцаў. Таму, відаць, яшчэ прыйдзецца чакаць”.


Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі патэлефанаваў маці з калёніі. Напярэдадні ён напісаў, што яго выклікалі ў адміністрацыю пасьля таго, як ён арганізаваў збор подпісаў вязьняў з просьбай палепшыць бытавыя умовы. Гэтым разам пэўных зьвестак ў маці пра чарговы ціск на сына ў калёніі няма, але Алена Дубская усё роўна непакоіцца. Нешта незвычайнае пачулася маці ў голасе сына, а яшчэ занепакоіла тое, што Арцём просіць хутчэй прыслаць адваката.

“Ня ведаю даклада, але нешта ёсьць. Вось паедзе да яго адвакат на гэтым тыдні, буду ведаць”.
XS
SM
MD
LG