Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сорак працэнтаў з 12 мільёнаў чалавек, у якіх штогод дыягназуецца рак, маглі б пазьбегнуць сьмяротнай хваробы, калі б запабягалі інфэкцыям і зьмянілі свой лад жыцьця. Такую заяву зрабілі заходнія экспэрты напярэдадні Ўсясьветнага дня барацьбы з ракам 4 лютага.


У наш час рак зьяўляецца адной з галоўных прычынаў сьмерцяў ва ўсім сьвеце. У 2004 годзе ад яго памерлі 7,4 мільёна чалавек, а гэта каля 13 працэнтаў усіх сьмяротных выпадкаў. Таксама навукоўцы прагназуюць, што з 2007 да 2030 году колькасьць сьмерцяў ад раку павялічыцца на 45 працэнтаў – з 7,9 мільёнаў да 11,5 мільёнаў выпадкаў.

Характэрнай прыкметай раку (ці злаякасных пухлінаў) зьяўляецца хуткае ўтварэньне анамальных клетак, якія перарастаюць свае звычайныя межы і пранікаюць у суседнія часткі арганізму, пашыраюцца на іншыя органы. Гэты працэс называецца мэтастазамі, якія і зьяўляюцца асноўнымі прычынамі сьмерці ад раку. Самымі ж небясьпечнымі зьяўляюцца для мужчынаў рак лёгкіх, страўніка, печані, прамой кішкі, стрававода і прастаты, для жанчын – рак малочнай залозы, лёгкіх, страўніка, тоўстай кішкі і шыйкі маткі.

І тым ня меней, рак можна папярэдзіць, калі карыстацца вакцынамі супраць пэўных інфэкцыяў і выключыць з жыцьця тыя асноўныя рызыкі, якія вядуць да хваробы на рак.

Перадусім навукоўцы называюць курэньне, якое зьяўляецца прычынай 1,8 мільёна сьмяротных выпадкаў ад раку штогод. За 274 тысячы сьмерцяў ад раку штогод адказныя залішняя вага, атлусьценьне і маларухомы лад жыцьця. Да 351 тысячы сьмерцяў ад раку адбываецца з прычыны злоўжываньня алькаголем. Сёньня ўжо даказана, што рак выклікае і перадаваны палавым шляхам вірус папіломы чалавека. Ад раку, прычынай якога стала гэта інфэкцыя, штогод паміраюць 235 тысяч чалавек.

Эўрапейскія экспэрты летась апублікавалі справаздачу, у якой папярэдзілі, што хваля раку найперш пагражае разьвіваным краінам. Паводле іх ацэнак, каля паловы выпадкаў сьмерці ад раку ў 2008 годзе адбыліся менавіта там, дзе нізкі і сярэдні ўзровень жыцьця.

Цэнтральным фактарам для разьвіцьця раку зьяўляецца старэньне. З узростам, з агульным назапашваньнем рызыкаў, захворваньні на рак павялічваюцца. Гэтаксама, як і мэханізмы лекаваньня становяцца меней эфэктыўнымі.

Навукоўцы заклікаюць нацыянальныя органы аховы здароўя працаваць у накірунку разьвянчаньня міту пра фатальнасьць раку, прапагандаваць мэханізмы папярэджаньня гэтай сьмяротна небясьпечнай хваробы.


4 лютага штогод адзначаецца Сусьветны дзень барацьбы супраць раку. Гэты дзень быў абвешчаны «Міжнародным зьвязам па барацьбе з анкалягічнымі захворваньнямі» (Міжнародны зьвяз супраць раку) (UICC). Мэта гэтага міжнароднага дня — падвышэньне дасьведчанасьці пра рак як аднаго з самых страшных захворваньняў сучаснай цывілізацыі, прыцягненьне ўвагі да прадухіленьня, выяўленьня і лячэньня гэтага захворваньня.
XS
SM
MD
LG