Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фільм ірляндзкіх кінэматаграфістаў Хуаніты Вільсан і Джэймса Фліна “Дзьверы” (“The Door” — Juanita Wilson, James Flynn) увайшоў у канчатковы сьпіс намінатаў на прэмію “Оскар” у катэгорыі “найлепшы кароткамэтражны фільм”. Ён зьняты паводле аднаго апавяданьня з кнігі Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”.

Апрача яго, на галоўную штогадовую прэмію Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва прэтэндуюць стваральнікі яшчэ чатырох кароткамэтражных стужак, у якіх распавядаюцца сапраўдныя людзкія гісторыі.

Навіна засьпела Сьвятлану Алексіевіч у Бэрліне, дзе тая апошнім часам жыве. Пісьменьніца не хавае сваіх пачуцьцяў з гэтай нагоды, хаця і не перастае зьдзіўляцца, чаму Хуаніта Вільсан выбрала для свайго кінасцэнару менавіта “Маналёг пра цэлае жыцьцё, напісаны на дзьвярох”.

“Мне было цікава, чаму яна выбрала менавіта гэтае апавяданьне, бо па ўсім сьвеце ідуць дзясяткі п’ес і шмат фільмаў розных здымаецца па “Чарнобыльскай малітве”. Але ніхто да яе на гэтым апавяданьні не спыняўся, а вось яе зацікавіла менавіта гэтае. І яна знайшла свой ход — гэта не дакумэнтальны фільм, а такі новы дакумэнтальна-мастацкі паварот. Сцэнар зроблены пад дакумэнт, і ў той жа час граюць акторы. І гэта ўжо яе бачаньне майго дакумэнту”.

Фільм здымаўся на Прыпяці. У аснову пакладзеная гісторыя перасяленца, у якога ад радыяцыі памірае дачка. Перад пахаваньнем бацька хоча, згодна з даўнім звычаем, пакласьці яе на дзьверы роднай хаты, дзеля чаго яму трэба вярнуцца ў сваю адселеную вёску. Гэтая гісторыя ў свой час моцна ўразіла пісьменьніцу, а потым і ірляндзкую кінарэжысэрку.

“Калі я езьдзіла па Прыпяці, мяне дзьве гісторыі ўразілі. Першая — пра тое, як чалавек вывез з зоны адсяленьня дзьверы, якія памятаюць усё ягонае жыцьцё. І другая — як жанчына, ад’яжджаючы, зрабіла запавет, каб яе пасьля сьмерці прывезьлі назад і пахавалі ў той загінулай вёсцы. Але яна гаравала пра тое, што ня будуць пры гэтым выкананыя ўсе тыя звычаі, якія заўсёды ў іх сям’і выконваліся”.

Дакумэнтальныя фільмы паводле кнігі “Чарнобыльская малітва” зьнятыя рэжысэрамі Нямеччыны, Францыі, Швэцыі, Японіі ды іншых краін. Багата стужак атрымлівалі ўзнагароды, але такой высокай намінацыі, як “Дзьверы”, ніводная яшчэ ня мела. На пытаньне, ці паедзе пісьменьніца 7 сакавіка на цырымонію ўручэньня “Оскара”, спадарыня Алексіевіч сказала:

“Ня ведаю. Пакуль мяне ніхто не запрашаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG