Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
4 лютага — Міжнародны дзень барацьбы з анкалягічнымі захворваньнямі. У Парыскай хартыі, прынятай у 2000 годзе на Ўсясьветным саміце барацьбы з ракам, прагучаў заклік да стварэньня «моцнага саюзу дасьледчыкаў, лекараў, пацыентаў, урадаў, прадстаўнікоў прамысловасьці і СМІ для вядзеньня барацьбы са злаякаснымі новаўтварэньнямі і тымі перажываньнямі, якія спадарожнічаюць дадзеным захворваньням». Гэтая страшная хвароба не абмінае і Беларусь. Якія спэцыфічныя асаблівасьці анкалягічных захворваньняў у Беларусі?

Рак — хвароба старадаўняя. Яго знаходзілі яшчэ ў шкілетах эгіпецкіх мумій. Ад раку памерлі Сувораў, Тургенеў, а Рэмбрандт у XVII стагодзьдзі на адным са сваіх найлепшых палотнаў намаляваў жанчыну, хворую на рак малочнай залозы… Але менавіта пры канцы 20-га стагодзьдзя ва ўсім сьвеце рэзка павялічылася колькасьць хворых на анкалягічныя захворваньні.

Адзіны ў Беларусі прафэсар анколяг-патамарфоляг, спэцыяліст з амаль 50-гадовым стажам Генадзь Мураўёў кажа:

«Анкалягічныя захворваньні растуць ва ўсім сьвеце. Паступова. Так, у Беларусі яны растуць таксама: па адной лякалізацыі крышку больш, па другой — крышку менш. Але, як і паўсюль, не выходзім за межы».

Галоўны няштатны анколяг Міністэрства аховы здароўя, намесьнік дырэктара РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі Сяргей Красны падаў такую статыстыку: за апошнія 38 гадоў колькасьць анказахворваньняў павялічылася ў 4 разы. Калі ў 1970-я гады дыягназ «рак» ставіўся ў 38 выпадках штодзень, то ў 2009 — ужо ў 111-ці.

Адмыслоўцы зьвязваюць павелічэньне колькасьці анкалягічных захворваньняў з Чарнобылем. Прычым калі пасьля Хірасімы і Нагасакі ва ўсім сьвеце павялічылася колькасьць лейкозаў, іншых захворваньняў крыві, то ў Беларусі пасьля Чарнобылю «выбухнула» шчытападобная залоза.. На пытаньне, ці можна зьвязваць істотны рост раку шчытападобнай залозы з наступствамі Чарнобылю, прафэсар Мураўёў адказаў так:

Рост ракавых захворваньняў шчытападобнай залозы наўпрост выкліканы аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.
«Ня можна, а трэба. Абсалютна адназначны адказ. Рост ракавых захворваньняў шчытападобнай залозы наўпрост выкліканы аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Так, вельмі добра навучыліся лячыць гэты рак, аднак не ўва ўсіх выпадках гэта ўдаецца. Самая распаўсюджаная форма — гэта папілярны рак: ён нармальна лечыцца. А больш складаныя формы, больш агрэсіўныя — могуць прывесьці і да лятальнага выніку. Асабліва гэта тычыцца такіх формаў, як недыфэрэнцыяваны рак шчытападобнай залозы, фалікулярны рак».

У 2008 годзе ў Беларусі была зарэгістраваная 1 тысяча новых выпадкаў раку шчытападобнай залозы. Прычым калі адразу пасьля Чарнобылю хварэлі ў асноўным дзеці, зараз — рост амаль у 5 разоў у дарослага насельніцтва, паведаміла прафэсар катэдры эндакрыналёгіі Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Валянціна Дрозд. У межах сумеснага праекту Эўразьвязу і Праграмы разьвіцьця ААН сёлета ў Менску будзе створаны Міжнародны навукова-практычны цэнтар захворваньняў шчытападобнай залозы.

У Беларусі прагрэсуюць і іншыя віды раку. Галоўны мамоляг краіны прафэсар Леанід Путырскі кажа:

«Захворвальнасьць павялічваецца, асабліва на рак малочнай залозы. У 2008 годзе перакрыты рубеж у 3,5 тысячы — было 3700 выпадкаў за год. За 2009 год статыстыкі пакуль няма. Да 4 тысяч у год набліжаемся. Так, захворвальнасьць павялічваецца, але што радуе — запушчанасьць зьніжаецца. Дзякуючы таму, што працуем і з насельніцтвам, і з дактарамі. Зьнізілі трэцюю і чацьвёртую стадыі да 20%».

Прафэсар Генадзь Мураўёў адзначае і іншыя віды анкалягічных захворваньняў:

«У пэўнай ступені рост захворваньняў на гемасыстэму — лімфавузлы, тое, што мы называем лімфомы, лімфагрануляматоз, лейкозы — гэта сапраўды можа быць абумоўлена радыяцыяй, якая накрыла Беларусь пасьля Чарнобылю. Па-трэцяе, зараз назіраецца рост так званых астэагенных саркомаў. Гэта апорна-рухальны апарат, косьці, храсткі. Гэта таксама абумоўлена тым, што ў касьцях назапашваецца цэзій і стронцый. Яны вельмі кепска выводзяцца з арганізму чалавека. І з кожным годам будзе расьці колькасьць вось гэтых вельмі злаякасных пухлінаў касьцей».

Кожны 44-ты
Зараз у Беларусі 225 тысяч чалавек знаходзяцца на дыспансэрным уліку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем (у 1996 годзе было 126 тысяч). Такім чынам, кожны 44-ы беларус знаходзіцца на ўліку ў анкалягічнай службе.
Рак — на другім месцы сярод прычын сьмерці ў Беларусі (14%) — пасьля сардэчна-сасудзістых захворваньняў (52%).

Але ёсьць і посьпехі ў лячэньні гэтай страшнай хваробы. Добрых вынікаў у лячэньні дзіцячых лейкозаў дасягнулі беларускія мэдыкі, кажа дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі прафэсар Вольга Алейнікава:

«Сёньня мы вылечваем цалкам больш за 70% дзетак. Тыя 25-30%, што засталіся, якія ня могуць вылечыцца звычайнымі, стандартнымі мэтадамі хіміятэрапіі — а гэта дзеці, хворыя на рак, розныя віды злаякасных утварэньняў, — вось тут прыходзяць на дапамогу іншыя, высокатэхналягічныя мэтады лячэньня, уключна з трансплянтацыяй касьцявога мозгу. І яшчэ 60% ад тых, каго мы можам вылечыць традыцыйнымі мэтадамі, мы вылечваем з дапамогай трансплянтацыі».

Трансплянтацыю касьцявога мозгу робяць з 1998 году, за гэтыя гады асвоены ўсе віды трансплянтацыі. Выканана больш за 350 трасплянтацый касьцявога мозгу і ствалавой пэрыфэрыйнай клеткі беларускім дзеткам.

У народзе кажуць: рак — гэта не хвароба, рак — гэта лёс. Прафэсар Генадзь Мураўёў дае такія парады людзям, якіх напаткала такая бяда:

Па-першае, ганіце ад сябе як мага далей усіх знахароў, экстрасэнсаў, шарлятанаў і прайдзісьветаў.
«Па-першае, ганіце ад сябе як мага далей усіх знахароў, экстрасэнсаў, шарлятанаў і прайдзісьветаў, якія кідаюцца на гэтага няшчаснага чалавека і даводзяць яго да магілы. Па-другое, як мага раней трэба зьвяртацца да анколягаў, бо зараз посьпехі ў лячэньні раку вельмі вялікія. Ня ўсіх, праўда, формаў. Ад многіх формаў паміраюць, але ёсьць шмат формаў, якія вельмі добра лечацца. Калі на пачатковай стадыі, то амаль на 100% лечацца. А калі другая, трэцяя і асабліва чацьвёртая стадыя — там, безумоўна, праблемы ёсьць».

Псыхоляг Жанна Міцкевіч ня раз у сваёй практыцы сутыкалася зь безнадзейна хворымі. Яна перакананая:

«У любым захворваньні яго ход залежыць ад самога чалавека. Фактар, які дзейнічае ад пачатку хваробы і да канца жыцьця чалавека — гэта яго адносіны да жыцьця, адносіны да хваробы і адносіны да сябе. Таму анкалягічныя захворваньні сёньня ўжо не выклікаюць таго страху, які выклікалі гадоў 20 таму. Бо сёньня ўжо сапраўды на раньняй стадыі выяўленьня многія формы вылечваюцца. Асабліва ў дзетак захворваньні крыві».

Прафэсар Леанід Путырскі перакананы, што навукоўцы, мэдыкі ўсё ж такі навучацца на 100% вылечваць анкалягічныя захворваньні:

«Знойдуць выйсьце. Павінна ў чалавека быць надзея, што будзе ўсё добра. Можа, гэта будзе не пры нашым жыцьці, усё ж такі вельмі складаны вораг — анкалягічныя захворваньні. Але набліжаемся да таго, каб распазнаць прычыну, чаму добрая, здаровая клетка раптам робіцца ракавай клеткай. А як толькі зможам разгадаць на генэтычным узроўні — зможам і рабіць карэкцыю».

Статыстыка сьведчыць, што хворыя на рак маюць шанцы на жыцьцё і што рак лечыцца. Больш за палову пацыентаў, якія мелі ў анамнэзе анкалягічнае захворваньне, жывуць пяць і больш гадоў. Цяпер гэтую мяжу пераадолелі каля 120 тысяч беларусаў. Псыхоляг Жанна Міцкевіч перакананая:

«Адносіны да хваробы дапамагаюць чалавеку калі ня вылечыцца цалкам, то працягнуць сваё жыцьцё. Справа залежыць ад таго, як чалавек ставіцца да хваробы, ставіцца да жыцьця і як ён, перш за ўсё, думае пра блізкіх сваіх, а не пра сваю хваробу. Людзі аптымістычныя, не эгаістычныя, калі ня могуць пазбавіцца ад хваробы, то могуць працягнуць сваё жыцьцё. Былі такія выпадкі ў маёй практыцы, калі чалавек, дзякуючы свайму аптымізму, празе жыцьця і каханьню сваёй жонкі — яму было 40 гадоў — застаўся жыць пры ракавым захворваньні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG