Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ № 60 зробіць “празрыстымі” ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў


“Свабода” працягвае абмяркоўваць сытуацыю вакол прэзыдэнцкага ўказу № 60, якім ад 1 ліпеня 2010 году дзяржава зьбіраецца рэглямэнтаваць нацыянальны сэгмэнт інтэрнэту. Якія наступствы новага дакумэнту прадказваюць экспэрты?


Дырэктар спэцыялізаванага выданьня “Компьютерные вести” Дзьмітрый Нізоўцаў лічыць, што “прычасаны” (у параўнаньні зь леташнім праектам) указ не выклікае асабліва нэгатыўнай рэакцыі. Аднак цяжка спрагназаваць, якімі падзаконнымі актамі ў пэрспэктыве будзе кіравацца куратар праекту “ўпарадкаваньня” беларускага сэктару інтэрнэту — Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта:
ўсё вырашыцца ў працэсе прыняцьця дадатковых дакумэнтаў, падзаконных актаў ...

“Сам па сабе ўказ нічога страшнага нібыта не нясе. Бо ў праекце былі рэчы зусім незразумелыя. Але ўсё вырашыцца ў працэсе прыняцьця дадатковых дакумэнтаў, падзаконных актаў. Ад іх, канечне, можа шмат што зьмяніцца. Ёсьць спрэчныя моманты, якія потым будуць актамі рэгулявацца, і тады ўсё можна будзе павярнуць па-любому. Як і зь іншымі законамі, у нас шмат залежыць ад выкананьня на месцах, бо часам даходзіць да неадэкватных рэчаў… Увогуле ж практыка зносінаў у інтэрнэце нашага сэгмэнту і, скажам, ангельскага — гэта неба і зямля. Адрэгуляваць інтэрнэт можа сябе сам, як рэгулююцца адносіны ў грамадзтве. Канечне, якіясьці абмежаваньні павінны быць, але яны будуць рэгулявацца інтэрнэт-супольнасьцю. А гістэрыя, разьдзьмутая ў інтэрнэце вакол указу — гэта праява стаўленьня нашых людзей да заканадаўчых актаў. Падарвалі давер рознымі законамі. Гэта як у старым анэкдоце: пасьля чарговага клопату пра людзей самі людзі папрасілі больш пра іх не “клапаціцца”.

У офісе аднаго зь менскіх інтэрнэт-правайдэраў не хаваюць заклапочанасьці цьмянымі пэрспэктывамі. З указу вынікае, што апэратарам трэба рыхтавацца да непрагназаваных выдаткаў: калі раней тэрмін захоўваньня апэратыўнай інфармацыі пра кліентаў быў неакрэсьлены, то цяпер архіўныя дадзеныя давядзецца памятаць ня менш як 5 гадоў.
Адзінае пытаньне, якое завісае, — напэўна, з хатнімі сеткамі ...

“Думаю, што будзе сэнс нешта абмяркоўваць не раней, чым праз тыдзень, калі будзе хоць нейкае ўяўленьне, як тэхнічна гэта будзе рэалізоўвацца і што ад нас канкрэтна будуць патрабаваць. Таму што, як гаворыцца, указ указам, а яго выкананьне і разуменьне на месцах — гэта не заўсёды тое, што насамрэч у паперы напісана. То бок зараз мы, гэтаксама як і журналісты, спрабуем высьветліць: што ж насамрэч ад нас патрабуецца? І ўжо пасьля гэтага будзем прымаць нейкія рашэньні. Справа ў тым, што мы ў любым выпадку захоўваем статыстыку пра кліентаў. Але ў адпаведнасьці з указам тэрмін захоўваньня павялічваецца мінімум да пяці гадоў, то бок тэрмін вялікі. Ну, і, адпаведна, прадугледжваецца ідэнтыфікацыя кожнага карыстальніка, што, па сутнасьці, у нас таксама адбывалася. Па вялікім рахунку, мы ведаем нашага карыстальніка. Адзінае пытаньне, якое завісае, — напэўна, з хатнімі сеткамі”.

Юры Зісер
Кіраўнік унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы” Юрый Зісэр
у гэтым сэнсе ўдакладняе, што калі раней правайдэра прасілі падзяліцца зьвесткамі, то цяпер гэта давядзецца рабіць безь лішніх пытаньняў:

“Нічога асабліва новага яны не прыдумалі, бо гэта ў нас было практычна заўсёды. Проста ў пэўнай ступені тое было не зусім законна, бо праваахоўныя органы папросту прыходзілі і па апэратыўнай патрэбе “прасілі” здаць карыстальніка. Цяпер жа нікога прасіць ня трэба, бо адпаведная норма патрапіла ва ўказ, вось і ўсё”.

Кацярына Сьмірнова
Кіраўніца групы аналітыкаў фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова
лічыць, што закладзеныя ў нормах указу артыкулы па-сапраўднаму можна будзе “расшыфраваць” хіба што ў траўні, калі Савет міністраў сваёй пастановай павінен зацьвердзіць парадак дзейнасьці нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту. Але што тычыцца банкаўскай сфэры, то яна ня бачыць падставаў да пагаршэньня сытуацыі: фінансавая галіна ўжо даўно пад пільным кантролем наглядных структураў як у рэальным сэктары, так і ў сеціве:

“Існуе спэцыфіка: нешта выходзіць, дзесьці штосьці не дадумаюць, і пачынае ўсё ісьці крыва-коса. Але гэта сытуацыя збольшага працоўная. Таму хочацца разьлічваць, што ня будзе істотнага зацягваньня паясоў, хоць усё яшчэ будзе рэглямэнтавацца ў траўні, калі будзе вызначаны пэўны парадак. Пакуль жа на бліжэйшыя месяцы не выпадае чакаць нават пастановы ўраду.

Але што тычыцца банкаўскай сфэры, то яна дзейнічала і зараз дзейнічае ў прававым полі Беларусі. Сайты ў іх разьмешчаныя на мясцовым хостынгу. Таму нейкіх радыкальных зьменаў чакаць цяжка. Што, несумненна, радуе.

Гэта больш тычыцца інтэрнэт-гандлю, дзе яшчэ заставаліся нейкія лазейкі — быць адначасова на некалькіх сайтах і пры гэтым сваё аблічча завуаляваць. То бок указ зачэпіць нейкія такія “памежныя” рэчы. А што тычыцца фінансаў, то банкі па два разы перастрахоўваюцца, паколькі яны пад наглядам ня толькі органаў агульнага парадку (той жа Дзяржкантроль іх часта правярае), але і Нацбанк трымае ўвесь час руку на пульсе”.



Экспэрты ўсё часьцей выказваюць боязь, што ў спробе ўпарадкаваць інтэрнэт усё больш выразна прасочваецца кітайскі досьвед змаганьня зь віртуальнай прасторай. І час, калі на “просьбу працоўных” можна будзе практычна легальна фільтраваць непажаданыя сайты, ужо не за гарамі.
XS
SM
MD
LG