Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паважаныя ўкраінцы! Не наступіце на беларускія граблі!”


Абмежаваньне інтэрнэту ў Беларусі, выдзяленьне Беларусі крэдытаў МВФ, выбары ва Ўкраіне, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 60, якім ад 1 ліпеня 2010 году дзяржава зьбіраецца рэглямэнтаваць нацыянальны сэгмэнт інтэрнэту. Камэнтар слухача:

Cпадар: “Лукашэнка апошнім часам зьмяніў шматлікіх міністраў, потым узяўся за чыноўнікаў з КДБ і іншых сілавых структураў. Вось цяпер ён вырашыў узяцца за інтэрнэт, але мне падаецца, што гэта беспэрспэктыўна. Бо ён сябруе з Эўропай, а ў Эўропе ж гэта немагчыма, там інтэрнэт вольны. Там нашмат больш магчымасьцяў для грамадзян быць свабоднымі і выказваць сваё меркаваньне, не баючыся быць рэпрэсаванымі і перасьледаванымі з боку спэцслужбаў”.

У Менску распачала працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду, якая падводзіць вынікі выкананьня беларускімі ўладамі праграмы крэдытаваньня “stand-by”. На тэму выдзяленьня крэдытаў Беларусі з боку МВФ наступнае меркаваньне:

Спадар: “За дапамогу, мільярдныя крэдыты, пераадоленьне крызісу Лукашэнка і яго кіраўніцтва гэтак аддзячыць, як таварыш Сталін аддзячыў прэзыдэнту Франкліну Рузвэльту за дапамогу ў перамозе над фашызмам, разьвязаўшы халодную вайну”.

Наступныя тэлефанаваньні — рэакцыі на выказваньне слухача, які назваўся “лукашыстам”. Ён крытыкаваў кіраўніка Украіны Віктара Юшчанку, а таксама лідэраў беларускай апазыцыі:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Адказ лукашысту. На Ўкраіне прыйшлі і свабодна сказалі “Не” свайму слабому кіраўніку 95 працэнтаў выбарнікаў. У нас гэтыя 95 адсоткаў заганяюцца на датэрміновае галасаваньне, а пасьля ўчастковымі камісіямі робіцца “элегантная перамога”. За часы кіраваньня Лукашэнкі карупцыя ў росквіце, наша маёмасьць за бесцань прадаецца замежнікам, бяруцца і праядаюцца шалёныя крэдыты. Мы нічога не ствараем, акрамя лядовых палацаў. Дадзеныя пра эпідэмію сьвінога грыпу схаваныя, моладзь сьпіваецца ад безвыходнасьці і беспрацоўя, лепшыя зьяжджаюць, школа выхоўвае маральных калек. І вы кажаце, што гэта добра?”

Міхась Чарнышоў, Арэхаўск: “Ён сказаў, што ён лукашыст. Усе лукашысты зацыкленыя, іх ня выхаваеш, таму ня трэба знаходзіць зь імі паразуменьня”.

Спадарыня: “Лукашыст, адказваю, слухай: ваш час скончыўся. Мілінкевіч Аляксандар, Вінцук Вячорка, Лябедзька Анатоль — гэта гонар нашай беларускай радзімы, гонар нашай нацыі!”

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Я хацеў бы, каб Радыё Свабода больш вольна распаўсюджвала інфармацыю наконт таго, дзеля чаго існуюць палітычныя партыі ў Беларусі. Якая іх мэта? Дзеля чаго яны вылучаюць дэпутатаў? Якім чынам яны жадаюць палепшыць жыцьцё ў Беларусі? Каб гэтую інфармацыю кожны просты чалавек, які чуў, ведаў”.

Выказваньне камэнтуе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“Партыя БНФ існавала, існуе і будзе існаваць дзеля таго, каб адстойваць беларускія нацыянальныя інтарэсы, каб беларусы былі гаспадарамі на сваёй зямлі, жылі спакойна і заможна. Каб Беларусь мела годнае месца сярод іншых краін сьвету. Калі казаць пра вылучэньне нашых кандыдатаў на выбары, то таксама самы асноўны акцэнт — гэта праца нашых мясцовых лідэраў па вырашэньні праблем мясцовага характару, ізноў жа для паляпшэньня жыцьця людзей”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Мікола Петрушэнка: “Турбую вас па даручэньні грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Рэч у тым, што ў мястэчку ўжо амаль месяц няма вады ў калёнках. А мясцовы ЖКХ, замест таго каб рамантаваць іх, узяў ды зьнёс адну з калёнак. Бабулькі сказалі адразу: ідзём на марш, перакрываем вуліцу з пустымі бітонамі”.

Козік Вадзім Іванавіч, Любань: “Наш псыхіятар спрабуе навязаць мне псыхіятрычныя паслугі, але я, знаходзячыся ў здаровым стане і добрай памяці, заяўляю, што гэта расправа над іншадумствам”.

Спадарыня: “Паважаныя ўкраінцы! Зрабіце добры выбар на выбарах. Не наступіце на беларускія граблі!”

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG