Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіўся 1 студзеня 1957 году ў Менску. Скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту (цяпер Лінгвістычны ўнівэрсітэт). Перакладчык і выдавец.



Што для вас свабода?

Свабода — адзіны варты спосаб існаваньня, жыць несвабодна = жыць чужым жыцьцём = жыць не сваім жыцьцём = ня жыць. Адзіным абмежаваньнем свабоды ёсьць культура.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Я сам.


Што для вас шчасьце?

Атрымліваць асалоду ад таго, што робіш, і ўсьведамляць, што гэта карысна іншым (прынамсі, аднадумцам).


Чаго вы найбольш баіцеся?

Сябе.


Які талент вы хацелі б мець?

Стараюся пра гэта ня думаць, а абыходзіцца тым, што ёсьць, бо калі чаго ня дадзена, дык марыць пра гэта марна. Хоць вельмі хацелася б лётаць па паветры і плаваць пад вадой.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Паважаю вельмі многіх, вартых захапленьня людзей. Дзякуй Богу, іх шмат. Канкрэтызаваць не хачу, бо ўсіх не пералічыш, а назваць аднаго-другога дзеля ўзору немагчыма, бо назавеш гэтага, потым будзеш шкадаваць, што не назваў таго...


Што вы найбольш любіце рабіць?

Уфффф! Ну, напрыклад, перакладаць, ясная рэч. А больш не скажу!


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Яго пражыць яшчэ раз немагчыма, таму пытаньне, так сказаць, неадэкватнае. Лепш тады ўжо спытаць: ці верыце вы ў перасяленьне душ? Ня веру. Бо з уласнага досьведу ніколі ня меў гэтаму ніякіх доказаў. Зрэшты, уласны досьвед — не апошняя праўда, і таму пярэчыць тым, хто верыць, не хачу і ня буду. Але нават калі душа і перасяляецца, дык цела — не, а я складаюся зь дзьвюх частак, таму «я» пражыць жыцьцё яшчэ раз не змагу. Даводзіцца пасьпяваць жыць тут і цяпер.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Мне вельмі падабаецца француская прымаўка: «Fais ce que dois, advienne ce qui devra». Даслоўна яна перакладаецца так: «Рабі, што павінен, і хай адбудзецца, што павінна [адбыцца]». Яе сутнасьць для мяне заключаецца ў тым, што пакуль жывеш так, як лічыш патрэбным, адказваеш за свае ўчынкі (што натуральна і што ня можа быць крыўдным), а калі жывеш ня так, як лічыш патрэбным, адказваеш за тое, што цябе змушае рабіць нехта/нешта (што бессэнсоўна і вельмі крыўдна).

Які ваш улюбёны дэвіз?

Ня маю такога.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Пры камунізьме. Памятаеце той савецкі жарт: «Я таксама хачу ў Савецкі Саюз!» Зрэшты, марамі не жыву. Хоць разам з мэдыкамі лічу, што сон — рэч неабходная.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

Вы пра горад Сонца ці Ўтопію? Той краіны, у якой я хацеў бы жыць, няма.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Тут і цяпер.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Падаў бы ў адстаўку.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Цяпер ці ўвогуле? Зрэшты, бяз розьніцы: любыя ўзаемаадносіны — гэта адносіны, якія будуюцца з двух бакоў у адпаведнасьці з тым, наколькі адзін бок ёсьць каштоўным для другога і наколькі другі бок паважае каштоўнасьці першага. На маю думку, Эўразьвяз для Беларусі безумоўна каштоўны, бо Беларусь частка Эўропы і эўрапейскай цывілізацыі, а таму мае (павінна мець) аднолькавыя зь ім/ёй каштоўнасьці.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Такія самыя, як з Эўразьвязам — з улікам адной спэцыфічнай уласьцівасьці Расеі, якая спалучае ў сабе ў дадатак да большасьці эўрапейскіх, яшчэ і азіяцкія каштоўнасьці. Для нармальных адносінаў іх таксама трэба ўлічваць.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Не.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі большасьць людзей усьвядоміць сябе беларусамі (актыўна, а не пасіўна). Хочацца, каб пры гэтым улада зьмянілася не гвалтоўна.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі актыўна ўсьвядомяць сябе беларусамі і захочуць імі быць, а не называцца.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Ня будзе беларусаў, будуць жыхары Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG