Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна дапамагала пераадольваць страх і дэпрэсію


4 лютага — Міжнародны дзень барацьбы з ракавымі захворваньнямі. З 2005 году яго правядзеньне арганізоўвае Міжнародны супрацьракавы зьвяз. У Беларусі ўвагу грамадзкасьці да праблемы ракавых захворваньняў прыцягвае грамадзкая арганізацыя “У промнях надзеі”. Адной з заснавальніц гэтай арганізацыі была Ірына Казуліна.

Ірына Казуліна — жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты і палітвязьня Аляксандра Казуліна — выступіла з ініцыятывай стварыць грамадзкую арганізацыю ў падтрымку жанчын, хворых на рак малочнай залозы, у 2002 годзе. На той момант яна ўжо мела ўласны досьвед барацьбы з гэтым захворваньнем і намагалася падзяліцца досьведам зь іншымі ахвярамі раку. Узгадвае дачка Ірыны і Аляксандра Казуліных Юлія:
Яна заўсёды хацела дапамагаць людзям ...

“Яна заўсёды хацела дапамагаць людзям і заўсёды казала, што гэтую праблему нельга замоўчваць, ёю трэба дзяліцца і дапамагаць адзін аднаму. І толькі так можна выйсьці са стрэсу і дэпрэсіі і неяк спрабаваць стаць на шлях выздараўленьня. Яна — вельмі мужная жанчына. Для мяне б гэта было вельмі складана. Напачатку я дапамагала, апошнюю канфэрэнцыю я таксама дапамагала арганізоўваць. Мне прапаноўвалі надалей займацца гэтай працай, але для мяне гэта пакуль што вялікая рана ў сэрцы, і мне цяжка. А мама была вельмі мужным чалавекам, яна хацела людзям дапамагаць і дапамагала”.

У 2006 годзе Ірына Казуліна ўзяла ўдзел у канфэрэнцыі па пытаньнях лячэньня хваробаў малочнай залозы ў Вашынгтоне. У 2007 годзе пры дапамозе Ірыны Казулінай канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў 20 краін сьвету адбылася ў Менску. Аднак, каб дапамога хворым была сталай і даступнай, разам зь лекарам-мамолягам Леанідам Путырскім яны стварылі грамадзкую арганізацыю “У промнях надзеі”. Гэтая арганізацыя дзейнічае і пасьля таго, як у 2008 годзе Ірыны ня стала, кажа яе кіраўнік Леанід Путырскі:
Яна вучыла людзей на ўласным прыкладзе, як берагчы сваё здароўе ...

“Канечне, зараз мне вельмі не хапае Ірыны Іванаўны. Бо ўсе людзі, перад якімі выступае доктар, кажуць: яму ж трэба так казаць, бо ён доктар. А калі выходзіць жанчына, якая сама перамагла рак, і казала: даражэнькія мае, паводзіцца трэба гэтак і нельга рабіць так, то гэта было зусім іншае. Яна вучыла людзей на ўласным прыкладзе, як берагчы сваё здароўе. І галоўнае, што яна не баялася выступіць ні на радыё, ні на тэлебачаньні. Зараз, канечне, зьяўляецца больш жанчын, якія могуць пра гэта сказаць адкрыта, але ўсё ж такі ўсе баяцца. Вось Ірына Іванаўна нічога гэтага не баялася”.

У рамках грамадзкай арганізацыі “Ў промнях надзеі” Ірына Казуліна разам зь Леанідам Путырскім вялі асьветніцкую працу і псыхалягічна дапамагалі жанчынам, хворым на рак малочнай залозы. Гэтая праца не спыняецца і зараз: неўзабаве выйдзе з друку кніга “Гісторыя хвароб”, напісаная жанчынамі — сябрамі арганізацыі, рыхтуецца таксама новая канфэрэнцыя. Бо праблема раку малочнай залозы ў Беларусі вельмі актуальная: гэтае захворваньне выяўляюць больш чым у трох тысяч беларускіх жанчын штогод, кажа спадар Путырскі:

“Але, на нашу радасьць, хоць захворваньні і растуць, але запушчанасьць гэтых захворваньняў зьніжаецца. Гэта таму, што нават тое, што мы сёньня робім — даносім да нашых жанчын інфармацыю, — яно спрыяе таму, што жанчыны хутчэй зьвяртаюцца да доктара. Гэта вельмі прыемна і вельмі добра. Калі расьце дасьведчанасьць жанчын, то расьце і раньняе выяўленьне пухлін”.
XS
SM
MD
LG