Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Чарнец

Дабрадзейнасьць грамадзяніна палягае ў здольнасьці падпарадкоўвацца ўладам і законам…
Арыстоцель

Асноўная дабрадзейнасьць грамадзяніна – гэта недавер.
Рабэсп'ер


Малдаўскія пэнсіянэры зрабілі сабе падарунак да 1 лютага. Што гэта за сьвята такое? Ага! Гэта ж Нацыянальны дзень волі ў ЗША, дзень скасаваньня рабства! Як у ваду глядзелі кішынэўскія дзядкі, бунтуючы супраць падвышэньня коштаў на камунальныя паслугі і транспарт. Так яны вызвалялі сябе ад рабскага цяжару выдаткаў: цяпер для іх праезд у гарадзкім транспарце кампэнсуецца гарадзкой радай.

Дыфэрэнцыявана, аля ня тое каб зусім па-скупяндзяйску.

Сталіцу Малдовы пэнсіянэры пачалі разгойдваць яшчэ ў верасьні мінулага году, неўзабаве пасьля сыходу ў адстаўку пакрыўджанага прэзыдэнта-камуніста. Лягічна: у красавіку бушавала рамантычная моладзь, па восені падцягнуліся сур'ёзныя пажылыя людзі. Дзейнічалі яны грунтоўна, зь перакрыцьцём цэнтральнай магістралі, дасьведчаныя, жыцьцём бітыя. У краіне, дзе яшчэ нядаўна кіравалі камуністы, кожны жмуток "камунізму" народ абвык здабываць з баямі. Адведаўшы гэтага моцнага палітычнага кіпеню, цяперашнія кіроўныя лібэралы знайшлі прымальнае лібэральнае выйсьце, ратуючы аблічча і ганарлівае імя. Бо "кампэнсацыя" – гэта гучыць больш лібэральна, чым "бясплатна". І, дарэчы, больш сумленна.

Што ж гэта нам, беларусам, нагадвае знаёмае?.. А ужо амаль нічога – незнаёма ўсё ў гэтым гарачым паўднёвым кіпеньні. Як гэта супраць роднай дзяржавы… і навошта? Калі адбіраюцца льготы, значыць гэта радзіме трэба. А пэнсіянэрам на што разьяжджаць па горадзе? – ім належыць унукаў пеставаць ды ў крамку за хлебцам хадзіць, крок туды – крок назад, яно і здаравей. І наогул хутка на асабістым транспарце павязуць – ды яшчэ з музыкай. Даверлівасьць у асобнай чалавечай душы – вельмі сымпатычная рыса, якая выклікае прыхільнасьць. Бо нездарма Ісус менавіта такім - па-дзіцячаму расхінутым у сьвет людзям – абяцаў Царства Нябеснае. І вось жывуць нашы асобныя беларускія душы, быццам лунаюць над мурзатай глебай, бязважкія, напоўненыя траскучай тэлевізійнай смугой.

Душам абяцаў, целам – не. Для целаў існуе назаляючая і клапатлівая грамадзкая дзейнасьць, якой толькі і дасягаецца нейкі грамадзкі кампраміс. Няма яе, разбрыліся грамадзяне-атамы па ізаляваных вочках кватэраў – і на месцы цьвёрдай глебы грамадзкага кампрамісу лёгка расплываецца багна дзяржаўнага ўсеўладзьдзя. Яно можа і добрым здацца іншым разам, вясёлым і карысным – як балотныя журавіны - але невядома, якая ўнізе глыбіня. Дзе дно, ці ёсьць яно? З балота можна сысьці, з дрыгвы – паспрабуй!
XS
SM
MD
LG