Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі суд ня выявіў парушэньняў пры фармаваньні выбарчай камісіі


Гомельскі абласны суд.

Гомельскі абласны суд.

Сёньня Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі на рашэньне прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў і аблвыканкаму. Апошнія не ўключылі ў склад абласной выбарчай камісіі вылучэнца АГП.

Прэтэнзіі ў судзе да прэзыдыюму абласнога савету й аблвыканкаму падтрымліваў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў

Васіль Палякоў
“Адбылося, па сутнасьці, прызначэньне камісіі, а не стварэньне. Быў агучаны сьпіс, і гэты сьпіс пастаўлены на галасаваньне. Ніводная кандыдатура не абмяркоўвалася. Галоснасьці падчас фармаваньня камісіі не назіралася. Апрача таго, у склад камісіі ўключаны высокапастаўленыя чыноўнікі аблвыканкаму — гэта парушае артыкул 11 Выбарчага кодэксу. Камісіі ня могуць залежаць ад дзяржаўных органаў. Таму мы й зьвярнуліся ў суд”.

Паводле актывіста, неабходна, каб траціна выбарчых камісій фармаваліся менавіта з вылучэнцаў палітычных партыяў — як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах. Нездарма ж і ў Выбарчым кодэксе палітычныя партыі называюцца ў першую чаргу.

Прадстаўніца прэзыдыюму аблсавету й аблвыканкаму ў судзе Ала Сусарэнка прэтэнзіі АГП не прызнала. Заявіла, што выбарчае заканадаўства патрабуе толькі, каб на сумесным паседжаньні прысутнічалі дзьве траціны складу органаў, якія ўтвараюць камісію, і каб за яе склад галасавала большая палова прысутных. Астатняе, маўляў, ня важна: называліся ці не ўсе вылучэнцы ў камісію, абмяркоўваліся яны альбо, наадварот, за іх галасавалі моўчкі.

Такой думкі трымалася й пракурор абласной пракуратуры спадарыня Судар, заявіўшы: галоўнае, каб камісію фармавалі тыя органы, якія павінны гэта рабіць.

Старшыня суду Леанора Буянкова адхіліла пазоў рэгіянальнай арганізацыі АГП, пацьвердзіўшы тым самым, што пры стварэньні выбарчай камісіі прэзыдыюм аблсавету й аблвыканкам заканадаўства не парушылі.

Рашэньне не зьдзівіла кіраўніка рэгіянальнай АГП спадара Палякова:

“Мы не сумняваліся ў тым, што беларускія суды выносяць рашэньні на падставе палітычнай мэтазгоднасьці”.

Леанід Судаленка
Прысутны ў судзе сябра АГП, юрыст Леанід Судаленка, якога суд не дапусьціў да разбору ў якасьці прадстаўніка рэгіянальнай арганізацыі, пракамэнтаваў вырак:

“Улада па-свойму разумее новую рэдакцыю Выбарчага кодэксу. Яна мае свае кішэнныя палітычныя партыі, працоўныя калектывы, кішэнныя грамадзкія арганізацыі. І, як паказвае сёньняшняе рашэньне, і кішэнныя суды”.
XS
SM
MD
LG