Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўрад прапанаваў кіраўніцтву Расеі мэханізм давальніцкай перапрацоўкі нафты расейскімі кампаніямі на беларускіх НПЗ. Пры гэтым стопрацэнтнае мыта на нафту будзе сплачвацца ў расейскі бюджэт. Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у адказ на гэтую прапанову кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі даручыў правесьці разьлікі.

Паводле нафтавых дамоўленасьцяў, беларускія і расейскія кампаніі атрымалі права завезьці нафту са стопрацэнтным мытам на беларускі рынак, перапрацаваць яе на беларускіх НПЗ і вывезьці нафтапрадукты назад у Расею. Бліжэйшым часам беларускі ўрад абяцае адмяніць экспартнае мыта на нафтапрадукты. Паводле прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, расейскаму боку прапанавана, каб буйныя кампаніі зарэгістравалі ў Беларусі даччыныя структуры і празрыста працавалі з нафтай і нафтапрадуктамі. Прапанаваны беларускім бокам мэханізм уключае сплату стопрацэнтнага мыта ў расейскі бюджэт. Прадстаўнік кампаніі “Роснефть” Мікалай Манвілаў сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што цяпер сытуацыя вывучаецца:

“Датычна дамоўленасьцяў па нафце мы не камэнтуем рашэньні ўраду Расеі, мы іх выконваем. З пункту гледжаньня далейшай працы ў Беларусі будзем зыходзіць з эканамічнай мэтазгоднасьці. У кожным канкрэтным выпадку мы будзем глядзець на пытаньні эканамічнай мэтазгоднасьці”.

Газэта “Советская Белоруссия”, камэнтуючы нафтавую дамову, адзначыла, што расейскія кампаніі маюць патронаў у “высокіх дамах зь відам на Красную плошчу” і што ім, маўляў, “пляваць на розныя высокія матэрыі”. А “сьлёзы нафтавых баронаў высахнуць хутка — ну, можа, некаму давядзецца на месяц-другі адкласьці куплю чарговай яхты”.

Камэнтуючы новыя нафтавыя ініцыятывы афіцыйнага Менску, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:

Яраслаў Раманчук
“Беларускі бок ніяк ня можа пагадзіцца з той паразай, якую атрымаў на перамовах з Расеяй. Сёньня беларусы імкнуцца неяк прымусіць расейскія кампаніі альбо больш заплаціць, альбо памяняць схемы. Гэта ўсё ня будзе мець выніку. Калі беларускі бок будзе яшчэ больш неканструктыўным, то расейскі бок пачне таксама выкарыстоўваць свае інструмэнты. Гэта тупік беларускіх уладаў, і яны яшчэ больш дыскрэдытуюць сябе тым, што зноў пачынаюць размовы пра тое, што было падпісана. Бакі будуць адзін аднаго тузаць і браць загрудкі. Так што мы яшчэ толькі на пачатку яшчэ адной фазы гандлёвай, энэргетычнай спрэчкі паміж нашымі краінамі”.

Пасьля падпісаньня нафтавых дамоўленасьцяў у Маскве першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што на гэтым тыдні ў Менск прыедзе віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын, каб абмеркаваць разьвіцьцё супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Маўляў, бакам трэба яшчэ падпісаць пагадненьні пра супрацоўніцтва ў газавай сфэры, электраэнэргетыцы і будаўніцтве АЭС, і беларускі бок ужо накіраваў свае прапановы ў Маскву. Аднак крыніца ў расейскім урадзе паведаміла, што Ігар Сечын не плянуе візыт у Менск ні на гэтым тыдні, ні на будучым.
У Сямашкі было сваё бачаньне тэрмінаў візыту, а ў нас сваё ...

“У Сямашкі было сваё бачаньне тэрмінаў візыту, а ў нас сваё. Ён і не стаяў у графіку, каб адкласьціся. У нас ён у графіку адпачатку не стаяў і на гэтым тыдні, і на будучым”.

Паводле Сяргея Сідорскага, 16 сакавіка ў Берасьці з расейскім прэм'ерам Уладзімерам Пуціным ён разгледзіць праграму супрацоўніцтва ў паліўна-энэргетычным комплексе. Сяргей Сідорскі мяркуе дамагчыся ад “Газпрому” захаваньня коштаў на газ на ўзроўні мінулага году. Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сказаў карэспандэнту “Свабоды”:

“Так, яны хочуць. Але ў нас ёсьць кантракт, і ў яго пакуль ніякіх зьменаў ня ўносілася”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG