Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС Беларусі і Швайцарыі правялі перамовы ў Мюнхэне


Мішлін Кальмі Рэ
Мішлін Кальмі Рэ
Пра гэта паведамляе швайцарскае інфармацыйнае агенцтва SDA

Сустрэча паміж Мішлін Кальмі Рэ і Сяргеем Мартынавым адбылася ў рамках 46-й штогадовай Мюнхэнскай канфэрэнцыі па пытаньнях палітыкі бясьпекі. У перамовах таксама ўзяў удзел кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны Пятро Парашэнка.

Як паведаміў SDA прадстаўнік прэсавай службы швайцарскага МЗС, “мэта трохбаковай сустрэчы – паляпшэньне стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Эўропай”.

Спадарыня Мішлін Кальмі Рэ, якая цяпер зьяўляецца кіраўніцай Камітэту міністраў Рады Эўропы, выказала спадзяваньне, што Беларусь хуткім часам наблізіцца да стандартаў Рады Эўропы.

Удзел Украіны ў гэтай сустрэчы зьвязаны з тым, што Кіеў актыўна падтрымлівае ідэю пашырэньня рамак супрацоўніцтва Рады Эўропы зь Беларусьсю і да таго ж ў 2011 будзе старшыняваць ў Камітэце міністраў гэтай эўрапейскай структуры.
.
Раней Свабода паведамляла, што Мішлін Кальмі Рэ мае намер сустрэцца і зь беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, які цяпер знаходзіцца з прыватным візытам у Швайцарыі.

Як паведаміў нашаму радыё вядомы швайцарскі палітык і сябра ПАРЭ Андрэас Грос, “калі гэта сустрэча адбудзецца, спадарыня кіраўніца Камітэту міністраў Рады Эўропы будзе пераконваць беларускага прэзыдэнта ў патрэбе адмены сьмяротнага пакараньня”.

Паводле парлямэнтара, “Лукашэнка мусіць засвоіць: эўрапейскія каштоўнасьці важныя і неабходныя для грамадзянаў яго краіны, а таму беларусам нельга ў іх адмаўляць. Для нас важна, каб ён рабіў захады ў гэтым кірунку, каб яго краіна нарэшце змагла знайсьці сваё належнае месца ў Радзе Эўропы… Рада Эўропы зацікаўленая ў гэтай краіне і спадзяецца на адпаведныя зрухі ў ёй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG