Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш Касьцюшка


Удзельнікі ўрачыстасьці ля адноўленай сядзібы-музэя Тадэвуша Касьцюшкі.

Удзельнікі ўрачыстасьці ля адноўленай сядзібы-музэя Тадэвуша Касьцюшкі.

Сёньня ў Беларусі адзначылі 264-я ўгодкі Тадэвуша Касьцюшкі. Асноўныя ўрачыстасьці адбыліся ў адноўленым радавым фальварку Касьцюшкаў — у Мерачоўшчыне, што ў Івацэвіцкім раёне на Берасьцейшчыне. Сюды завіталі дзеячы культуры, гісторыкі, лідэры палітычных партыяў і рухаў. Сярод гасьцей быў і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

У музэі Тадэвуша Касьцюшкі выступае часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

На сьвяткаваньне прыехалі Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў і Юрась Губарэвіч.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які сёньня быў у Мерачоўшчыне, паведаміў «Свабодзе», як шмат на ўрачыстасьці людзей з розных мясьцін Беларусі:

«На мэмарыяльным камені ля адноўленай сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі напісана, што ён — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Польшчы і ЗША. Няма ніякага сумневу, што Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі. Такім яго ўжо даўно лічыць патрыятычнае беларускае грамадзтва. Вось чаму дзясяткі людзей прыехалі сюды зь Берасьця, Менску, Баранавічаў, Горадні ды многіх іншых мясьцінаў».

Уладзімер Арлоў (другі справа) з рэгіянальнымі актывістамі

Уладзімер Арлоў разам з Аляксандрам Саньнікавым і Аляксеем Янукевічам віталі прысутных на ўрачыстым мітынгу. Адбылося таксама ўскладаньне кветак да мэмарыяльнага знаку Тадэвуша Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне.

Старшыня арганізацыйнага камітэту сёньняшняга мерапрыемства Аляксандар Мех удакладніў, што партыйныя і грамадзкія актывісты сьвяткуюць угодкі Тадэвуша Касьцюшкі паводле загадзя распрацаванай праграмы. Але, як кажа суразмоўца, замінае міліцыя.

Аляксандар Мех: «Калі я напярэдадні наведваў Івацэвіцкі райвыканкам, то знарок прасіў, каб мясцовыя ўлады не чынілі ніякіх правакацыяў. Яны ж запэўнівалі і абяцалі. Але калі я прыехаў у Косава раніцай, то практычна ўвесь пасёлак быў ачэплены міліцыянтамі».

Урэшце міліцыянты парушылі дамоўленасьць. Вялікая група гісторыкаў, краязнаўцаў і прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і рухаў зь Берасьця не патрапіла своечасова на ўрачысты мітынг. Аўтобус спынілі міліцыянты. Прычыны тлумачыць берасьцейскі актывіст Яўген Бяласін:

«Вадзіцель заявіў, што так прыдзірліва яго яшчэ не правяралі. Прастаялі мы даволі доўга, пакуль ня рушылі пехам у калёне. Толькі тады міліцыянты аддалі дакумэнты. Але ж мы ўсё ўжо страцілі на той час. Урачыстасьць цалкам скончылася бяз нас».

Пра Тадэвуша Касьцюшку і яго значнасьць у барацьбе за свабоду ў Беларусі кажа Ўладзімер Арлоў:

«Народжаны на беларускай зямлі, ён вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Варшаве, пасьля ў вайсковай акадэміі ў Парыжы. Пасьля сем гадоў ваяваў за незалежнасьць ЗША. У 1794 годзе ён узначаліў вызвольнае паўстаньне. Тое паўстаньне, удзельнікі якога якраз адстойвалі эўрапейскі дэмакратычны выбар радзімы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай».
XS
SM
MD
LG