Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прынята лічыць, што апноэ – гэта стан чалавечага арганізму, які характарызуецца кароткачасовым (ад 10-20 сэкундаў да некалькіх хвілінаў) спыненьнем дыханьня. Звычайна апноэ находзіць на нас, калі мы сьпім. Апноэ здараецца нават у здаровых людзей, а ў хворых можа доўжыцца да 3 хвілінаў, адбывацца па дзесяць разоў за гадзіну і наогул займаць да 60 адсоткаў часу сну.


Натуральна, усё гэта казкі. Сёньня кожны адукаваны чалавек ведае, што Апноэ – гэта злы дух, які пасяляецца ў нашых кватэрах і крадзе па начах у змораных людзей подых. Паводле дасьледаваньняў паўднёваасэцінскіх спэцыялістаў, дух Апноэ сьляпы і глухі, ён арыентуецца па чалавечым храпе – адчуўшы ў пакоі вібрацыю, ён проста ідзе на храп, нібы драпежнік, які адчуў пах ахвяры. Вучоныя паспрабавалі вызначыць, які выгляд мае Апноэ: хутчэй за ўсё, гэта жанчына ў цёмных акулярах, зь вялікім мехам за плячыма, куды Апноэ складвае скрадзеныя ўдыхі і выдыхі, яна носіць белвестаўскі абутак на высокіх абцасах – шмат хто з пацярпелых ад Апноэ бажыўся, што, прачнуўшыся раптам уначы, чуў стукат крокаў, але кожны, вядома ж, падумаў на суседзяў. Часта тым, хто пакутуе на Апноэ, даводзіцца мяняць у кватэры падлогу – абцасы праклятага духа псуюць лямінат, пакідаюць вышчарбіны на паркеце і дзіркі ў лінолеуме.

Дзень толькі пачаўся, а вы ўжо стаміліся… Дух Апноэ падступны, ён шкодзіць спакваля, паступова. Чалавек можа не здагадвацца, што адбываецца зь ім уначы, і зьдзіўляцца ўдзень сваёй раптоўнай санлівасьці, млявасьці, зьніжэньню канцэнтрацыі, нізкай працаздольнасьці. Ён будзе пазяхаць з ранку да вечара і сам не заўважыць, як з пэрспэктыўнага супрацоўніка, якога ня грэх штомесяц прэміраваць, ператворыцца ў беспрацоўнага з рэпутацыяй вечнага ёлупня і абэлтуха. Але гэта яшчэ ня самае страшнае.
Апноэ заўсёды ідзе на храп.
Такое абакрадзенае дыханьне ўначы наўпрост вядзе да сардэчна-судзінных захворваньняў, бо арганізм, які штоночы адчувае кіслародны голад, неўзабаве больш ня можа функцыянаваць нармальна. Дух Апноэ забівае чалавека за некалькі гадоў, а дактары потым толькі разьвядуць рукамі і абвінавацяць ва ўсім няправільны лад жыцьця ды кепскую спадчыннасьць. Апноэ заўсёды ідзе на храп, і таму кожнаму, хто храпе ў сьне, варта баяцца ночы – ноччу да яго прыходзіць ня толькі сон. Праблема страшнейшая, чым мы думаем – параіўшыся з паўднёваасэцінскімі дасьледчыкамі, амэрыканскія прыйшлі да высновы, што амаль да кожнага чалавека хаця б зрэдку прыходзіць гэтая карга ў туфліках ад “Белвест”.

Ці ёсьць у чалавека, якога кожную ноч наведвае Апноэ, нейкае выйсьце? Можна, напрыклад, лячыцца ад храпу.

А можна наступіць на горла сваёй жаўруковай песьні і стаць “савой”. Далей абыдземся без двукосьсяў.

Быць савой у дзяржаве жаўрукоў ня проста цяжка. Пакуты савы ў краіне, дзе ўсё заточана і наладжана пад радасных раньніх пташак, нікому не цікавыя. Тым ня менш лятэнтных соваў у Беларусі відавочна ня менш, чым прыхільнікаў эўраінтэграцыі. Совы ў Беларусі, ды і ў іншых краінах, зазнаюць сапраўдную дыскрымінацыю. Уначы, калі сава дасягае піку сваёй актыўнасьці, калі яе арганізм гатовы працаваць з найбольшай самааддачай, саву прымушаюць заплюшчваць яе падазрона вялікія вочы і засынаць, памаліўшыся перад сном добрым жаўрукам, якія так удала арганізавалі сьвет.
Шкада, што ў Беларусі няма сіесты.
Раніцай, пад гукі бадзёрага жаўруковага гімну (“Мы, жаўрукі, мірныя птушкі, з ранішняй песьняй ляцім да кармушкі…” ), соннай, са сьвінцовай галавой саве трэба ляцець на працу, трэба шукаць сабе харч, трэба ўладкоўваць асабістае жыцьцё і ціскацца ў перапоўненым мэтро. Удзень, калі беднай саве нясьцерпна хочацца падрамаць недзе на схаванай ад чужых вачэй галінцы, яна, сава, павінна скакаць навідавоку, дэманструючы ляяльнасьць і адданасьць традыцыям, і ўдзячна ўсьміхацца поўным сілаў жаўрукам, якія пасылаюць саву на самыя цяжкія заданьні. А ўвечары, калі саве хочацца сказаць жаўруку, што так жыць ёй няўсьцерп, жаўрук кажа, што ён стаміўся, што ягоны працоўны дзень скончыўся, прыёму няма і прызначае ёй на заўтра, на дванаццаць дня.

Крыніца: Brain, Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body. 1918

Такі падзел абумоўлены фізіялягічна. Сава не вінаватая ў тым, што яна сава. У савы дэпрэсія. У савы катастрафічна зьніжаецца самаацэнка. Сава ніколі не дасягне такіх вышыняў, як жаўрук. Саву лічаць гультайкай бяз музычнага слыху і пачуцьця рытму. У савы адзін шлях: ПТВ, завод, мікрараён на ўскраіне. А захочаш бегчы – няма куды… Калі сава ўсё ж будзе трымацца сваёй савінай сутнасьці, калі захоча “людзьмі звацца”, то яе запішуць у багему, якую жаўрукі так ня любяць, бо багема ня сьпіць начамі, пяе свае “ніпанятные” савіныя песьні на “ніпанятнам языку”, п’е зуброўку і тупае наверсе, не даючы жаўрукам спаць.

Шкада, што ў Беларусі няма сіесты. Сіеста не зашкодзіла б жаўрукам і хаця б трохі дапамагла совам.

Затое да соваў не прыходзіць Апноэ.

Дзіўная рэч – сон. У сьне мы атрымліваем зашыфраваныя паведамленьні зь іншае рэальнасьці -- яшчэ невядома, якая зь іх сапраўдная. У сьне ажывае нашае калектыўнае несьвядомае, расейцам сьняцца татара-манголы, а нам – Францішак Скарына ў Празе, з кніжкамі. У сьне да нас прыходзіць ня толькі Апноэ, але і іншыя добрыя істоты. Напрыклад, да аднаго з нас, Якава, у сьне калісьці прыйшоў сам Пан Бог са складной лесьвіцай і сказаў, што тут, маўляў, табе і жыць, і нашчадкам тваім, і назваў чалавек тое месца Бэт-Эль, што значыць “дом божы”…
Сьвет, наладжаны пад тых, хто выспаўся.
У старажытнай Грэцыі і старажытным Рыме людзі спалі ў храмах на шкурах бараноў, каб атрымаць у сьне прадказаньне аракула. У Джэймса Фрэйзэра можна знайсьці цікавую гісторыю пра тое, як нехта Пандар з Тэсаліі вырашыў паспаць у храме, каб пазбавіцца загадкавых чырвоных літар, што зьявіліся на ягоным ілбе. У сьне да Пандара прыйшоў бог, абвязаў яму лоб шалікам і сказаў зьняць, калі той прачнецца. Раніцай Пандар зьняў шалік, і чырвоныя літары засталіся на тканіне. Пандар пайшоў дамоў, пакінуўшы шалік у храме. Па дарозе ён паслаў у храм свайго слугу, каб той прынёс богу ахвяраваньне за такі цуд. Але слуга, лоб якога таксама меў на сабе літары, вырашыў забраць грошы сабе. Ён лёг спаць, спадзеючыся, што бог і яму дапаможа. Бог прыйшоў у сьне і спытаў, ці не прынёс слуга нейкіх грошай. “Не,” – сказаў слуга. Тады бог сказаў слугу, каб той абвязаў сабе лоб шалікам Пандара. Раніцай слуга зьняў шалік: на ягоным ілбе цяпер былі і літары яго гаспадара, і яго ўласныя…

Джон Генры Фузэлі - Кашмар. 1781

Нічога дзіўнага, што сон здаўна прыцягваў да сябе літаратараў – людзей-соваў, якія любяць працаваць уначы. Сусьветная літаратура – адзін бясконцы соньнік. Сон – файная мэтафара, хаця сон як прыём даўно стаў банальным і ўжываецца ў апошні час хіба што ў камэрцыйнай літаратуры. Няма, відаць, ніводнага пісьменьніка або паэта, хто не скарыстаўся б з вобразу сну, хто б не паспрабаваў пранікнуць у яго таямніцу: камусьці ўдавалася гэта лепш, у кагосьці атрымліваліся хіба што “сны Веры Паўлаўны”. Не абышло пакланеньне сну і беларускую літаратуру: “Сон на кургане”, напрыклад, даўно стаў клясыкай.

Але ніхто так грунтоўна не пісаў пра сон, як Зыгмунд Фройд, які меў звычку садзіцца з вудаю каля каламутнай рэчкі чалавечых сноў і пачкамі выцягваць адтуль сымбалі для пацьверджаньня сваіх сумнеўных тэорый. Пазьней, калі Фройд памёр, у яго нарэшце зьявіўся сапраўдны вораг – Уладзімір Набокаў, геній і эстэт, які кпіў зь вялікага аўстрыйца пры кожнай нагодзе. Набокаў называў Фройда “махляром у кацялку”, “спадаром зь венскім парасонам”, а ягонае вучэньне – “прыкладваньнем грэцкіх мітаў да дзетародных органаў”.

Сон, сон, сон: у сьне мы даведваемся праўду пра сябе і іншых, выдаем таямніцы, у сьне мы дзелімся дыханьнем з тымі, каго любім, у сьне мы безабаронныя, у сьне каханыя называюць нас чужымі імёнамі, у сьне мы назапашваем сілы для таго, каб потым змарнаваць іх на змаганьне з мроямі, у сьне, у сьне…

З гадамі добры сон становіцца ўсё важнейшым: калі мне было дваццаць гадоў, я мог ня спаць некалькі начэй запар, піць, курыць, пісаць, вандраваць, кахаць, ненавідзець, і цудоўна пачуваўся. А цяпер да мяне ўначы прыходзіць Апноэ, дух, якога ўжо ніколі ня выгнаць, і зьбірае сваю даніну.
Народу сьніцца, што ён квітнее.
Сьвет, наладжаны пад тых, хто выспаўся, прымушае жыць па ягоных правілах. Прымушае ставіцца да сну з павагай, жадаць яго, лічыцца зь ім, слухацца ягоных вестуноў, баяцца, што сон ня прыйдзе. Адно з самых вычварных катаваньняў – калі чалавеку не даюць спаць. У некаторых мовах “сон” і “сьмерць” абазначаюцца адным словам.

Спаць могуць ня толькі людзі, жывёлы, расьліны, трактары пад сьнегам, журналісты на планёрцы, салдаты на пасту, мэдсёстры на дзяжурстве…

Спаць могуць цэлыя народы, і калі розум якога-небудзь народу засынае, вакол яго, як вядома, пачынаюць пладзіцца пачвары. Вырастае калючае кустоўе да неба, празь якое да таго зачараванага замка, дзе сьпіць народ, нікому не прабіцца – усё як у вядомай казцы. Народу сьніцца, што ён квітнее, а яго даўно ўжо няма, там, дзе ён жыў калісьці, цяпер калючыя непраходныя кусты, і бог жыхарам замка ня сьніцца, а сьніцца сонечны дзень сурка, 3 ліпеня, і Апноэ складвае подыхі тых заснулых людзей у свой бяздонны мех, і ніхто не назаве гэтае месца Бэт-Эль, а назаве хіба што “западнорусскімі губерніямі” і напіша народу гэта нязводнымі чырвонымі літарамі на ілбе. І ніколі нічога ня зьменіцца, колькі б ні лёталі над кустамі вясёлыя жаўрукі, колькі б ні глядзелі з калючага гальля маркотныя совы. І можна цалаваць у тым зачараваным замку каго заўгодна, ад прынцэсы да кухаркі, любы з разбуджаных жыхароў прамармыча адно: “Што, блядзь, ня сьпіцца? Выхадны, трэцяя гадзіна ночы…” , павернецца на другі бок і зноў захрапе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG