Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: “Бесьперашкодны доступ у інтэрнэт можа апынуцца ў Беларусі пад пагрозай”


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан у інтэрвію "Свабодзе" сярод іншага распавёў пра сваю паездку на радзіму Тадэвуша Касьцюшкі і выказаўся наконт нядаўняга ўказу аб рэгуляваньні інтэрнэту.

Майкл Скэнлан падчас інтэрвію.
Карэспандэнт: «Спадар Скэнлан, учора вы разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці наведалі фальварак Мерачоўшына ля Косава, дзе 264 гады таму нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуш Касьцюшка. Якія вашыя ўражаньні ад паездкі, ці можаце вы сказаць, што імя Касьцюшкі сапраўды аб’ядноўвае беларускі і амэрыканскі народы?»

Скэнлан: «Для мяне было вялікім гонарам і прывілеем наведаць гэтую ўрачыстасьць. Летась у ЗША я наведваў дом Касьцюшкі, які захаваўся ў Філядэльфіі. Ягонае прозьвішча мне вядомае праз усё жыцьцё, яго ведаюць усе дзеці ў ЗША. Тое, што я змог наведаць месца ягонага нараджэньня, сталася як бы завяршэньнем цыклю. І я вельмі рады, што дапамога ЗША паспрыяла гэтаму музэю гэтак хораша разьвіцца.

Тадэвуш Касьцюшка быў ня толькі гістарычнай фігурай. Ён апярэджваў свой час, ён разумеў, што свабода адкрывае патэнцыял чалавека ў рэалізацыі ягоных жаданьняў і мараў, а гэта — найлепшая рэч для любога грамадзтва. Касьцюшка быў сапраўдным грамадзянінам сьвету, ён падарожнічаў з краіны ў краіну, каб атрымліваць інфармацыю і веды, але ў кожнай краіне ён пакідаў і свой унёсак. У гэтым сутнасьць і 21-га стагодзьдзя, стагодзьдзя інфармацыі. Вельмі важна для кожнага чалавека ў сьвеце мець вольны доступ да любой інфармацыі, і цяпер дзякуючы інтэрнэту гэта магчыма.

Гэтаксама важная магчымасьць падарожнічаць, кантактаваць зь іншымі людзьмі, дзяліцца досьведам. Я ведаю, што Польшча і Літва, скаардынаваўшы гэтае пытаньне з Эўразьвязам, гатовыя падпісаць зь Беларусьсю пагадненьне аб бязьвізавым руху ў памежнай зоне. І, як нядаўна сказаў вугорскі амбасадар, усё гатова для гэтага, патрэбны толькі подпіс ад беларускага ўраду. Мы спадзяемся, што гэты дакумэнт будзе падпісаны ў хуткім часе. Гэта будзе добра і для музэю Касьцюшкі, і для людзей, якія змогуць скарыстаць выгоды свабоднага руху церазь мяжу».

Карэспандэнт: «Вы казалі пра патрэбу вольнага доступу да інфармацыі. Гэтымі днямі, 1 лютага, у Беларусі зьявіўся ўказ аб рэгуляваньні інтэрнэту, які вельмі крытычна быў успрыняты грамадзкай супольнасьцю. Аляксандар Лукашэнка раней тлумачыў сутнасьць такога ўказу наступным чынам: „Забаронаў ня будзе, але адказнасьць будзе, як у Амэрыцы“. Наколькі, на вашую думку, такі дакумэнт адпавядае амэрыканскай і сусьветнай практыцы ў гэтай галіне?»

Скэнлан: «Гэта вельмі своечасовае пытаньне. Напрыканцы мінулага году, пачуўшы пра тое, што рыхтуецца праект такога ўказу, у інтэрвію беларускаму інфармацыйнаму агенцтву я выказаў занепакоенасьць амэрыканскага ўраду з нагоды таго, што любыя абмежаваньні доступу ў інтэрнэт будуць крокам назад у пытаньні доступу беларусаў да інфармацыі. Гэтая праблема тычыцца ня толькі Беларусі, гэта вельмі важная глябальная праблема. Дарэчы, на сайце нашай амбасады, на старонцы «Задайце пытаньне Часоваму паверанаму», ёсьць ня толькі мой камэнтар з гэтай нагоды, але і, што больш важна, цытата з прамовы дзяржсакратара Гілары Клінтан пра важнасьць адкрытасьці інтэрнэту.

Свабода і адкрытасьць інтэрнэту жыцьцёва важныя для дэмакратычнага і эканамічна актыўнага грамадзтва. Каб быць канкурэнтаздольным у цяперашні час, у стагодзьдзе інфармацыі, і асобе, і бізнэсу, і краіне надзвычай важна мець бесьперашкодны доступ да інфармацыі.

У іншым выпадку ў сучасным сьвеце яны апынуцца на другіх ролях. Таму для кожнага беларуса, для кожнага беларускага бізнэсу і чыноўніка важна, што канкрэтна гэты ўказ будзе рабіць у сэнсе абмежаваньня іх доступу да інтэрнэту.

Пры падрыхтоўцы гэтага ўказу заяўлялася, што ён адпавядае міжнародным нормам, і для прыкладу нават называліся некалькі краін. Калі робяцца такія заявы, падаецца лягічным, што перад прыняцьцем указу мела б сэнс накіраваць праект на разгляд у міжнародныя арганізацыі, напрыклад — у Раду Эўропы ці АБСЭ, якія б выказаліся наконт яго адпаведнасьці прынцыпам свабоднага доступу да інфармацыі. А ў тым выпадку, калі ён ня будзе адпавядаць гэтым прынцыпам, вынікі такога разгляду прыняць да ведама пры далейшай працы над указам і падзаконнымі актамі, пры дапамозе якіх усё яшчэ будзе магчыма дапаўняць і зьмяняць указ.

Распрацоўнікі ўказу самі заяўлялі, што гэты дакумэнт адпавядае міжнародным нормам, і ўзгадвалі досьвед у гэтай галіне ЗША, Нямеччыны і Францыі. Выдатна, падайце гэты дакумэнт на разгляд, і мы ўбачым, ці вытрымае ён такі экзамэн. Бо калі не, то гэта будзе крокам назад у тым, што тычыцца правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі. Калі ж ацэньваць шырэй, гэта ўвядзе Беларусь у ізаляцыю ў шмат якіх значэньнях гэтага слова, прычым гэта будзе вынікам уласных дзеяньняў і рашэньняў. У гэтым не зацікаўлены ніхто зь беларускіх грамадзян, беларускага бізнэсу, гэта не ў інтарэсах і Беларусі».


Цалкам інтэрвію з Майклам Скэнланам прагучыць у эфіры «Свабоды» і будзе апублікавана на нашым сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG