Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынія разьмесьціць амэрыканскія ракеты


Румынія гатова ўзяць удзел у стварэньні сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША і разьмясьціць да 2015 году на сваёй тэрыторыі ракеты-перахопнікі новага пакаленьня. Такую заяву ў чацьвер зрабіў прэзыдэнт Траян Басэску.


Румынскі прэзыдэнт Траян Басэску зрабіў гэтую заяву пасьля таго, як прапанову ЗША ўхваліла Вярхоўная рада абароны Румыніі. Цяпер павінен даць згоду парлямэнт. Басэску зазначыў, што яшчэ ёсьць дастаткова часу для абмеркаваньня пытаньня:

“Наземныя перахопнікі будуць разьмешчаныя на тэрыторыі Румыніі ў якасьці часткі супрацьракетнай сыстэмы ЗША. У адпаведнасьці з графікам, узгодненым з амэрыканскім бокам, кампанэнты, разгорнутыя на тэрыторыі Румыніі, пачнуць функцыянаваць у 2015 годзе”.

У студзені Польшча абвясьціла, што неўзабаве амэрыканскія ракеты “Пэтрыят” будуць дастаўленыя на яе тэрыторыю. ЗША заяўляюць, што сыстэма супрацьракетнай абароны мае на мэце абараніць сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў ад магчымага нападу Ірану, які нарошчвае свой ракетны патэнцыял.

У сераду Тэгеран яшчэ раз прадэманстраваў свае тэхналягічныя дасягненьні, заявіўшы, што ў запушчанай ім у космас ракеце знаходзяцца жывыя мышы, дзьве чарапахі і чарвякі. Былі прадэманстраваныя мадэль лёгкай ракеты, якая выводзіць на арбіту спадарожнікі, і тры спадарожнікі іранскай вытворчасьці.

Ідэя разьмясьціць элемэнты амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе ўзьнікла ў пару прэзыдэнта Джорджа Буша. Паводле таго пляну, яны павінны былі быць разьмешчаныя ў Польшчы і Чэхіі.

Расея рэзка пярэчыла супраць разьмяшчэньня заходняга шчыту так блізка ад яе межаў. Новы амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама ў верасьні летась перагледзеў ранейшы плян на карысьць марскога базаваньня сыстэмы, якая магла б зьбіваць іранскія ракеты блізкага і сярэдняга радыюсу дзеяньня. Гэты крок разглядаецца як частка намаганьняў Абамы палепшыць стасункі ЗША з Расеяй.

Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску заяўляе, што ён цьвёрды ў сваім рашэньні і што разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў Эўропе ня будзе скіраванае супраць Расеі. У Вашынгтоне прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі яшчэ раз падкрэсьліў, што сыстэма супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Румыніі будзе скіраваная толькі на перахоп іранскіх ракет і ніякім чынам не пагражае Расеі.

Тым часам прыйшла рэакцыя Масквы. Расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што ў Маскве спадзяюцца атрымаць тлумачэньні ЗША адносна плянаў разьмяшчэньня ў Румыніі элемэнтаў супрацьракетнай абароны. Лаўроў нагадаў пра міжнародную Канвэнцыю, якая рэгулюе праход вайсковых караблёў праз чарнаморскія пралівы, падпісаны Румыніяй, а таксама дамоўленасьці прэзыдэнтаў ЗША і Расеі правесьці сумесны аналіз пагрозаў ракетнага пашырэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG