Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Арына Вячорка


Арына Вячорка
Арына Вячорка

Нарадзілася ў Менску. У 1983 годзе скончыла механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту, а ў 1990-м асьпірантуру БДУ па спэцыяльнасьці «гісторыя пэдагогікі». У 2009 годзе атрымала дыплём мэнэджара культуры. Адна з актыўных удзельніц нефармальнага моладзевага руху 1980-х. Цяпер займаецца выданьнем дыскаў і арганізацыяй канцэртаў сярэднявечнай беларускай музыкі.


Што для вас свабода?

Я люблю свабоду і незалежнасьць, таму што любіць несвабоду і залежнасьць — гэта тупа. Усё, што несвабода — гэта рабства. Амаральна, калі побач з табой існуе рабства, ці парушаны правы іншага. Мяне гэта прыніжае.

Кожны чалавек нараджаецца свабодным. Права на свабоду яму дае прырода, а не грамадзтва. Свабодны чалавек сам нясе адказнасьць за свае дзеяньні. Неадменнай часткай свабоды зьяўляюцца сыстэма аб’ектыўных абмежаваньняў: законы прыроды, анатомія і псыхалёгія чалавека, мэты, якія ты сам сабе ставіш. Быць свабодным для мяне — гэта значыць быць у гармоніі з сабой, з сваёй прыроднай сутнасьцю. Толькі свабодны чалавек паважае іншага чалавека, шануе традыцыі сваіх продкаў і стварае традыцыі будучых пакаленьняў.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Адсутнасьць выбару. Аднастайнасьць. Натоўп. Манаполія. Маніпуляцыя. Прымус. Нормы і стандарты. Парады і падказкі. Пачуцьцё віны. Пачуцьцё абавязку.


Што для вас шчасьце?

Гэта асаблівы стан душы, незалежны ад навакольнага сьвету — здароўе, радасьць і творчасьць. Без свабоды для мяне няма шчасьця.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Стабільнасьці.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент сьпевака.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Віктарам Скорабагатавым і Лявонам Вольскім.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Слухаць музыку і маляваць.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Адукацыю. Я па адукацыі матэматык, праўда, летась атрымала дыплём мэнэджэра культуры.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Нікога ня слухай — прыслухайся лепш да сябе.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Дэвіз Кузьмы Пруткова «Глядзі ў корань».


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Якая гарантавала б мне ўсе мае правы і свабоды.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У ВКЛ


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху Рэнэсансу.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Прызначала б жанчыну Міністрам абароны.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Больш блізкія — бязь межаў.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Адносіны з Расеяй павінны быць пад строгім кантролем.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Я супраць любой дыктатуры і рабства.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Спадзяюся, у бліжэйшы год. Чым хутчэй — тым лепей.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Праз 10 гадоў.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Будуць гаварыць на тутэйшай мове, пакуль сваю ня вывучаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG