Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Смолікаў: Газэта “Віцебскі рабочы” падманвае выбарцаў


Кастусь Смолікаў

Кастусь Смолікаў

Старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў лічыць так, бо ў артыкуле «Хто ў складзе камісій?», зьмешчаным у апошнім нумары газэты, напісана, што сярод іншых сваё прадстаўніцтва ў тэрытарыяльных камісіях атрымала і Партыя БНФ. Кастусь Смолікаў кажа, што асабіста вылучаўся ў абласную выбарчую камісію і атрымаў адмову. Адмовілі і партыйцу Аляксандру Венту, які выказаў жаданьне працаваць у гарадзкой выбарчай камісіі.

Іншых выпадкаў, каб сябры Партыі БНФ падавалі заявы на ўдзел у тэрытарыяльных камісіях, паводле Кастуся Смолікава, не было. Больш за тое: на афіцыйным сайце аблвыканкаму зьмешчана зводная выніковая табліца пра склад тэрытарыяльных камісій, і Партыя БНФ там не згадана — адпаведна, яе сябраў у камісіях няма.

Зьяўленьне непраўдзівай інфармацыі старшыня абласной суполкі Партыі БНФ тлумачыць тым, што або журналістка Любоў Дзядзюра не зразумела розьніцы паміж выразамі «атрымалі прадстаўніцтва» і, да прыкладу, «прэтэндавалі на прадстаўніцтва». Або гэтая недакладнасьць «прапушчана ў друк» сьвядома, каб стварыць у чытачоў-выбарцаў уражаньне пра поўную дэмакратыю ў працэсе фармаваньня камісіі.

Так ці інакш, але Кастусь Смолікаў зьбіраецца патрабаваць, каб «Віцебскі рабочы» надрукаваў абвяржэньне непраўдзівай інфармацыі.
XS
SM
MD
LG